— Нясун! — урачыста выдыхнула Сямёнаўна. Яе напарніца, што прыціскалася да Сямёнаўны азадкам, з зайздрасьцю паглядзела праз плячо:
— Шчасьціць дурам.
— Задавіся сваімі срулямі,— пракамэнтавала словы напарніцы шчасьлівая жанчына. — Вось, глядзіце. Складаем пратакол.
Пэнсыянэрам усё й так было зразумела. Адзін падкідваў на руцэ злашчасны пакецік, другі распытаў у Сямёнаўны абставіны затрыманьня. Нарэшце Стах быў узяты пад рукі. Пальцы ў ахоўнікаў апынуліся жалезнымі — аціскалі Стахавы канечнасьці ня горш за апарат для вымярэння ціску.
— Ну, пойдзем, — прамовілі пэнсыянэры хорам, паглядзелі адзін на адного й засьмяяліся.
Яны рушылі наверх, туды, дзе Стах калісьці ўжо быў, калі прыходзіў уладкоўвацца на працу. Аднак паверх, дзе знаходзіўся адзьдзел кадраў, быў прамінуты, пэнсыянэры пацягнулі яго вышэй. На лесвіцы пахла селядцом, ад чаго страўнік Стаха паныла завурчаў, сьцены штопрыступкі гублялі аптымістычна-дзелавы белы колер, дэманструючы ўсё больш змрочныя брудна-зялёныя пералівы. Відавочнай станавілася і адсутнасьць на вышэйшых паверхах кандыцыянэраў, пасоўваньне па тутэйшым паветры нагадвала пастаяннае дакрананьне да стылай, прамарожанай, запэцканай у мазут бляхі. Афарбоўка сьценаў ясна паказвала, што добраўладкаваньнем на гэтых паверхах не займаліся ўжо прынамсі гадоў дваццаць. Памяшканьні, якія бачыў Стах, пасавалі бясплатнай савецкай прыбіральні часоў застою, але не заводзкай катавальні. Працы тут для маляроў хапала. «Чаму нас сюды не накіроўваюць?»— падумаў Стах тужліва, і нібыта цень Кірылы Антоныча памахаў пальцам яму зь цёмнага кута, дзе стаяла мэталічная сьметніца: не пра тое думаеш, Стасік, не пра тое.
Нягледзячы на вонкавую маладжавасьць Стахавых канваіраў, яны задыхаліся й выціралі з ілбоў заслужаны пот, калі ўрэшце прывялі свайго апекаваны да патрэбных дзьвярэй. Які гэта быў паверх, Стах ня ведаў, мусіць, шосты, а можа, і вышэй. У пакоі, куды ён увайшоў, чуючы за сьпінай сіплае пакашліваньне, стаяў невялікі пісьмовы стол з тэлефонам бяз дыску. На адзінай палічцы, прыбітай пад партрэтам генэральнага дырэктара, памірала дзіравая кветка. Фіранкі колеру хакі ўпускалі сюды роўна столькі сьвятла, каб можна было разгледзець невысокага чалавека, які сядзеў за сталом і глядзеў проста перад сабой. Пры зьяўленьні Стаха чалавек ускочыў і забегаў па пакоі, ад сьцяны да сьцяны.
— Ты ў мяне зямлю есьці будзеш! — закрычаў чалавек. Кабура на ягоным рамні здавалася ненатуральна вялізнай. — Ты ў мяне крывёю ўласнай захлынешся, сука! І дружкоў тваіх на чыстую ваду выведзем, будзь спакойны. Ты…
— Я…
— Маўчаць! Не размаўляць! Забі свой славесны фантан, гаўнюк!
Пасьля гэтага вывяржэння чалавечак раптам сьціх. Ён вярнуўся да свайго месца за сталом, прамармытаў: «Артылерыйская падрыхтоўка скончаная» і ўтаропіўся зноў перад сабою. Пэнсыянэры замерлі каля дзьвярэй.
— Дакладвайце, — махнуў рукой чалавек і чыхнуў.
— Будзьце здаровыя, — сказаў Стах асьцярожна, ён вырашыў не губляць годнасьці ні пры якіх абставінах. Трэба заставацца ветлівым і стаяць на сваім. Тады напэўна яму ўдасца давесьці, што яго, Стаха, нехта падставіў, элемэнтарна падставіў, і хутчэй за ўсё, з банальнай чалавечай зайздрасці. Але не пасьпеў ён прамовіць свае словы, як чалавечак ужо стаяў каля Стаха, патрасаючы недзе на ўзроўні Стахавых грудзей «настаяшчым» пісталетам. Кабура ягоная ў захапленьні закусіла губу.
— Заб'ю, падла! — чалавек упёрся галавой Стаху трохі вышэй за жывот, б'ючы пісталетам чамусьці па адным і тым жа гузіку, так што ў пакоі чулася раўнамернае ціхае пагрукванне. — Ён мне здароўя яшчэ жадае! Гэта табе яно зараз спатрэбіцца! Маўчаць, сука, маўчы, а то цябе ў катавальню на насілках панясуць!
І зноў гістэрыка скончылася раптоўна. Чалавечак ахайна схаваў зброю ў кабуру й сеў за стол.
— Сямёнаўна затрымала, — ступіў наперад адзін з ахоўнікаў.— Хацеў пранесьці з прадпрыемства праз прахадную пакет са шрубкамі. Штук пад сто. У кішэню паклаў і думаў, што не заўважаць. Я проста не разумею. Калісь несуны хітрэйшыя былі, у майткі, памятаю, хавалі, у задніць! засоўвалі, а як машынка нашая зьявілася, дык цяперака толькі на транспарце. А гэты нахабнік такі — проста ў кішэні хацеў.
— Нясун, значыць, — чалавечак крыва пасьміхнуўся. — Справа ясная. Імя? Прозьвішча? Па бацьку?
Стах назваўся, намагаючыся адказваць упэўнена й цьвёрда. Але голас атрымліваўся ўсё адно нейкі аблуплены, з-пад верхняга слою праглядвала апраўданне.
— Дзе працуеш?
— Маляр.