Выбрать главу

— Дзьве, — скрывіўся Мурло, выстаўляючы на Стаха локаць, бо таго нечакана штурхнуў бяскрыўдны мужычок, і Стах ледзь не ўпаў галавой уперад. — Ты ня думай, што калі Сьняжанка з табой ходзіць, яна табе так проста дасьць. Пад ручку яна тут са многімі разгульвала, а каб легчы — ты што. Але ты дзейнічай.

Дзеленстап Каўкомавіч таксама нешта пражаваў, і Мурло задуменна пераклаў:

— Дзела вось кажа, што ён дзівіцца, як гэта Сьняжанка цябе абрала. Ёй сапраўдныя мужыкі падабаюцца. А ты ўсё малюеш ды сьцяхі пішаш. Ну жартую, жартую… Ты добры хлапец.

— Мы сур'ёзна, Стасік, — прабасіў Кірыла Антоныч ссунуўшы бровы і адначасова даследуючы языком лябірынты сваіх зубоў.— Чалавеку жаніцца трэба. Хто будзе працаваць тут, калі ня нашыя дзеці. Абстаноўка ў краіне складаная, сам ведаеш. Многа хто халявы шукае, а так каб рукамі… Мне ўжо й на прафкоме казалі: колькі, казалі, працэнтаў нежанатых? Выпраўляй, Антоныч, сітуацыю.

Яны ўжо прайшлі праз шкляныя дзьверы и спыніліся ля дэтэктару, чакаючы, пакуль падыдзе чарга Ззаду напіралі. Стах усхвалявана круціў у пальцах цыгарэту. Проста перад ім на сценцы будкі вісела пагрозьлівае папярэджанне: «Загадзя рыхтуйце пропуск!», але Стах ведаў, што гэта ён здолее зрабіць і ў вапошні момант. Ад дэтэктару да турнікету быў адзін крок. Сыпны нарэшце ўздрыгнулі, турнікет коратка загудзеў, і Стах ступіў наперад. Адразу ж дэтэктар з паляўнічым азартам заверашчаў, а потым выпусціў у душнае, нібы ў вакзальнай залі чаканьня, паветра прахадной тонкі струмень надзвычай непрыемнага для вушэй сьвісту. Счэзьлі размовы, крутануліся на калючых шыях тысячы зацікаўленых галоваў, тысячы вачэй утаропіліся у Стаха Па той бок таксама ўтварыўся натоўп, бо нават тыя, хто ўжо прайшоў праверку й выходзіў з прадпрыемства, вярнуліся да турнікету паглядзець што здарылася. Цішыня вібравала й патрэсквала. Людзі глядзелі на Стаха, Стах глядзеў сабе пад ногі. Яму было страшэнна няўтульна пад гэтым пільным тысячавокім позіркам. Ды што здарылася? Падурэлі. Зламалася ў іх машынка гэтая, чаго ёй вішчаць, ён жа штодня праз прахадную ходзіць. Потым ён урэшце ўзьняў галаву й запытальна ўсміхнуўся:

— Ш-што?….

— Падыйдзі сюды, — вартаўніца ледзь стрымлівала шчасьлівую дрыготку.

Стах наблізіўся, нясьмелая ўсьмешка на ягоных вуснах падрыгвала, бы вужык на гарачай патэльні. Зараз, зараз усё высветліцца, і ў яго папросяць прабачэння, і з палёгкай пагаснуць гэткія строгія вочы навокал, і сумленьне ўзрадуецца, назіраючы, як ляціць у плявацельніцу некалі непрымірэнчы зуб.

— Падымі рукі,— сказала вартаўніца ласкава. Стах выканаў просьбу, бо толькі просьбай, але аніяк не загадам можна было назваць гэтыя словы, якія мусілі б належаць дзіцячаму краўцу. Але перад ім тырчала, перагнуўшыся праз сьценку шкляной будкі, бясполая істота ў вайсковай форме з пагонамі, у фуражцы зь лягатыпам прадпрыемства — яна хуценька, з прафэсыйнай пяшчотаю прастытуткі абмацала Стахавы плечы, палашчыла смочкі, пагладзіла жывот, які не разумеў, чаму ў нас сёньня такая затрымка зь вячэраю. На Стахавых сьцёгнах рукі яе спыніліся, правая зьнікла ў кішэні курткі, пагрэлася крыху ля цёплага боку мехавой падкладкі й, удзячная, выцягнула на белы сьвет цэляфанавы пакецік, у якім, нібы ў кокане, чакала свайго моманту ледзьве ня сотня навюткіх, пражэрлівых, цьмяна-бліскучых шрубкоў. Вартаўніца ўзьняла вочы ўгару й застагнала, падстаўляючы твар пад кароткі грыбны дожджык з прэміяльных. Па натоўпе прайшоў задаволены рокат. Стах тупа глядзеў на невядома скуль узяты пакецік, перавёў погляд на Кірылу Антоныча, разгублена затрэс падбародзьдзем у накірунку Мурла. Адкуль?

— Што гэта, — вартаўніца вярнулася на сваё працоўнае месца, і цяпер выключна дзеля захаваньня традыцый рэагавала так, як трэба. Праўда, казала яна без усялякіх пытальных інтанацыяў.— Так. Што гэта мы сабе дазваляем. Як гэта можна так нахабна, проста ў кішэні. Пасаромеўся бы, схаваў нармалёва, ты што ж, думаеш, мы тут усе дэбілы. Ну распавядай, дзе ўзяў. Што рабіць будзем.

— Гэта не маё, я гэтага ня браў,— прашаптаў Стах, але яго ніхто ня слухаў. Зь лесьвіцы, што вяла на другі паверх, спусьціліся двое дужых пэнсыянэраў з адзьдзела аховы.

— Што тут у цябе, Сямёнаўна? — бадзёра пракрычаў адзін, пакуль другі заклікаў натоўп разыходзіцца й не ствараць затораў. Людзі ўздыхнулі й рушылі ў заведзеным парадку. Уцягнуўшы галовы ў плечы, маляры не азіраючыся выйшлі з будынку.