Ужо каля самай прахадной, слухаючы разважлівы аповед Кірылы Антоныча пра апошнюю хваробу ягонай жонкі, якая ўжо тыдзень ляжала ў больніцы з падазрэннем на рак, Стах заўважыў у небяспечнай блізкасьці ад сябе карэспандэнта Ждановіча, апранутага ў нязьменнае сваё паліто, па якім струменіў каціны волас. Ждановіч таксама заўважыў Стахаву галаву, якая мерна пагойдвалася на паверхні натоўпу, але адразу ж удаў, што не пазнае, і дэманстратыўна ўзьняў вочы да балянсуючага на мяжы двух безагаворачных колераў прыземістага неба. У Стаха не было асаблівага жадання размаўляць, ён якраз задумаўся над рыфмаю да слова «Марлокін», аднак па прыхамаці чалавечай масы іх урэшце падсунула адзін да аднаго. Сарокі, далёкі, папрокі…
Ждановіч, намагаючыся не прыціскацца надта блізка, фамільярна павітаўся і, з прыкрасцю паглядваючы паверх галоваў, пасьпешліва загаварыў:
— Ну, як, вясной кніжка, а я прачытаў вашыя, выйдуць, выйдуць на наступным тыдні. Але ж хацеў вам параіць, вы бы на час кінулі паэзію, а напісалі б нам карэспандэнцыю якую, пра рэканструкцыю ЦТО, прыкладам. У нас за вершы ня плоцяць — а яны выйдуць, так, добрыя вершы — а за рабкораўскія матэрыялы пару рублёў атрымаеце. Я вось з друкарні йду і…
Маляры пазіралі на Ждановіча з пагардай, якую імкнуўся зьмякчыць хіба Кірыла Антоныч — брыгадзір змоўк ды павярнуў твар у бок карэспандэнта, што круціў галавою й спалохана азіраўся. Овэрлокі, урокі, вытокі… Вытокі…
— А верш той… ну, пра цэцэ… вы ўзялі? — спытаў Стах, інстынктыўна засланяючы Ждановіча ад Мурла, якому карцела, відаць, засадзіць карэспандэнту па назе. Натоўп марудна набліжаўся да дэтэктара. Стаху ўдалося акружыць сябе й Ждановіча зусім незнаёмымі людзьмі, і цяпер яны з карэспандэнтам нібыта стаялі ў цеснай кабінцы мужчынскай прыбіральні, удыхалі подыхі адзін аднаго; маляры паднялі ўверх пропускі, махалі імі, дэтэктар чытаў Пушкіна на памяць.
— Пра цэцэ, так… А, памятаю, цікавы верш, я зразумеў, файна вы абыгралі, як гэта там, і пад уладай тысяч сноў стаіць над імі Цэх Цахоў, добры дзень, Юры Максімавіч, і я пыльца ў яго руцэ… у яго руцэ, так, дзе гэта мой пропуск, вы, дарэчы, хакей учора глядзелі? так, пыльца ў яго руцэ… Ён песьня песьняў, ён ЦЦ… Так, здаецца?
Жанчына, якую ад Сямёнаўны адрозьнівала хіба дадатковая зорачка на пагонах, шумна захлопнула пропуск і адкрыла Стаху шлях. Усьлед адразу ж пралез і Стахаў спадарожнік, ягоны пропуск ніхто й не зьбіраўся глядзець. Ждановіч уздыхнуў.
— Не, гэты верш не прайшоў… Рэдактар. Вось калі б вы карыкатуру на якога-небудзь несуна намалявалі, або там карэспандэнцыю напісалі. А рэдактару ваша пра Антоныча спадабалася… Як там, здароў, маляр, здароў, Антоныч…
— Гэта не той… Гэта вы… — далікатна пачаў Стах. Яны выйшлі на прызаводзкі пляц, дзе маленькая мэханічная сьмярдзючка, павярнуўшыся да выходзячых з прадпрыемства трасучым задам і надрыўна глушачы ўсіх навокал, дапамагала вясёлым рабочым дзяўбці асфальт. Рушылі ў накірунку мэтро, якое мігцела недалёка ў пахнучым слотай паветры. Адліга працуе ў другую зьмену. Стах міжволі абярнуўся. Прадпрыемства ўсё яшчэ навісала над ім, усё поўнае прыхаванага руху, нейкай рэшткавай тэрцыі — ледакол, які ўпёрся грудзьмі ў гіганцкую крыгу гораду. Стах адкашляўся, і тут жа нязначны, ня варты таго, каб углядацца ў яго, апрануты ў мех цень, які апошнія некалькі сэкундаў мільгаў на заднім пляне ў бачнай Стаху прасторы, матэрыялізаваўся ў жывую, без каптурка, з ваяўнічымі вішанькамі ў маленькіх вачох Таю. Яна вырасла перад ім, надзьмуліся ды апалі тонкія жылкі на шыі, яна прымусіла яго спыніцца, яна ўкапала яго ў зямлю, яна пацягнулася, закінуўшы галаву, да ягонага твару, нібы жадаючы пацалаваць, і потым хвостка й звонка дала Стаху тры гарачыя, у чымсьці нават прыемныя аплявухі пляскатай скураной пальчаткай.