Выбрать главу

Гаў ду ю ду, місыс Празьнік! Сьвята пачалося ў пятніцу, як толькі надыйшоў час абеду. Але сталовыя ў ва ўсіх цахох былі зачыненыя, павары выходзілі з бакавых дзьвераў і няспешным шпацыруючым крокам рухаліся да заводзкага пляцу. Брыгада адправілася ў свае малярскія пакоі. Спэцадзеньне было ахайна павешанае ў шафы, маляры перапрануліся ў жоўтыя форменныя пінжакі — Стах таксама атрымаў такі, з вышытым на штрыфлі прыгожанькім пэндзлем. Дзеленстап Каўкомавіч уставіў у пятлічку абшчыпаны гвазьдзік, Цыцка расчасаўся на прабор, Мурло, увабраўшы грудзі, спырснуў пахі французскім дэзадарантам, Бурцэвіч пачасаўся электрабрытваю. Да мужчынскай часткі брыгады зазірнула Тацяна: «Мужыкі, а корпаюцца, як бабы.» Стах падхапіў сьценгазэту, загарнутую ў пунсовы аксаміт, і маляры выйшлі на двор. Паколваў прыемны марозец. Яны рушылі ў напрамку плошчы. Выйшлі на галоўную алею, зьмяшаліся зь іншымі каленамі, людзі былі ўсе сур'ёзныя, урачыста-ўзбуджаныя, нібы на пахаванні Сталіна. Так сталася, што Стах, які паддаўся агульнаму настрою, пайшоў у пэўны момант папярод усёй брыгады — яму падавалася, што іхная маленькая калена рухаецца надта ўжо марудна. Тут жа на плячо яму лягла рука Мурла. «Ня лезь папярод бацькі,»— ціха, але ўнушальна абдаў яму вуха параю Мурло. Не павярнуўшы галавы, на чале брыгады апынуўся Кірыла Антоныч. Стах жа замешкаў, і давялося яму да самае плошчы йсьці ў самоце паміж мужчынскім авангардам і жаночым крыклівым ар'ергардам, што, на агульны сорам, выглядаў неяк надта весела. Стах павольна рыпеў па ўтрамбаваным сьнезе і ў чарговы раз не пачуў, як яго дагнала Сьняжана.

— Зрабіў газэту? — запыталася яна, намагаючыся пакідаць пасьля сябе гэткія ж сьляды, што й Стах. — Угу, — правёў ён языком па верхніх зубах і сплюнуў. Яна з павагаю паглядзела на жоўты камочак і тарганула яго за рукаў:

— Ня холадна? Або цябе любоў грэе? Ну, сухар!

Невялікая заводзкая плошча, тая самая, адкуль Стах калісьці пачынаў сваё першае знаёмства з прадпрыемствам, была застаўленая нерухомымі людзкімі фігурамі. Сьнег тут расчысцілі, і цяпер тэрыторыю плошчы дзялілі на аднолькавыя квадраты тыя пліты, зь якіх яна была выкладзеная. Кожнага з работнікаў ставіў на прызначаны квадрат рухавы чалавечак, які не казаў ані слова — проста хапаў таго, хто прыйшоў, за талію й ставіў на належнае мейсца. Стах не адразу заўважыў на грудзёх чалавечка бэджык са словам «Распарадчык», а жвавы гэты абслугоўца выхапіў са Стахавых рук сьценгазэту й перадаў камусьці, і той перадаў далей, і далей… Стах пацягнуўся за нябачнай ужо ўласнасцю, і зараз жа голас Мурла ззаду з гатоўнасьцю прамовіў: «Так трэба.» Стах паціснуў плячыма й вярнуўся на свой квадрат.

Пакрысе плошча сьціхла. Строгае разьмяшчэньне людзей настройвала на вайсковы лад, хацелася калі не навыцяжку стаць, дык хіба мыскі ног рассунуць. Стах выгнуў галаву. Пад статуяй Прадукцыі на невысокай трыбуне грэлі рукі ў кішэнях дублёнак чалавек дзесяць у ваднолькавых мехавых капелюшах. Прадукцыя ўзвышалася па-над імі, нібы іхная маці, з чэрава якой яны толькі што ўсе выйшлі. Адміністрацыя. «Марлокін,»— прашалясцела па натоўпе. «Марлокін,»— прамовіў прыглушана Цыцка. «А хто там побач зь ім?»— «Замы,»— драматычным шэптам азваўся нехта з суседняй калены. «А баба тая хто?»— «Дык гэта ж Клюцкая,»— трохі гучней, чым дазволена, адказаў той жа знаўца. На яго цыкнулі, але вакол працягвалі ціха перамаўляцца. «А тыя хто, з краю?»— «Хто іх ведае.»— «Гэта не Прусевіч?»— «Не… Прусевіч у паліто.»— «А, гэта Ясіраў.»— «Ясірава я бачу, ён за Марлокіным стаіць, а гэты хер, напрыклад…»— «Нейкі новы.»— «Гэта з ураду,»— аўтарытэтным тонам прамовіў Кірыла Антоныч, — «Госці свята.»

Раптам па-над плошчаю засьвісьцеў, загрымеў гістарычны голас. Па эмацыйнасці яго можна было параўнаць хіба з голасам Гітлера, калі ён абвяшчаў у рэйхстагу вайну Польшчы. Голас апускаўся на сабраны натоўп як хлыст, даваў слухачам сэкундную перадышку, уздымаўся высока ў паветра й зноў лупіў па замерзлых вушах. Ніводнага слова нельга было разабраць, хаця мікрафон, па ўсім відаць, быў наладжаны цудоўна. Магчыма, у выступоўцы дэфэкт маўленьня, падумаў Стах, выціраючы мокры ад выдыхаемай пары нос. «Прадпрыемства, прадпрыемства,»— толькі й можна было зразумець, а Стаху навязьліва чулася: «Б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся…» «Хто выступае?»— прашаптаў ён паміж патыліцаў. «Марлокін,»— адказаў нехта збоку й перажагнаўся. «Генэральны,»— дадаў нехта ззаду закахана.