Выбрать главу

Крокаў праз сто ў ягонай галаве гучалі ўжо млосныя маршы. Засынаючы на хаду, Стах брыў міма чыгункі, але патрэбнага скрыжаваньня ўсё не было. Ён паспрабаваў аблаяць мацюгамі казла-правадніка — атрымалася млява ды непераканаўча. Неўзабаве слых ягоны намацаў удалечыні раўнамерны шоргат, які, на шчасьце, не зьбіраўся йсьці супраць законаў фізыкі й па меры Стахавага пасоўваньня наперад усё гучнеў. «А магло й быць наадварот,»— абыякава падумаў Стах. — «Я пазнаю цябе, Таркоўскі. Ich kenne dich, Franz.»

Чыста вымеценую пляцоўку перад драўлянай будынінай, якую з двух бакоў падпіраў плот, падмятала, нізка сагнуўшыся, сівая старая.

— Не падкажаце, да экспэрымэнтальнага цэху далёка адсюль? — спужаў яе Стах, увадначас любуючыся кубкам, што стаяў на плоце, параю, якая прычэсвалася, купаючыся ў гэтым кубку, ліхтаром, што, падвешаны да брылёчку над ганкам, заліваў пляцоўку мірным сьвятлом. Кубак, пара, ліхтар, мяцёлка. Як чыста тут.

Старая разагнулася — паволі, велічна.

— А нашто табе? — спытала яна падазрона, агледзеўшы Стаха з усіх бакоў.

— Мне б знайсьці Васіля Васіліна.

— А нашто табе Васіль Васіліч?

— Не твая справа, старая, — адказаў Стах, губляючы цярпеньне.

— А ў руцэ ў цябе што?

— Дзе экспэрымэнтальны? — пайшоў на яе Стах, прыпадаючы на левую нагу, але ўзьняўшы ўгору драцяны скрутак. — Скажаш ці не, курва старая?

— А я падумала, пісталет, — з палёгкай прамовіла прыбіральшчыца, зірнуўшы на скрутак зблізку. — Ды не крычы ты, хлопец… Вось ён, тутака. Заходзь вось сюды, там Васіль Васілій у канцы калідору сядзіць, гарбату п'е з сакратаркаю.

Усё. Пасьміхнуўшыся, зь цяжкасьцю вытрымліваючы патрэбную адлегласьць між вейкамі, Стах няцвёрдым крокам рушыў да дзьвярэй. Ліхтар над ганкам ласкава папляскаў яго па плячы. Усё. Цяпер — толькі да прахадной.

Удар ззаду па патыліцы быў вытанчаны й мастацкі.

Ачомаўшыся, Стах знайшоў сябе на круглай паляне, прывязанага тросам да тоўстага слупа. Вакол стаялі людзі ў спэцоўках, ды й знаходзіўся Стах, безумоўна, на прадпрыемстве — на няроўным даляглядзе выразна віднеўся характэрны профіль галоўнага канвееру, а калі глянуць направа — плаўныя, жаноцкія абрысы ЦТСЛ.

— Прывядзіце Галіну Ігнацьеўну! — скамандаваў адзін з мужыкоў, па ўсім відаць, брыгадзір. Не мінула й хвіліны, як з-за ялінак (якія ялінкі? не было тут ніякіх ялінак) некалькі маладзёнаў, асцярожна ступаючы па закіданай нейкім ламаччам зямлі, вывелі старую індыянку, зморшчаныя грудзі якой боўталіся пад падбародзьдзем, нібы амулеты. Яе клапатліва правялі праз паляну й паставілі перад Стахам. Ён зірнуў са страхам у яе вочы. З пустых вачніцаў яму адказала сустрэчным позіркам справядлівасьць.

— Просім цябе, дарагая ты наша Галіна Ігнацьеўна, правер гэтага бледнажопага.

Кашчавая рука лягла на Стахаў твар. Стах чакаў, што яго зараз званітуе. Не, гэта было ня так гідка, толькі козытна. Ён з радасьцю ўсьвядоміў, што скрутак усё яшчэ ў руцэ, заціснуты ў кулаку, нябачны для тых, хто паланіў яго, Стаха, у гэты вар'яцкі вечар. Стах пачаў раскалупваць канцом дроту трос, і той паддаўся — зь неахвотаю, але паддаўся. Галіна Ігнацьеўна засланяла ягоныя маніпуляцыі ад прысутных, і ўсё гладзіла, вывучала, дасьледвала шурпатую скуру Стахавага твару мілімэтар за мілімэтрам.

— Ня ён.

У тое ж імгненьне Стах сарваў путы, піхнуў старую нагой у жывот, войкнуў ад болю й пабег да ялінак. Яны апынуліся паркавым сквэрам, дзе калісьці. Кал. Лісьце. Калісьці на… Сьвяціла ісьціна, цяпер калісьціна. Прадпрыемства ў іншым баку. А можа, кінуць тут гэты скрутак гробаны і паперкі ў сьнег. Яны пусьцілі сабакаў… і вось жа трамвай. У горадзе не дагоняць. Але Антоныч, і Дзеленстап Каўкомавіч, і Цыцка, і Сьняжана, і Мурло з Бурцэвічам, і Васіль Васіліч — добры ж, мусіць, мужычоккк… Зь імі як быць? Стах рэзка павярнуўся й з той жа хуткасьцю памкнуў насустрач перасьледнікам. Бо ў тым баку прадпрыемства, а ў гэтым, блін, што? Васіль Васіліч атрымае свой дрот. Свой дрот і свае паперкі. Пераследнікі заўважылі яго й зьбянтэжана прыпыніліся.