Выбрать главу

— Пачакай, я табе зараз пакажу… Зараз. Зараз пакажу.

Рабочы нацягнуў доўгія, да каленяў гумовыя боты, сарваў з прыадчыненай дзьверкі шафы плашч і паманіў Стаха рукой — сюды. Ён прайшоў да супрацьлеглай сцяны, і о цуд! — як часта гэта ўжо бывала са Стахам на прадпрыемстве, у сьцяне, што падавалася гладкаю й суцэльнаю, адчыніліся нечакана вузкія дзьверы.

За імі, як высветлілася, знаходзілася алея, зусім пустэльная, калі не лічыць крумкачоў у чорным спэцадзеньні, што праводзілі паседжаньне цэхавога камітэту. «За мной,»— махнуў рукой Стахаў праваднік і хуткай хадою рушыў наперад. Над алеяй, прыціскаючы сваімі груваздкімі ценямі да зямлі чэзлыя дрэўцы, урачыста навісалі пакрытыя ўнушальным нагарам будынкі. Пад нагамі шалясьцеў падобны на попел шэры сьнег. Недзе на ўзроўні пятага паверху муры сьвяціліся маленькімі байніцамі вокнаў. Будынкі раз-пораз перамаўляліся між сабою гулкім сланоўім енкам. Праваднік Стаха амаль бег, не абарочваючыся. Імкнучыся не глядзець уверх, Стах ледзь пасьпяваў за ім. Зьнянацку ў Стаху ўладна й хамавіта загаварыла стома. Адкуль яна ўзялася… Здаецца, не рабіў жа сёньня нічога адмысловага. Дахаты. Хутчэй бы дабрацца да ханаану сваёй канапы, да мяккай мацярынскай рукі на ілбе, да калюмбавай індыі гарачай вячэры. Праваднік ляцеў ужо са спрынтэрскай хуткасьцю. Відавочна, ён намерваўся ўцячы ад Стаха, але чамусьці не заварочваў, хаця такая магчымасць у яго была: час ад часу гэтыя карабельныя астовы абапал дарогі шчэрыліся цёмнымі паваротамі, дупламі калідораў, неасветленых порцікаў, адчыненых няхітрымі і ад таго яшчэ больш жудаснымі пасткамі дзьвераў, што вялі невядома куды. Вечар апускаўся на безнадзейную зямлю. Будынкі вакол станавіліся ўсё вышэй — сапраўдныя хмарачосы, аброслыя бранёю, дарога штокроку вузела. Стома параіла Стаху павярнуць, і ён болей ня змог працівіцца, на імгненьне спыніўся, азірнуўся назад, укамянеў. Той дамок, адкуль яны выйшлі невядома колькі хвілінаў таму, відаць не было, будынкі абапал дарогі амаль судакраналіся. Стах павярнуўся ў ранейшым накірунку — прыпыненьне дорага яму каштавала, праваднік далёка наперадзе цяпер хіба ўгадваўся, а мо, і тое была ілюзія. Але Стах вырашыў працягваць шлях. Ён паспрабаваў бегчы хаця б зь мінулай хуткасьцю, але тут яму не пашанцавала. Скрутак дроту выпаў з кішэні й зьнік на нябачнай зямлі. Ілюмінатары цахоў сьвяцілі на зьдзек высока. Стах апусьціўся на калені й перапэцкаў рукі ў нечым цягучым. «Ну што, лох,»— дакараў ён сябе, поўзаючы па шорсткім дне гэтай высачэзнай каменнай пасткі, як жук, кінуты дзеля забавы ў паштовую скрыню. «Ты думаў, што ўжо ведаеш больш-менш прадпрыемства, што пазнаёміўся з працаю ісьцінных пралетараў? Доўбня. Індзеец, панімаешты, таксама думаў.» Крыўляючыся гэткім чынам, ён міжволі пасоўваўся бліжэй да сцяны аднаго з будынкаў, на якой бледна выдзяляліся дзьверы з цьмяным чырвоным ліхтаром на іх, і наткнуўся на скрутак. Ужо не хаваючы яго ў кішэню, Стах рэзка выпрастаўся й кінуўся наперад. Кірыла Антоныч не зразумее… гэта сто працэнтаў. Таму — наперад. Адшукаць Васіля Васілевіча, паціснуць ягоную мазолістую руку, і да прахадной. А там мэтро, трамвай, жменька ўласнай стомы ў вагульны кацёл, дзесяць хвілінаў па прагнілай ад гопнікаў горцы, пад'езд і нарэшце ліфт, хаця адзіноту не гарантуе нават ён. Бяжы, Стаху, бяжы. Тое, што гэтая дарога мусіць скончыцца, ня факт. Але бяжы.

У цемры Стах ледзь не наляцеў на правадніка, у руцэ якога весела скакаў ліхтарык — гэткі самы, што выдаваў Стаху на лецішчы Дубраўскі.— Тэмп! — заскавытаў праваднік дзіка й выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітанні. Насамрэч ён паказваў — Стах пасьпеў за некалькі сэкундаў трохі агледзецца й заўважыць, што будынкі расступіліся, а дарогу пераразае аднакалейная чыгунка — на пляскатую плятформу, якая, нягучна пагрукваючы, досыць хутка аддалялася ў правы ад дарогі бок. — Туды! — закрычаў праваднік, піхаючы Стаха да чыгункі. На шчасьце, плятформа, якую цягнуў маленькі, бадай што цацачны лякаматыў, запаволіла крыху ход, і Стах не без праблемаў, але ўскочыў на хісткую паверхню. Неўзабаве яны разагналіся, праваднік зьнік з поля зроку, і Стах паспрабаваў, праўда, марна, распаліць цыгарэту, сарамліва засланяючыся ад ветру. Добра, што ён павярнуў твар — на брудным насыпе, падсвечаны зьнізу, проста ў твар Стаху разгарнуўся стужкай указальнік, што не дапускаючы сумненьняў абвяшчаў: экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца ў адваротным баку. Стах у вадчаі скочыў з плятформы на насып, вывіхнуў, відаць, нагу, плятформа атрэслася, быццам котка, якая вылезла зь ненавіснай вады, і хутка ад яе засталося толькі груканьне, што таяла ў прыцемках. Стах ляжаў тварам у цёплым гравіі, і адно гэта замінала яму зарагатаць. Вывіху ўсё ж, мяркуючы па ўсім, не было. Быў, відаць, моцны ўшыб, аматар сіняй, жоўтай і зялёнай фарбы, і Стах пасядзеў на насыпе, спакойна папаліў, скідаючы попел на канчаткова сапсаванае спэцадзеньне, у галаву ня лезла анічога, апрача партызанаў, рэйкавай вайны і аўстрыйскіх землямераў. Кульгаючы, ён рушыў у адваротным накірунку. Туды, адкуль прыйшоў.