Выбрать главу

— А ў нас свае шахматы, — бадзёра сказаў Радзівіл, уваходзячы ў пакой. — Ну што, наша партыя працягваецца?

У руках Радзівіл трымаў белую, упрыгожаную аксамітам, каробку. Яна была ўрачыста выстаўленая на стол. На дробна, бязладна раскрэсьленым полі, пакрытым па краёх складанай вязьзю, стаяла некалькі дзясяткаў фігураў. Радзівіл падсунуў стол бліжэй да канапы. Андатраў прагна паглядзеў на дошку, спрабуючы адшукаць хаця б нейкую лёгіку ў разьмяшчэньні колаў і квадратаў. Але там быў зусім заблытаны лябірынт.

2001

МІЖДЗЬВЕРНІКІ

Спачатку пра тое, чаго не заўважыў ахоўнік.

За вакном пачаўся нейкі ўсеагульны зваротны рух. Гэтак супала, што за некалькі коўзкіх сэкундаў дала задні ход машына, якая прытармазіла было каля лякарні, проста насупраць уваходу… спыніўся, не атрымаўшы патрэбнай дозы электрычнасці, трамвай, што ўжо амаль адолеў узвышша, — і пакаціўся павольна назад з роспачным звонам. Нерашуча існуючы на тым баку вуліцы мужчына падыйшоў да дзьвярэй мэблевай крамы, парукаўся зь імі, пастаяў у роздуме, разьвярнуўся й хутка рушыў да прыпынку. Нябачныя мокрыя пальцы пагарталі забытую кімсьці на лаўцы газэту-таўстушку — з апошняй старонкі да першай, затрымаліся дзе-нідзе абыякава на загалоўках, і загарнулі, накрыўшы лаўку вільготным ценем. Як вы пачуваецеся? — гэтак, мусіць, пачуваюцца ўсялякія глыбакаводныя, суворых колераў стварэньні, назіраючы, як апускаецца пад ваду тонучы танкер. І, як гэтыя пляскатыя марскія пачвары, мы не размаўляем, мы толькі змрочна слухаем і робім заўвагі. Усё, усё рушыла ў адваротным кірунку, адступілі нават сідэральныя войскі,— прынамсі, пра гэта паведаміла радыё. Такой жа млосна-салодкай, як і а восьмай раніцы, падалася перадапошняя ў пачку цыгарэта Жане, якая выйшла папаліць на прыступкі. Пайшоў ліпучы сьнег, гэткісамы, як і ўчора. У вадной з кельляў вольніцы, што тырчэла недалёка, амаладзіўся раптам пажылы канструктар, авал асеў, азубеў, памачыўся ў пасьцель, закрычаў пранізьліва, убачыўшы сябе між урачыстых мацярынскіх сьцёгнаў,— і памёр. І толькі тады на строгі квадрат супадзеньняў упала з ілба мастака бязглуздая кропля зусім ужо не натхнёнага поту. І ўсё пайшло як было, як мае быць, як заведзена — каму квіток у Так-Сяк, каму пехатою ў Наўскасяк.

Імя ахоўніка А., як любіла паўтараць ягоная маці, «значыла ў перакладзе з грэцкай „зашчытнік людзей“». Натуральна, поўным імем у лякарні яго ніхто не называў, усе карысталіся чароўнымі правіламі памяншэньня ды ласканьня — і Саша пытаўся незразумела: «Калі А. — зашчытнік людзей, то Саша — зашчытнічак людзішак?», і ўсе зазвычай ветліва, фальшыва ўсьміхаліся. Саша сядзеў у прыёмным пакоі пад зялёнай надзьмутай зоркаю дэкаратыўнай пальмы й чытаў фантастычныя раманы ў мяккіх вокладках. Дарагому абсталяваньню — лагодных формаў дыягнастычным апаратам і ветліва свісцячым па-ангельску бормашынам — неяк зручней працавалася, калі яны ведалі, што ў прыёмным сядзіць вось гэткі малады, праставаты хлопец, які шчодра падзяліўся зь дзяржаваю двума гадамі ўласнага жыцьця. На старонцы «Хваробы й калецтвы» у ягоным пашпарце стаяла ўсяго некалькі штампаў, самы круглы зьдзіўленым колцам абвяшчаў пра Сашыну эпілепсію. Вядома ж, гэта для ўсіх, апрача шэфа, было таямніцай — не здагадвалася пра гэта й Жана, якая вярнулася з перакуру, села за свой стол і пачала старанна зажоўваць задавальненьне.

— Вось не люблю, калі дзяўчаты паляць, — сказаў Саша. Жана адказала нешта на цягучай гумовай мове. — Чаго? — А пінжак на гольф ніхто даўно ня носіць. І чаму ты заўсёды ў чорным, як падлетак? — Сама ты ў чым?…

«Народ Энгоны чакае твайго слова, Уладар, — сказала Тэрэса й паклала руку яму на плячо. — Марудзіць болей нельга. Барлісы ўжо на арбіце, выведка паведаміла гэта сёньня ўначы.

— Але што рабіць з Храмам Сямі Вежаў? — падаў голас Парамозг Ленк. Ён увесь дрыжэў; ацёршы краем хітону лоб, ён павярнуўся да Тэрэсы й накіраваў на яе тлусты чырвоны палец. — Нам нельга прымаць неабдуманых рашэньняў. Сем Вежаў будуць мець вызначальнае слова. На жаль, — дадаў ён зьдзекліва, забыўшы на імгненьне страх.

— Усё пытаньне ў тым, ці падтрымаюць нас дарукане, — няўпэўнена вымавіў малады Уладар. О, калі б бацька быў зараз побач! Ягоная мудрасьць заўсёды ратавала Энгону ў тых выпадках, калі вораг быў несумненна мацнейшы. Форай выдатна ведаў, што трэба было прадпрыняць, зьявіся Барлісы ў гэтую хвіліну ля сьценаў палацу. Ён непрыкметна намацаў пад хітонам лазэрны меч. Далонь звыкла й зручна легла на дзяржальна, быццам дакранулася да рукі старога сябра. Але ў дыпляматыі малады Ўладар быў зусім не дасведчаны.