Стах гучна выдыхнуў ды адплюшчыў вочы. Марлокін з усёй хеўрай стаяў каля ягонай сьценгазэты, смурна ўтаропіўшыся на каліграфічна выведзеныя радкі пра Сяльмаша Сяльмашыча. Астатнія члены журы нецярпліва глядзелі на дырэктара. Сэкунды, лямантуючы, ганяліся адна за адной па зялёнай лугавінцы Стахавага мозгу. Скажы што-небудзь, шэф, ну жа! Марлокін маўчаў. Маляры ўцямілі, у чым справа, і пераводзілі позіркі са Стаха на дырэктара, з дырэктара на Стаха. Ну жа!
— Плача, — пачулася нечакана сярод цішыні. Баязьлівы шэпт кагосьці з рабочых прагучаў як нябесныя грымоты. — Генэральны плача.
І сапраўды, па шчацэ Марлокіна паўзла, нібы палюючы на схаванага ў валасатым носе тушканчыка, драпежная сьляза. У паветры запахла аміякам. Члены журы насупіліся, і кожны намагаўся выціснуць са сваіх начальніцкіх нетраў належную, няхай і самую малую, кропельку. Твар Марлокіна яшчэ больш пазмрачнеў. Да яго нахіліўся адзін з намесьнікаў, раздумваючы, як бы гэта падалікатней ухапіць вяльможную сьлязу. Марлокін рашучым тэстам адагнаў яго.
— А добра ж, — прамовіў ён бясколерным, пустым голасам. — Як усё ж добра…
Генэральны салютападобна высмаркаўся.
— Зірніце, таварышы, — Марлокін павярнуўся да астатніх членаў журы. — Як?
Але члены журы ўжо ўсе як адзін любаваліся сьценгазэтаю, выдаючы на абазнаных у жывапісе калекцыянэраў.
— А? — Марлокін слаба пасьміхнуўся. На тварах астатніх адразу ж зайгралі кволыя падабенствы ўсьмешак, больш або менш падобныя да арыгіналу. Праўду сказаць, толькі адзін з гасьцей прадпрыемства ніяк не імкнуўся дагадзіць генэральнаму. Стоячы ў расшпіленай чорнай дублёнцы, ён флегматычна й нават трохі пагардліва глядзеў перад сабой і ўсім сваім выглядам дэманстраваў поўную незалежнасць.
— А? — Марлокін усьміхнуўся яшчэ шырэй, і тое ж зрабілі астатнія. Тады Марлокін раскаціста зарагатаў, і неўзабаве журы ў поўным складзе, за выключэннем флегматычнага госьця, які адно стрымана расьцягнуў вусны, рагатала, плявалася, парцалянава адлюстроўвала зубамі адно аднаго ды выцірала мокрыя вочы. Тут Марлокін заўважыў чалавека ў чорным, і сьмех ягоны няўлоўна сказіўся непрыязнай сутаргаю.
— Што скажаце, Аляксандр Барысавіч? — спытаў Марлокін празь сьмех, зьвяртаючыся да гэтага чалавека. — Як вам гэты… узор творчасьці нашых… ге-ге… работнікаў? Што скажаце, дарагі вы наш таварыш Радзівіл?
Радзівіл з прыкрасцю адкашляўся, незалежна пасьміхнуўся кончыкамі вуснаў і мэлядычна адказаў:
— Тамбоўскі воўк, даруйце за грубасць, вам таварыш, Канстанцін Сямёнавіч. Не забывайце, які час на двары, спадару генэральны дырэктар. Калі хочаце ісці ў нагу з часам, памятайце, што эпоха зьмянілася, і ня ўсе господа цяпер в Париже. А сьценгазэта выдатная, гэта праўда. Адчуваецца вялікі талент. Добрыя кадры рыхтуеце, Канстанцін Сямёнавіч.
— Ага, — пераможна ўсклікнуў Марлокін, і вочы яго памутнелі.— Я ж кажу… І таварыш Радзівіл… Знаёмцеся, дарэчы, хто яшчэ ня ведае, — Аляксандр Барысавіч Радзівіл, наш госьць, старшыня камітэту… камітэту… ну, няважна, карацей, самы пэрспэктыўны наш малады, так бы мовіць, гаспадарнік, так… Добрая газэта, выдатная, — голас Марлокіна станавіўся ўсё сур'ёзней. — Асабліва радкі гэныя… да сьлязы давялі… Эх… Та завадзкая прахадная, што ў людзі вывела мяня… Чыя сьценгазэта, кажаце?
— Маляры, таварыш дырэктар, — перад Марлокіным вырас распарадчык.
— Ну дык, як гэта гавораць… — прагнусавіў Марлокін. — Аўтара!
Добразычлівыя кулакі выпіхнулі Стаха прад вочы генэральнаму. Той працягнуў руку, але Стах, сам ня ведаючы чаму, укленчыў перад дырэктарам і ўпіўся ў яе вуснамі.
— Ну, ну, — з вачэй Марлокіна ледзь не бліснула яшчэ адна слязіна. — До, до… Парадаваў старога. Як зваць?
Адзін з намесьнікаў прашаптаў нешта на вуха Марлокіну ўсхваляванай скарагаворкай.
— Малайчына! Ступай. Ух, расчуліў…
Не зьвярнуўшы ўвагі на іншыя газэты, што ціснуліся да сьценаў пахілымі сьпінамі, Марлокін хуткім крокам пайшоў да выйсця. А рэпрадуктар ужо роў: «Першае месца ў конкурсе сценных газэтаў цахоў ды адзьдзелаў прадпрыемства заваяваў…» і г. д. Стах, якога білі па плячох усе, хто насіў на штрыфлі пэндзаль, зьбянтэжана раскрываў рот, але сказаць нічога ня мог. Прызналі… Упершыню… Першы посьпех… Як жа гэта ён мог сумнявацца… На шчацэ ягонай распускаўся густым барвовым цьветам шчодры пацалунак Сьняжаны. — Ну, прэміі нам забяспечаныя, — паўтараў Мурло. — Якое прэміі,— гундосіў Кірыла Антоныч. — За хлопца прыемна!