Выбрать главу

Між агульнай мітусьні Стаха не пакідала адчуванне, што на ім, як сонечны зайчык, блукае нечы зацікаўлены позірк. Калі ўсеагульная радасьць пачала пакрысе сьціхаць, ён аглядзеўся па бакох. Воддаль, паадстаўшы трохі ад астатніх начальнікаў, стаяў ля бела-зялёнага агрэгату той самы Радзівіл ды заклапочана, але сьветла й вельмі дзіўна пазіраў на шчасьлівага Стаха.

Народ высыпаў на плошчу. Рабочыя ў захапленні вохалі, лаяліся й храсьціліся: плошча была застаўленая палявымі кухнямі, каля якіх шчыравалі павары — сівыя дзяды, завешаныя ардэнамі, мэдалямі ды ордэнскімі плянкамі. Кожнаму жадаючаму, а прычасціцца бясплатнаю сьвяточнай ежаю жадалі хіба ня ўсе работнікі прадпрыемства, у бляшаную місу накладалі разварыстай пярлоўкі ды налівалі чысцюткай берасьцейскай гарэлкі ў малянкоўскія клясычна-рабрыстыя шклянкі. Многія выпівалі, хапалі жменяй хутка астываючую на марозе кашу ды спяшаліся зноў стаць у чаргу. Рух на плошчы разгараўся, людзі бегалі, сьмяяліся, недзе паблізу пятага мэханічнага цэху зайграў гармонік. Цямнела, адзін за адным па-над плошчаю запаліліся вялізныя пузатыя ліхтары, і вось ужо некаторыя падалі ў сьнег, па-жывёльнаму завываючы. Сьціх у дынаміках кабзон, і самы важны, самы моцны ліхтар асьвяціў сцэну. Там гулка завібраваў бубен, топнула табурэтачнай нагою паважная дама ў нацыянальным строі, ліха расьцягнуў пашчу гармоніку невысокі хлопец з накладным чубам. Пара маладых людзей студэнцкага веку з жарсьцю сплялася ў вабдымках і кінулася танчыць. Пад ненармальна вялікай балалайкай гінуў, адбіваючыся ад тоўстых, як тросы, струнаў, суханькі чалавек з п'янымі ачмурэлымі вачыма. Дама зараўла, вывяргаючы з роту тоны ватнай пары: «Ігдзе жа ты гуляла дзярэўня да на ценькі лес!!!» Маладзёвы сіпла прагаласілі: «Вух!» Бубнач калаціў свой інструмэнт, быццам прымушаў яго прызнацца ў страшным злачынстве. «Ансамбль „Яромка“!»— прагудзеў урачыста рэпрадуктар зьлева. «Пераможца-конкурсуўрдлоіконкурсуўіпртоіконкурсуўпвке!!!»— старанным мулою падтрымаў яго рэпрадуктар справа. «Толькі што з гастроляў паўсі!!!» Вакол сцэны імгненна сабраўся натоўп. «Аўтограф папрасі,»— стагнала работніца прадпрыемства, якая ня здолела прабіцца да яромкаўцаў, сваёй сяброўцы, якая лезла да сцэны па плячох калегаў, з задранаю да таліі форменнай спадніцай. «Вечна, бляха, кантралёры гэтыя шчэмяцца,»— нязлосна пракрычаў Бурцэвіч, рыхтуючыся да адчайнага скачку ў эпіцэнтар падзеяў. Палявыя кухні хутка пачалі зьбіраць рыштунак ды ад'язджаць у накірунку Плянава-аўтаномнага радыялягічнага адзьдзелу дастаўкі й забесьпячэньня. Многія з рабочых, ужо не зусім цьвёрда трымаючыся на нагах, накіроўваліся да цямнеючага ў канцы алеі прэсавага корпусу — там, як абвясьціў трэці рэпрадуктар, пачыналіся глядыятарскія баі.

Стах, які ўжо пасьпеў выпіць і з Кірылам Антонычам, і з Мурлом, і зь Дзеленстапам Каўкомавічам, і з Бурцэвічам, і — асобна — з цэлым гуртам размаляваных, пенаротых дзяўчатаў, торгаўся зараз у руках Сьняжаны, як пераламаная камышына, каля самай сцэны, намагаючыся мацней ухапіцца за яе не такі ўжо й тонкі стан, што ўпарта выслізгваў з рук. Яромка, які напачатку быў усяго толькі вясёлым казачком, скачучым пад замілаваныя воплескі дарослых, ператварыўся пакрысе ў заваднога жудаснага Вія, што прыняў парачку пігулак экстазі. Шалёная музыка жывілася вакханаліяй, пануючай на заводзкай плошчы, Яромка знаходзіўся ў сваёй стыхіі, і гэты рэдкі выпадак прымушаў музыкаў выкладвацца напоўніцу. Марыя Пятроўна вязала са сваіх грудзей мудрагелісты вузел і лямантавала ў мікрафон ня горай за Бона Скота, Мікола рваў гармонік так, быццам хацеў паглядзець нарэшце, што ж там ў яго ўнутры, Ягор біў у бубен галавой, Вікторчык фунікулёрам езьдзіў па апошняй жывой струне, а Жэня й Дзіна, здавалася, зараз злучацца проста на падмостках. Між музыкаў поўзала Эла Сямёнаўна, фіксуючы гэта ўсё на фотастужку са спакоем фотааматара з войскаў СС. Апрача таго, выступ «Яромкі» здымаўся на відэа і запісваўся на CD. Лепшы выступ за ўсю гісторыю ансамбля. На апошнім паверсе будынку адміністрацыі палала д'ябальскім сьвятлом шырокае й доўгае вакно — там адзначала Дзень прадпрыемства адміністрацыя.

Стах ужо літаральна вісеў на Сьняжане — да яго рэгулярна падыходзілі незнаёмыя людзі, дыхалі ў твар, білі па плячох, ціснулі пасінелыя Стахавы рукі. Яму падабалася знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, цяпер ён пачуваўся гатовым прайсьці праз усе кардоны й знайсьці Марлокіна, абняць Марлокіна, пацалаваць Марлокіна ў родныя вусны, занесьці Марлокіна на руках у яго рэзыдэнцыю, ды ці мала што яшчэ. Жанчыны вішчэлі, паўтараючы за Марыяй Пятроўнай: «Міленькі, мі-і-іленькі дружо-о-очак, пойдзем у садочак!» Стах пракрычаў гэта разам з усімі, але яму падалося, што занадта ціха. Дый навогул, неяк вяла гэта ўсё, вяла. Ён расшпіліў прарэх і памачыўся ў сьнег. «О-о-о,»— авіяцыйнай бомбаю прасьвісьцела, прагудзела вакол. «Я — Джым Морысан,»— сказаў ён Сьняжане. «А ты чаго такая задаволеная? Я — Джым на шчасьце лапу мне… Команбэйбі… лайкмайфая…» Да яго праціснуўся голы па пояс мужычок з залатым праваслаўным крыжом на валасатых грудзёх. «Я — Паша,»— сказаў ён дзелавіта. — «Хачу, ё, з табой выпіць, ё. Ты ж, ё, герой проста дня. Цябе як?»— «Джым,»— прамармытаў Стах. Паблізу нехта расклаў вогнішча, празь якое зараз жа пачалі скакаць голыя бліскучыя целы. «Джын маецца,»— сказаў мужычок, косячы вокам. — «Барысаўскі. А ты ў курсе, што Рулінскі з ЦЗЛ… ён летась конкурс выйграў… сабе харакіры зрабіў толькі што, ё. Зуб даю, ё. Каля тэрмічкі проста. Сур'ёзна, ё. Ну, давай.» Стах ужо няздольны быў зьдзіўляцца, як гэта ў яго сёньня атрымліваецца так доўга не ванітаваць. Паша адрыгнуў і задыхаў ля Стахавага носу: «Хадзем паглядзім, а, ё?»— «Ноу,»— скрывіўся Стах. «Не, хадзем,»— раптам запярэчыла Сьняжана. Яна вывалакла Стаха з натоўпу. За статуяй панавала ўжо ўсёпераможная цемра. «Можна тваю даму запрасіць?»— нядобрым голасам запытаў Паша. Але тут Стах упаў галавой у сумёт. «Ды ну вас,»— плюнуў Паша. — «Арганізмы слабыя, ё. Панажыраюцца, ні паё, ні пая.»— «Вось і добра,»— прамовіла Сьняжана, яшчэ глыбей зарываючы галаву Стаха ў сьнег. — «Адыходзь.» Паша ўшчыкнуў Сьняжану ды сыйшоў у цемень.