Выбрать главу

Ясіраў зноў палез пад стол. Стах як зачараваны стаяў на месцы, баючыся варухнуцца — было адчуванне, што любы ягоны рух парушыць да часу прыхаваную гармонію вечара, і ня дай божа паляціць прахадная, і цыстэрны фарбы, і кабінэт, і сам Лараў, і неба пад тоўстым слоем бэтону й шыфэру, і заваконная поўня зь лягатыпам прадпрыемства у малянкоўскую шклянку якой-небудзь Рэспублікі Тартарары, і ўсьлед за імі, натуральна, туды ўсмокча й Стаха, без майткоў, беланогага, з бруднай душой, раба па сацыяльнасці, мастака па прызванні. Ясіраў вярнуўся з запыленай кружэлкай, з салодкім банцікам на вуснах накруціў спружыну, быццам набраў нумар каханкі.

— Зараз, зараз, — прастагнаў ён і выйшаў з-за стала. У патэфоне пайшоў летні начны дожджык, зарыпела нябачная брамка далёка ў казачным садзе Тут жа патэфон усё сапсаваў — забляяла камісійнае далёкае танга. Стах нахіліўся, каб падняць майткі, але Ясіраў падыйшоў да яго ўшчыльную, зрабіў кароткі паўпаклон і абхапіў Стахаву тонкую талію. Левая рука Ясірава, пальцы на якой былі спрэс пасечаныя мініятурнымі шарыкамі, мякка, але рашуча ўзяла ўспацелую Стахаву далонь. Агаломшаны Стах не супраціўляўся, і яны зрабілі па кабінэце некалькі цалкам пэўных колаў. Ясіраў павярнуўся да вакна, запракінуў галаву, губы яго з жарсьцю гладзілі адна адну. Шурпатая тканіна форменнага мундзіру прымушала стаяць у фронт усе валаскі Стахавага цела. Стах выварочваў галаву, каб толькі не адчуваць подыху Ясірава, ад якога надта ўжо несла першасортнай цыбуляю. Загіпнатызаваны, Стах доўга ня мог уцяміць, што адбываецца зь дзьвярмі, пакуль да яго не дайшло: яны адчыняюцца, надзвычай павольна й шматабяцальна. Адчыніліся. На парозе, аберуч трымаючыся за касяк, стаяў генэральны дырэктар Марлокін. Кашуля яго была расшпіленая на грудзёх, з нагруднай кішэні тырчэў кончык гальштуку. Стах адчайна паспрабаваў схавацца за сьпінай Ясірава, што, натуральна, загадзя было наканаванае на няўдачу. Марлокін абвёў пакой каламутнымі, зацыганенымі вачыма, але позірк ні за што не чапляўся, перакатваўся па сьценах, прадметах, танцуючых фігурах, бы шарык у дзіцячай гульні. Стах паторгаў Ясірава за каўнер, начальнік аховы прамармытаў нешта незразумелае й прыціснуўся да Стахавага жывата яшчэ мацней. Марлокін пахіснуўся, яго скаланула, як быццам ззаду ўдарыў таямнічы кулак, потым адвярнуўся й зрабіў крок па калідоры, па-ранейшаму застаючыся ў межах бачнасьці. Ён упёрся галавой у аблупленую сьцяну, і з тоўстагубага роту Марлокіна выляцеў на падлогу доўгі пярэсты струмень. Папляваўшы на плінтус, Марлокін уздыхнуў, прастагнаў нешта й рушыў далей. Генэральны дырэктар быў п'яны, п'яны, як замочаная ў віне ялавічына.

У пятніцу ўраньні страх пабудзіў Стаха, як і належала гэтаму пачуцьцю, роўна а шостай. Увесь учорашні святочны дзень Стах правёў у намаганьнях прыкрыць яго чым-небудзь, газэтаю, коўдраю, сшыткам са сваімі паэтычнымі вопытамі, лістом ватману, шырмай у лазьніцы, на страх можна было б паставіць тэлевізар, замазаць яго жоўтай фарбай, накласьці на яго закляцьце нікчэмнымі размовамі з маці пра новы халадзільнік, — безвынікова. Страх расплываўся тлустымі плямамі на такой, здавалася, чыстай паперы, страх аглушаў яго, калі Стах стаяў пад прыручаным дожджыкам душа, ён вылазіў на экран тэлевізара ў выглядзе параноікау-афганцаў, фарба апаўзала зь яго гордай паверхні. Як прымуць заўтра на прадпрыемстве, ці стрымае абяцанне Ясіраў, ці не наткнецца Стах на ветлівы байкот такіх прыхільных раней да яго маляроў? — бессэнсоўныя пытанні такога кшталту нанізваліся на нетрывалую нітачку Стахавага настрою, прылягалі адно да аднаго шчыльна, ладненька, хоць вешайся на гэтай нітцы. Стах давіўся чарговай цыгарэтай, пстрыкаў запальнічкай гэтак часта, нібы хацеў зьнішчыць папілярныя лініі на вялікім пальцы. Прамерзлая лесьвічная пляцоўка, дзе ён прабавіў, відаць, некалькі гадзінаў, паскудна нагадвала пра нядаўні шлях да кабінэту начальніка аховы; у пад'езьдзе да вечару адбываўся чэмпіянат па разгрузцы вялікага фургону — да іх у дом засялілася нейкая надта ўжо маладая сям'я. Пераможца прапанаваў выпіць разам, пазнаёміцца, хакей паглядзець. Стах пагадзіўся. «Я вось працу шукаю,»— прызнаўся новы сусед, калі яны ўвайшлі ў кватэру, па якой перарвалася з кута ў кут прыватызаванае рэха. — «Думаю на Прадпрыемства пайсьці. Ведаеш, есьць тут паблізу такое.» На падлозе курчылася ў сутаргах вільготнае дзіця. «Зараз, зараз,»— замітусіўся гаспадар, па-лёкайску распранаючы тэлевізар. Стах не разьвітаўшыся пайшоў дахаты й доўга сядзеў з пэндзлем у руцэ над аркушам паперы, што пры бліжэйшым разглядзе апынуўся не такім ужо белым. Страх. Іх са Стахам імёны былі вельмі падобныя, але Страх меў рацыю, меў рэгаліі, рыштунак, рэвалюцыйны крок, роспач абарачаў у радасць, страх мусіў рэінкарнавацца заўтра ў рыцара-пераможцу, кардынала Рышэлье, у той час як Стах ня меў гэтага ўпартага, рашучага «Р» і ў імені сваім чуў адно рафінаваны, дыстрафічны выклічнік. Ён лёг спаць з малітваю, каб ноч не сканчалася аніколі.