Выбрать главу

Прыкладна ўсё гэта ён выказаў Таі, зрэдку падносячы да вуснаў гарачы кубачак і абпальваючы гнюсныя балячкі, якія чырванелі там ужо трэці дзень. Тая патрабавала словаў яшчэ і яшчэ. Цыгарэта ў яе руцэ дрыжэла, язык раз-пораз на імгненне выскокваў са свайго ўкрыцьця і, аблізнуўшы куточак роту, хаваўся назад.

— Ты ня ведаеш, — сказала яна, калі запас словаў Стаха скончыўся. — Ня ведаеш, чаму я гэта пішу. Юрка мне здраджвае. Прычым адразу з дзьвюма бабамі. Проста як у кіно, а?

Тая нэрвова ўсхліпнула, пагасіла цыгарэту й тут жа запаліла яе наноў.

— Я прыйшла неяк у клініку, да свайго доктара, там дзьве дзеўкі такія сядзяць. Сядзім, трэплемся… Яны мне пра мужыкоў сваіх давай распавядаць. Слухаю, прыкалваюся, потым разумею…

Яна сьціснула ў кулаку кубачак, потым нагбом укінула ў сябе гарачую каву, скрывілася й працадзіла:

— Гэта мой Юрачка. Муж мой, блін, Юрачка-чэляс. Кабель сраны. Не магу. І тады я вырашыла, ведаеш, яно неяк само прыйшло, што адпомшчу менавіта так. Па-мойму, гэта страшна, калі зь цябе зрываюць усе твае таямніцы. Любы чалавек хоча мець асабістае жыцьцё, такія, ведаеш… ну, такое, каб туды ніхто не суваўся…

Стах слухаў, не адрываючы вачэй ад чытаньня, хітаў галавой, пазногцем падкрэсьліваў памылкі.

— Так жа? А пра тое, чым яго ванітуе, даведаюцца тысячы людзей. Хай падае потым у суд.

Тая ціха засьмяялася.

— Ты вось пісьменьнік, вазьмі й напішы пра гэта раман цэлы. А мая кніжка будзе такая… невялікая, і пра сапраўднае жыцьцё, пра жывога вось такога Юрачку. Я памятнік яму пастаўлю нерукатворны.

— Твая кніга будзе дакумэнтальная, — мэлянхалічна сказаў Стах.

— У цябе няма на прыкмеце выдаўца добрага? І ўвогуле, скажы мне што-небудзь яшчэ пра маю кнігу.

— Я ж сказаў ужо.

— Яшчэ.

Стах паклаў лісты ёй на калені.

— Добра. Калі шчыра, напісана досыць прыстойна, але… Вось ты мужа апісваеш. Ну і што. Атрымліваецца характарыстыка. Вялікая, падрабязная, але характарыстыка. Каго будзе цікавіць апісаньне нейкага левага мужыка, такое падрабязнае. Табе трэба дадаць сюды літаратуры. Прыгажосці. Мэтафараў, параўнаньняў. Эпітэтаў. Тропаў. Гіпэрбалаў.

— Чаго-чаго?

— У цябе мала ў кнізе прыметнікаў, ды й тыя, што ёсьць, нейкія аднастайныя, прымітыўныя. У цябе няма дынамікі, сюжэту, аповед не разьвіваецца, стаіць, як… замерзлая лужына.

«Добра сказаў,»— пахваліў Стах самога сябе й прадоўжыў:

— Трэба, каб чытач убачыў у тваёй кнізе разынку, тое, што адрозьнівае яе ад іншых кніг. Мы ўсе, людзі пішучыя, шукаем у сваёй творчасьці новых багоў і потым даем іх чытачам, каб тыя стваралі новыя рэлігіі. Людзі, якія сімпатызуюць якому-небудзь…

— Багоў? — рэзка перапытала Тая, на твары якой ужо даўно блукала нязгодная ўсьмешка. — Я раскажу табе пра прыроду белізны. Хочаш ведаць, як выглядае бог? Рэальны бог? Я зь ім знаёмая, і, калі хочаш ведаць, усе пісьменьніцкія й іншыя багі перад ім проста дзіцячыя лялькі. Блін, Стах, я распавяду табе, бо такім наіўным юнакам, як ты, даўно трэба прачысціць мазгі.