Цалаваньне цягнулася яшчэ доўга. Тыя, хто ўжо выканаў пачэсны абавязак, разьбіліся на купкі. Маляры стаялі недалёка ад прахадной, палілі, сплёўвалі ў сьнег. Стах узбадзёрыўся, тая адлегласць між ім і ягонымі калегамі, якая настойліва дэманстравала сябе ад пачатку сьвята, кудысьці падзелася, цяпер ён пачуваўся роўным сярод роўных. Побач стаяла Сьняжана, Мурло распавядаў непрыстойныя показкі, і зьвяртаўся больш да Стаха, чым да астатніх, але сьмяяліся ўсе, і нават Кірыла Антоныч. Цеснае кола грэла Стахава самалюбства, ён удаваў на твары грубаватасьць, лавіў свой адбітак у шкле прахадной, і яму падавалася, што грубаватасьць такая вельмі пасуе ягонаму твару. «Ой, а можна паспрабаваць!»— Сьняжана ўзяла са Стахавай рукі цыгарэту, з фальшывай няўклюднасьцю зацягнулася, тэатральна закашлялася: «Брыдота!» Маляры засьмяяліся, і Стах гучней за ўсіх.
Нарэшце першая частка сьвята скончылася. Рэпрадуктары ўладнымі галасамі запрасілі ўсіх перайсці ў тэрмічны цэх. Там, як з жахам даведаўся Стах, мусіў прайсьці конкурс цэхавых сьценгазэтаў.
Распарадчык бегаў па агромністым памяшканьні, мітусьліва зрываў тканіну з фанэрных шчытоў, пад якой таіліся цнатлівыя тварэньні мазолістых рук і нізкіх ілбоў. Хаваючыся ў цені бела-зялёнага мэталёвага цыклёпу, які, склаўшы на грудзёх нягнуткія рукі, цярпліва чакаў панядзелку, Стах з палёгкаю аглядаў намаляванае канкурэнтамі. У большасці сваёй гэта былі пляскатыя, як партатыўныя стэпы, прымітыўныя, бедныя на аб'екты малюнкі, пазбаўленыя ўсялякай дынамікі, з убога вытыркнутай, ні ў чым не задзейнічанай прастораю. Да ўсяго шмат хто з гэтых самадзейных мастакоў хварэў, відаць, на касавокасьць. Шанцы на перамогу ўзрасталі незвычайна. Аднак усё вырашала журы. Яно ўжо тапталася ля ўваходу ў цэх, і, хутчэй за ўсё, даўно марыла пра банкет. Стаха прыціснулі да агрэгату, і Стах палічыў за лепшае ўскараскацца цыклёпу на плечы. Адтуль быў, дарэчы, лепшы агляд, і Стах нават мог чуць, пра што перамаўляюцца між сабою насупленыя члены журы, якія па запрашальным паклоне распарадчыка рушылі ў рэшце рэшт у вабход сьценгазэтаў.
Журы йшло досыць хутка, амаль не спыняючыся ля твораў, людзі ў дублёнках стараліся трапіць у нагу з Марлокіным, які кідаў на газэты павярхоўныя, зусім незацікаўленыя позіркі, ды варушыў задумліва тоўстымі губамі: «Добра… Добра… Някепска, так, някепска…» Стах з напружаньнем сачыў за генэральным, а генэральны набліжаўся да мэты. Уласная сьценгазэта падалася раптам Стаху такою роднай, такой шчымліва прыгожай, што ён ужо гатовы быў прабегчы па галовах, якія абыякава назіралі за шэсьцем начальнікаў, выскачыць да экспазыцыі, схапіць сваё дзецішча ды выратаваць, абавязкова выратаваць ад гэтага крыўднага марлокінскага «някепска». «Хвалюешся?»— са спагадлівай усьмешачкай задраў галаву Бурцэвіч. Марлокін падыйшоў да малярскай газэты, акінуў позіркам, рушыў далей. Стах міжволі заплюшчыў вочы. Ад каго, уласна, ён чакае справядлівай ацэнкі? Што, адміністрацыя на чале з Марлокіным або гэтыя адмарожаныя «госьці нашага прадпрыемства» — мастацтвазнаўцы ці мастакі…