Выбрать главу

На наступным тыдні, у вадзін зь цёмных, сонных ранкаў, Кірыла Антоныч сунуў Стаху газэту. Пад рубрыкай «Пагаварым па душах» буйным курсівам быў набраны загаловак — «Мы чакаем дзетак, Стах!», ніжэй касабочыліся дзьве невялікія каленкі неахайнага тэксту. Матэрыял пачынаўся словамі «Са Стахам (а менавіта так папрасіў называць яго герой нашага аповеду) я сустрэўся на ягоным працоўным месцы. А дзе ў маляра працоўнае месца, ведае кожны, хто знаёмы з жыцьцём заводу — цяпер, падчас усеагульнай рэканструкцыі, гэта, бадай, усё Прадпрыемства. Маляр у гэты час як марак: сёньня тут, заўтра там…» Далей ішоў да непазнавальнасці адпрасаваны Ждановічам маналёг Стаха. Сканчаўся артыкул так: «Мае Стах незвычайнае хобі — маляваньне. Як прыемна адпачыць пасьля цяжкага працоўнага тыдня на лецішчы, усталяваць на бальконе мальбэрт і паляваць на тыя няўлоўныя імгненьні, якія дорыць нам усім прырода позьняй восені!

Напрыканцы сустрэчы я, ведама ж, запытаўся ў нашага юнага героя: калі ж ён прымецца за заснаваньне сваёй працоўнай дынастыі, калі пачне гадаваць для прадпрыемства новую зьмену? Малады маляр зьбянтэжыўся, было відаць, што ён упершыню чуе пра пункт 9 калектыўнае дамовы, які патрабуе ад кожнага работніка прадпрыемства ажаніцца, выгадаваць ня менш за трох дзетак, якія па дасягненні паўналецця мусяць папоўніць шэрагі нашых працоўных. Пра што гэта кажа? На шчасьце, пакуль толькі пра тое, што кепска пастаўленая праца на мясцох па прававым інфармаваньні завадчанаў. Нашая газэта ўжо ня раз зьвяртала на гэта ўвагу кіраўнікоў сярэдняга зьвяна. Відаць, ня ўсе адказныя таварышы на гэты момант усьвядомілі, што ігнараваньне праблемы б'е ў першую чаргу па іх саміх.

Алег ЖДАНОВІЧ»

У пятніцу пасьля абеду Кірыла Антоныч паклікаў Стаха да сябе. Астатнія ўжо рыхтаваліся да штурму чарговае сьцяны, прагна паглядаючы на яе зьнявечаную, аблупленую паверхню, што проста маліла пра дапамогу — не адно пакаленьне работнікаў прадпрыемства мачылася сюды, крэмзала тут кароткія хоку, не адно пакаленьне заводзкіх маразоў шкрэблася па ёй, шукаючы шчыліны, не адзін прамысловы дожджык займаўся аналізам ейнай душы. Тужліва пазіраючы на такое багатае поле дзейнасьці, Стах стаяў з пэндзлем у руцэ перад дзядзькаю, які заклапочана корпаўся ў вадчыненай скрыні.

— Як казаў Язэп Бэндэр, мне спатрэбіцца ад вас, Шура, мноства дробных паслугаў,— падняўся нарэшце Кірыла Антоныч і пасьміхнуўся, што бывала зь ім ня так ужо часта. Але ўсьмешка тут жа згасла. — Калі сур'ёзна, Стах, справа вось у чым. Будзь такі ласкавы, аднясі вось гэтыя паперы (паперы пацьвярджальна зашаргаталі ў мазолістай дзядзькавай далоні) Васіль Васілічу ў экспэрымэнтальны цэх. Вельмі трэба. Згодны? Няма каго больш пасылаць, ты ж у нас самы малады. Заадно й з прадпрыемствам бліжэй пазнаёмішся. Дабро? Цэх ведаеш дзе? Ён далекавата, давай патлумачу.

Кірыла Антоныч задумаўся. Ён доўга стаяў, хмыкаючы, глядзеў на Стаха з сумненьнем, потым пачаў крэсьліць нагой па засыпанай пілавіньнем падлозе. Аднак неўзабаве крык незнаёмага чалавека ў скураной куртцы, які палову дня тырчэў разам з малярамі, раз-пораз уводзячы Кірылу Антоныча для інтымнай размовы ў чырвоны куток, ня даў дзядзьку дамаляваць схему маршруту.

— Выйдзеш, пройдзеш уздоўж вялікага вунь таго… белага… ну ты ведаеш, — таропка прамовіў ён, падштурхоўваючы Стаха да выйсьця, — Там налева, да брамкі… там брамка будзе… і спытаеш, дзе экспэрымэнтальны. Вельмі цябе прашу, зрабі.

Стах паставіў на мейсца пэндзаль, уздыхнуў, схаваў у кішэню паперы й рушыў да дзьвярэй. — Э, стой! — Кірыла Антоныч зноў бег да яго. — Вазьмі! яшчэ гэта Васілічу перадасі, асабіста ад мяне. Ну' давай!

Нацягнуўшы каўнер курткі на самыя вушы, Стах выйшаў на вуліцу й пакрочыў міма доўгага й белага, нібы самалётны ангар, будынку насустрач невядомаму экспэрымэнтальнаму цэху — таемнаму месцу, дзе прадукцыя прадпрыемства праходзіла першыя апрабаваньні. У левай кішэні пытальнікам выгнуліся загадкавыя й, відаць, вельмі важныя дакумэнты ў мутным цэляфане, правая кішэнь зьмясьціла ў сябе скрутак тоўстага дроту, адзін з канцоў якога пагрозьліва тырчэў і паколваў лёганька Стахаў бок. Ужо празь некалькі мэтраў скрутак вываліўся з кішэні й востры канец нібы стрэлка компасу ўпэўнена ўказаў накірунак. Стах падняў яго, схаваў на месца й вырашыў прытрымліваць рукою. Тым ня менш Стах яшчэ не дайшоў да тых вялізных дзьвярэй, якія дзялілі будынак амаль напалову, як дрот нейкім неверагодным чынам здолеў пралезьці між зьмерзлых Стахавых пальцаў і зноў ляпнуўся ў салёны брудны сьнег. Стах нахіліўся…