Выбрать главу

Такога кшталту разважаньні Стаха перапыніў Мурло, які зь дзіўным у гэтай цеснаце спрытам павярнуўся й гучна спытаў, аблізнуўшы перасохлыя губы і ўцягваючы яго ў нейкую размову:

— А ў цябе баба ёсьць?

— Аж дзьве, — у тон яму адказаў Стах і з прыкрасцю зразумеў, што казаць пра гэта нікому ня трэба было. Ды жаданьне пахваліцца такой гордаю праўдай было ўсеагульным. Недзе на верхняй палічцы Стаха зь нядаўняга часу ляжала, да пары ахайна згорнутае, шыкоўнае жаданьне такой размовы — каб хто-небудзь з мужыкоў запытаўся неяк наконт кабетаў, і Стах адказаў вось так, лёгка, мімаходзь, не задумваючыся, чыстую праўду. На шчасьце, ягоны адказ быў успрыняты як жарт, тонка хіхікнуў Мурло, затрос жаночымі грудзьмі Дзеленстап Каўкомавіч, усьміхнуўся Кірыла Антоныч.