Выбрать главу

— Слухай, а чаму людзі жэняцца?

— Ну, каб пакінуць сьлед пасьля сябе на зямлі. Дзяцей… Яны — наш працяг.

— Не, гэта ясна, а ты мне скажы: навошта?

— Навошта? Каб распавядаць адзін адному сны… каб цесьцю было з кім глядзець футбол… а свякрусе было з кім абмеркаваць суседку…

Яна зірнула на яго з павагаю — упершыню, мусіць, за ўвесь час іхнага знаёмства.

— Гэта так… А я яшчэ думаю — каб трахацца спакойна, легальна, не хавацца, не чакаць, што ў дзьверы ў любы момант могуць пазваніць…

Ён флегматычна прамовіў, душачы ў бляшанцы недапалам.

— Разумная думка.

— Прынамсі, у мяне ўсё выйшла менавіта так. Я вучылася ў гэтым долбаным інстытуце, у нас кожная марыла выйсці замуж за замежніка або за бандыта. Пазнаёмілася зь Юрам… Ён сказаў: ня трэба табе інстытут, я цябе сам навучу ўсяму. Я ж цяпер на курсы ўсялякія хаджу, вось так… Зь Юрам у мяне поўная свабода зьявілася: што хачу, тое раблю. І цяпер я вось думаю: гэта не каханьне, гэта… Шлюб — гэта абмен. Я дазваляю сабой карыстацца, а ўзамен атрымліваю грошы, свабоду, і, галоўнае, незалежнасьць ад бацькоў. Ведаеш, у першыя месяцы я толькі тым і займалася, што парушала бацькоўскія абмежаваньні. Потым насыцілася…

— А муж зараз дзе?

— Ня бойся, ён толькі пасьля васьмі прыедзе. Што, адчуваеш сябе на вышыні? Такога мужыка змог абставіць, так?

— Ды не, я…

— Ды добра ўжо табе… Цешся, давай. Люблю, калі людзям добра. Нешта ў табе ёсьць такое… Толькі вось што… У, як узгадаю, якімі вачыма ты на мяне глядзеў у той раз… Страшна становіцца. А ты праўда пісьменьнік?

— Праўда.

— І што, як пішацца? Я чытаць люблю. «Парфумэр» — рэч, так? Я толькі заўважаю…

Яна нахмурылася, і гэта, як з захапленнем адзначыў Стах, зноў ператварыла яе ў ляльку. Ну і дзень сёньня.

— …заўважаю, што ў нас добрых кніжак ужо ня пішуць. Няма чаго чытаць. Што ні вазьмі — усё нейкія перапрацоўкі.

— Гэта вельмі сур'ёзная тэма, пра што ты кажаш. Разумееш…

— А ты Ерафеева чытаў?

— Разумееш, цяпер такая эпоха… постмадэрн паўсюль… ды і ён ужо сыходзіць… Усё напісана да нас. Усё, усё на сьвеце напісана. Я пераканаўся: літаратура — скопішча ўнівэрсальных сюжэтаў. За што ні вазьміся, як ні вычварайся…

Стах сам не заўважыў, як захапіўся.

— …заўсёды знойдзецца знаўца, які скажа — гэтая тэма была, гэты сюжэт ужо быў. Навогул, існуе некалькі дзясяткаў сюжэтаў, і любы твор любой эпохі можна падагнаць пад адзін зь іх. Вось, напрыклад, вазьмі любы твор…

— «Чабурашка».

— Ну, гэта… Ну няхай будзе чабурашка. Галоўны герой — самотнік сярод варожага сьвету, да таго ж ён, кшталту князя Мышкіна, ён… Чабурашка шукае апірышча між жорсткага асяродзьдзя. І яшчэ — ён прадукт грамадзтва, якое прызначала яму ад пачатку ролю цацкі ў руках іншых, больш магутных істотаў. Ну, карацей, ты ўжо зразумела, што падобных сюжэтаў, падобных праблемаў у літаратуры…

Тая засьмяялася, між крысься паліто зьявілася таямнічая шчылінка.

— Хаця мне, — натхнёна працягваў Стах, — гісторыя Чабурашкі больш нагадвае… Чабурашка й кракадзіл Гена падобныя нечым на Шэрлака Холмса й доктара Уотсана…

— Ватсана, — паправіла Тая рашуча. — Зразумела. Слухай…

— Шчыра кажучы, — працягваў не пачуўшы яе Стах, — я — адзін з апошніх мастакоў. Хутка ўсё мастацтва стане адной бясконцай цытатаю для будучых пакаленьняў. І тады мастакоў ня будзе, застануцца адно крытыкі й мастацтвазнаўцы. І цяпер у мяне крызыс, разумееш, крызыс, за што ні вазьмуся — гэта ўжо было ў кагосьці… у дэталях, у сюжэце, у характары… а! Канец мастацтва, усё новае — добра забытае старое, і для мастацтва гэта трагедыя. І таму трэба шукаць новыя формы, ня гэтыя ўсе навамодныя выбрыкі, а…

— Слухай, — Тая нечакана падсела бліжэй і нават пацерлася шчакой аб Стахава плячо. — Я тут таксама паспрабавала нешта такое напісаць, і хачу табе паказаць. Можа, ацэніш, паправіш, калі што ня так. Ну, я хачу, увогуле, ведаць, як гэта зь літаратурнага пункту погляду, а зьмест каб застаўся, зьмест там вельмі важны. Давай я табе прынясу ў наступны раз, а?

Стах паглядзеў разгублена. Не хапала яшчэ… Можна сабе ўявіць, што напісала там ягоная каханая. Нічога прыстойнага чакаць нельга. Графаманія, мусіць, суцэльная. Карыстаецца мной, як хоча…

— А калі мы ўбачымся? — спытаў ён, пагладзіўшы ёй сьпіну.

— У наступныя выходныя, вядома ж… А цяпер мне час ісьці… Ісьці… Ну пацярпі ж да наступнай суботы… куды ж ты лезеш, жывёла… пацярпі, ну… жывёла, самец…