Выбрать главу

Высветлілася, што й словы наступных выступоўцаў сталіся неспасцігальнымі. Яны проста былі загучнымі, яны стараліся ахапіць увесь горад, гэтыя галасы, яны варочалі гарамі, калі трэба было ўсяго толькі насыпаць пяску ў гадзіньнік. І таму Стах з палёгкаю ўздыхнуў, калі ўсе аратары нарэшце выступілі, і з аграмадных дынамікаў Сафія Ратару заныла пра залатое сэрца. У натоўпе ўсчаўся рух, парушыліся ладныя шыхты, адміністрацыя й госьці прадпрыемства зьніклі з поля зроку. Людзі нетаропка пасоўваліся бліжэй да трыбуны. Стах, якога ззаду прыемна падштурхоўвалі напорыстыя грудзі, таксама быў вымушаны рухацца наперад, сладастрасна ціснучыся да паголеных, пахнучых фарбаю патыліцаў. Першыя некалькі крокаў ён яшчэ нэрвова пахіхікваў, адчуваючы пад сваімі ніжнімі рэбрамі нечыя бесцырымонныя локці, потым збоку наваліліся так, што грудная клетка Стаха, як яму падалося, зазьвінела ад напругі. Рука Стахава згубілася недзе зьлева, між шчыльна ссунутых плячэй рознага полу, расшпілены пінжак злазіў са Стахавага цела гэтак пераканаўча, нібы яго зацягвала адмысловая бязьлітасная монструозная сушыльня. Стах рвануўся, напружыўся — беспасьпяхова. Стала зразумела, што ён знаходзіцца амаль у самым ачагу даўкі. Побач хруснула, вылаяўся матам нехта, голас каго надта ўжо нагадваў голас Цыцкі. Незразумела, як гэта ўдалося, але натоўп здолеў на некалькі імгненьняў расступіцца. Цыцка ляжаў на цьвёрдым сьнезе ў такой позе, быццам быў на ім намаляваны. Стах нахіліўся над ім і адразу ж зразумеў, што гэта было памылкаю — людзі рушылі далей, бо канвеер святкуючых пачынаўся ня тут, ня тут сканчаўся й зусім не адсюль кіраваўся. На Цыцку наступіла ваяўнічая жаночая нага, прыкрываючыся сьцягам спадніцы, і востры мысок доўгага брунатага боту ўвайшоў Цыцку ў жывот. Адразу ж другая нага, шырокая, у кароткіх вараных джынсах, з-пад якіх тапырыліся валасы, без ваганьняў наступіла Цыцку на вусны. Людзі рухаліся да трыбунаў. Сафія Ратару ў шосты раз цягнула прыпеў. Стах, пачуваючыся як пад коламі звар'яцелага камбайну, здолеў усё ж такі выдавіцца з натоўпу, як паста зь цюбіку, ды ўстаць на ногі.

Перад трыбунаю зьмяіўся доўгі хвост людзей. Прагна заглынаючы паветра, Стах наступаў на пяткі Бурцэвічу, які чамусьці схаваў галаву ў плечы й варушыў пальцамі ў кішэнях пінжаку. Стах паспрабаваў азірнуцца, яму не далі, над плошчаю калыхаліся ў мутным паветры словы наступнай песьні: нешта про них и про нас. Загорнутыя ў палотнішчы зь лягатыпам прадпрыемства, уздымаліся высока ў неба мэталёвыя шасты, за якімі заклапочана ганяў фатографа Алег Ждановіч. Да трыбуны заставалася ўжо некалькі мэтраў. І нарэшце Стах змог разглядзець усё як сьлед: пад трыбунаю ў жоўтым аксамітным фатэлі сядзеў непрыкметны чалавек у дублёнцы й мехавым капелюшы. За ім гайдаліся высокія хударлявыя целаахоўнікі, а ля края трыбуны пра нешта перамаўляліся, пасміхаючыся, нібы пахваляючыся белымі зубамі, астатнія члены адміністрацыі й госьці. Пра цэсія з работнікаў урачыста прамінала чалавека ў фатэлі, і кожны, хто праходзіў міма, дакранаўся вуснамі да працягнутай яму рукі. Стах набліжаўся да трыбуны. Ён быў ужо зусім блізка, мог убачыць кожную зморшчыну на тварах кіраўнікоў, раптоўнае сонца ў іхных акулярах сьляпіла яму вочы. Пара зь іх іртоў далятала да Стахавага роту, упэўненыя іх словы штурмам бралі Стахавы вушы. «…аб'ём выпуску… Рудня… тая ў міні… а вунь тая… тэмпы…» Бурцэвіч нахіліўся над каральным і смачна прыклаўся да ягоных пальцаў, на адным зь якіх папераджальна ўспыхнуў пярсцёнак. «Гэта ўжо пераходзіць усялякія межы,»— падумаў Стах, адчуваючы ўнутры млосьць. Вуснамі, тымі ж самымі, якія пілі Таіну сьліну, якія працякалі ручаямі на яе смочкі,— гэтымі вуснамі дакранацца да валасатых пальцаў мужчыны, якога Стах бачыў упершыню ў жыцьці… Звольніцца. Звольніцца заўтра ж. Стах сам не разумеў, што за сіла стрымлівае яго, і чаму вясёлае слова «Заява» цяпер ужо не выклікае ў яго таго ўздыму, які калісьці, нібы паток свежага паветра, ратаваў Стаха ад рамесьніцкай смерці. Цалаваць пальцы генэральнага… А зрэшты, чаму б і не? У гэтым дзеяньні абсурду ня болей, чым, напрыклад, у цалаванні ілба мёртвага дзядулі, што ляжыць у труне нібыта ў ваньне. Дык тут хаця б жывога чалавека цалуеш, зь любога боку, зь якога ні вазьмі, жывога, ды яшчэ ня самага горшага, — дырэктара буйнога прамысловага прадпрыемства, разумнага, прадпрымальнага, нармальнага мужыка. А дзядуля, васковы халодны лоб якога Стах цалаваў, будучы яшчэ недабітым піянэрам, у параўнанні з Марлокіным быў поўным убоствам, смярдзючым алькаголікам, які трэціраваў маці, жлукціў з ранку да вечара вадкасьць ад паценьня ног ды забаўляўся з унукам тым, што вучыў малога лаяцца па мацеры. Так што цалаваць Марлокіна, па разважаньні, апыналася значна менш брыдкай справаю. Ды што тут цяжкага? Сэкундная апэрацыя. Ніхто ж не прымушае цябе смактаць яму пальцы. Лёгка дакраніся ды йдзі далей. Дакраніся… Пальцы Марлокіна пахлі дарагім дэзадарантам, пазногці былі каротка абстрыжаныя, на запясьці ягоным таямніча гарэў цыфэрблят гадзінніку бяз стрэлак. Стах разагнуўся, намагаючыся не парушаць заведзенага тэмпу, а душа Стахава сьпявала: здолеў! Марлокін з млявай усмешкай павярнуўся да астатніх членаў адміністрацыі й нешта прашаптаў. Стах ужо адыходзіў, калі сухая рука ў блёстках пярсьцёнкаў спаймала яго руку й сунула нешта ў Стахавы пальцы. На трыбуне паблажліва запляскалі. Стах пакланіўся й з пачуцьцём добра выкананай справы саступіў месца Мурлу. Паглядзеў на падарунак генэральнага — стракаты каляндарык зь лягатыпам прадпрыемства. Схаваў на сэрцы — адзіная на пінжаку кішэнь знаходзілася менавіта там.