— Правільна, у гаспадарцы ўсё прыдасца, — пачуў ён голас за сьпінай.
Гэта была Сьняжана, маляр зь іхняй брыгады — дзіўна, як гэта Стах яе не заўважыў. Ад першага дня Стахавай працы тут яны гулялі ў лёгкі флірт, яна заўсёды старалася гаварыць яму ў тон і пастаянна млява мружылася, рухаючы ненармальна вялікімі вейкамі, калі Стах апынаўся ў межах бачнасці. Па шчырасці, Стаху яна была зусім не даспадобы: высокая, габарытная, фарбаваная бляндынка з абавязковымі залатымі зубамі ў куточку барвовага роту, аматарка складваць губы марскімі вузламі, якія сама Сьняжана лічыла нявіннымі банцікамі, уладальніца сотні, ня меней, высачэзных ботаў і пэрспэктыўных грудзей. Сьняжана ў вачох Стаха, зрэшты, мела і адну вельмі прывабную рысу — зь ёй заўжды было лёгка. Яна з задавальненнем смяялася ўсяму, што б ні прамовіў Стах, і гэта давала яму зманлівае, але надзвычай прыемнае адчуванне таго, што ён здольны ачароўваць жанчын адной толькі размоваю — варты павагі талент, якому пазайздросціў бы сам генэральны дырэктар. Самым жа каштоўным у Сьняжане было тое, што яна зьяўлялася жанчынай, маладой жанчынай з усімі неабходнымі атрыбутамі спераду, зьнізу і ззаду, — марай маляра.
— Тваё ймя пасуе надвор'ю, — сказаў Стах, падымаючыся й выціраючы скрутак дроту аб нагавіцы. Ён мог бы сказаць і што-небудзь яшчэ больш пазбаўленае сэнсу — Сьняжана зарагатала так, быццам сам Леанарда Дзі Капрыё вырашыў пацалаваць ёй пятку. Затоўкваючы сьмех назад у горла, яна сказала празь слёзы:
— Я бачу, зь цябе добры гаспадар выйдзе… А ты ў нас герой, аказваецца, у газэтах пра цябе пішуць. Антоныч паказваў…
Стах пагардліва пасьміхнуўся, адвёў вочы й нечакана ўшчыпнуў яе за сьцягно. Няўдала пераступіўшы бялелую пад нагамі лужыну, ён рушыў далей. За сьпінай было ціха. Пакрыўдзілася, падумаў ён лянотна. Стах узгадаў, як пабачыўшы іх са Сьняжанаю разам, Дзеленстап Каўкомавіч заявіў праз Цыцку: «Я патрабую камсамольскага вясельля!» Хахмач стары… Якая істота ў сьвеце няшчасьнейшая за жанатага мужыка? Хіба што мужык, які жаніўся ў другі раз. Бяспраўная істота для здабываньня грошай. Не, творчы чалавек мусіць быць адзін, бо мусіць быць вольны. Так, вольны.
Гэткім чынам думкі Стаха лягічна прыйшлі да ягонай каханкі, гэтай дзіўнай, чэрствай васьміклясьніцы, ад аднаго вобразу якой Стаху апякала ніз жывата салодкаю хваляй, а на запясьцях ажывалі калючыя дрыжыкі. Незвычайную ж узнагароду атрымаў ён за творчыя пакуты… Рызыкоўная гэта справа. Хто ведае, што ў яе за муж? Толькі б не катаваў, толькі б забіў адразу. А, будзь што будзе. Не адмаўляцца ж ад шчасьця, калі яно само рассоўвае перад табой ногі… Галоўнае — ня думаць. Ня думаць, а браць. Браць пакуль даюць.
Разважаючы, Стах дабраўся ўрэшце да рогу вуліцы й павярнуў, як і было прадпісана, налева. Удалечыні сапраўды жаўцела брамка. Запаліўшы, каб скараціць шлях, і схаваўшы цыгарэту ў рукаў, ён накіраваўся па падступным сьнезе туды. За брамкаю стаў відзён аднапавярховы дамок, за ім узвышаліся цёмныя нагрувашчаньні карпусоў. Хутка ён дасягнуў мэты, брамка безь перашкодаў паддалася, нават ня рыпнуўшы. За ёю пачынаўся абсалютна незнаёмы раён прадпрыемства, куды Стаха яшчэ ніводнага разу не закідвала малярская неабходнасьць. Ля дому разьмяшчаўся невялічкі парк, праз краты пацепаных дрэваў было відаць мокрую няўтульную альтанку з таблічкай «Месца для курэньня».
Трохі больш пасьпешліва, чым было трэба, Стах наблізіўся да дому ды расчыніў дзьверы. За круглым сталом каралі, дамы, вальты розных масьцей, падобныя на актораў пагарэлага тэатру, гулялі — моўчкі й засяроджана — у групу рабочых, адзін зь якіх павярнуўся да Стаха, і астатнія адразу ж навісьлі над сталом, таропка запамінаючы чужыя карты.
— Не падкажаце, дзе экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца? — нерашуча запытаўся Стах. — З-зачыні дзьверы, дзьме! — гістэрычна выгукнуў нехта з гульцоў.
— Экспэрымэнтальны? — перапытаў той, што павярнуўся. На гэтым размова скончылася. Гульцы працягвалі свой занятак, нібы ніякага Стаха ў дамку не было, нібы ніхто не ўскалыхваў тут густое паветра, якое, нібы фарба, мазала сьцены халоднай сьлізкай жоўцю. Маркотна пазіралі ў вакно выцвілыя кінаакторкі, развешаныя па кутох. Ссохлы памідор на падваконьні дадаваў няўтульнасьці памяшканню, фаталізмам патыхалі нерухомыя, сцятыя сьпіны мужчынаў, бязрадаснай і маўклівай, як папраўчыя работы, выглядала іхная гульня. І нават шыльда на супрацьлеглай сьцяне, якую Стах заўважыў толькі цяпер, натхняла чамусьці на думкі пра марнасьць чалавечага йснаваньня: «Газакампрэсарная станцыя № 031. Адказны за пажарную бяспеку Карніюк П. Л.» Стаху невыносна, да сьлёзаў, захацелася дахаты. Як школьніку малодшай школы, на якога павысіла голас маладая настаўніца. Ён уздыхнуў і наважыўся было выйсці. Але адзін з гульцоў падняўся, расчаравана шмякнуў калодаю пад носам у другога й прамовіў: