І праўда, праз парачку стагодзьдзяў Стах ачуняў. Сьняжана ўліла яму ў глотку грам пяцьдзесят і яшчэ прытрымала Стаху сківіцы, каб ня выйшла назад. Жыцьцё вярталася. «Холадна,»— прамовіў Стах невыразна. «Зараз будзе цёпла,»— сказала яна па-змоўніцку ды ўзяла яго за руку. «Зараз. Ідзем.»— «На харакіры?»— спытаў Стах слаба. Яна нецярпліва хінула галавой, і яны рушылі туды, дзе цемра зжэрла нават абрысы будынкаў і насякомыя лямпачкі.
Хутка й праўда стала цёпла. Рука Сьняжаны хваравіта падрыгвала, мацала Стахава запясьце, апранала на сябе дохлую чашую ягоных пальцаў. Зьвінелі правады на нябачных сьценах, Стах грудзямі наляцеў на дзьверы. Шумела галава, будынак, у якім яны апынуліся, меў нейкую складаную пляніроўку, бо сьцены тут бесперапынна размнажаліся, пачкаваліся, паміралі й зьяўляліся наноў. Нібыта Стах і Сьняжана беглі па маленькай чорнай плянэце, над якой тлелі закатаваныя зоркі, а іх, Стаха й Сьняжану, такую цёплую, усёразумеючую й такую заўжды зразумелую Сьняжану й такога выздараўліваючага тыфознага, як Стах, абступалі неадступныя маляўнічыя карты, цэлая калода картаў, і на ўсіх дамы, дамы, аголеныя тлустыя дамы, парнаграфічныя карты, дзе мяжа паміж парнаграфіяй, а, Сьняжанга, Сьняжангіна, Зьняць Жану! Ё. Іх прыняла на свае распусныя калені лесьвіца, якая паднялася, распрастала зацёклую сьпіну, і мы ўжо на трыццаць мэтраў вышэй за грэшную зямлю, і лесьвіца падскочыла, грэючыся, — вышыня ўжо шэсьцьдзесят, лесьвіца чакала так доўга, лесьвічная бактэрыя ў запячатанай бутэльцы каменнай вежы, і вось яны адкаркавалі бутэльку, ты адчуваеш пах? так гэта ліцейка, не? тады што адкажы вежа бяз даху я прынцэса я таксама хачу затачы мяне ў слановую костку даху тут няма тут зорнае неба над галавой мы дзьвюхгаловая пачвара, пакрыўджаны прадпрыемствам дракон. Сто мэтраў, сто пяцьдзесят мэтраў. Бачыш, тут такія шыльдачкі на сьценках. Вось і прыйшлі. Ё.
Яны стаялі на маленькай пляцоўцы, круглай і безвыходнай. Прадпрыемства ляжала ў іхных ног, успыхвала дзе-нідзе вагнямі, і з такой ачмуральнай вышыні падавалася, што ўнізе — выпаленая ўшчэнт бязьлітаснымі качэўнікамі зямля, дзе вугольле ў апошні раз нагадвае пра тое, што тут калісьці былі хаты, дзеці, плуг, каханьне, сад. Зьнізу ня чулася ані гуку. Ні адзін вецер не далятаў сюды ў гэты вечар п'яных пераможцаў і прагных сьняжанаў. Стах запаліў, цыгарэта ледзь ня выпусціла яго з рук. Залаты попел павольна паплыў у нябыт. Сьняжана стала да яго сьпінай, пагладзіла сябе па сьцёгнах. Сьняжана за імгненьне ператварылася ў два паўшар'і, што бялелі, нацэліўшыся на Стаха. Сьняжана стала кудлатым дымам, які йшоў з дзіркі на месцы яе шыі. Сьняжана стала пахам нямытага дзіцяці. «Давай жа,»— павярнула яна галаву й закусіла губу. — «Ну што ты як не мужык. Давай.» Стах пагрузіў твар у дым, схапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў. Так пахла мацярынская сумачка. Усё будзе добра. Яму падалося, ён рассек яе напалову. Падобна на тое, што ёй гэта нават спадабалася.
Час мінаў, і дарогі яшчэ некалькіх тыдняў прывялі да стылых і дзіўных суботаў. Гэтыя дні, раней такія насычаныя чаканнем, прагай, нейкім даследчыцкім энтузыязмам, пакрысе ператвараліся ў не пазбаўленыя прыемнасці, але ўсё ж аднастайныя і ад таго доўганудныя мерапрыемствы, у якіх Стах быў вымушаны ўдзельнічаць, нібы ягонае высокае палажэньне не дазваляла яму адмовіцца ад удзелу.