Выбрать главу

— Я магла бы сказаць Дынкіну, і ён бы прымусіў цябе лізаць уласную задніцу, — прамовіла яна, непрыгожа расцягваючы рот, ад чаго словы выходзілі нібы зь цюбіку з атрутаю. — А потым зьвязаў бы цябе ў такой позе й замураваў у бэтоннай сьцяне якой-небудзь нова-будоўлі, уродзец ты смярдзючы. Я магла б уласнымі рукамі адстраліць табе зараз на гэтым месцы тваю гнілую башку, казёл… Казёл…

— Мне ў рэдакцыю, я й забыў,— пляснуў сябе па носе Ждановіч і пабег кудысьці ўлева, проста па заснежаных клюмбах.

— Казёл, — паўтарыла Тая, не адводзячы ад Стаха вачэй і раптам усхліпнула.

Стах вымавіў яе ймя, ёй падалося — проста ўздыхнуў.

— Так накалоць, — твар яе заблішчаў, адтаяў, пераймаючы гульні навакольнай слоты. — І я… я… Я… павялася, павялася як дзяўчынка…

— Ды што здарылася? — Стах працягнуў да яе руку, і тут жа балюча атрымаў па ўказальным пальцы. Ён мімаволі адступіў, пагрузіўшы нагу ў магілу аднаго з тых пыхлівых сьнегавікоў, што яшчэ ўчора стаялі ля прахадной так непарушна. — Тая, што і… як ты…

— Гэта ты мне скажы, — яна злосна выцерла слёзы. — Ты мне зараз усё распавядзеш. Ня строй дурня, жывёла, латок ты прыпылены… Ты што, дагэтуль не зразумеў, з кім зьвязаўся? Адказваць будзеш…

— Ды што такое? Патлумач мне калі ласка!

Чарговы раз Стах пачуў, як голас ягоны, выхаплены з утульнай мяккай калыскі, каля якой ходзяць на цыпачках ды ціха думаюць услых, голас, вымушаны зноў выконваць нязвыклую для сябе ролю абаронцы свайго ўладальніка, зрываецца, вішчыць, ламаецца, набываючы бабскую пранізьлівасьць.

— Ты заразіў мяне, — сказала Тая, падкідаючы на языку словы, бы ледзянцы. — Ты заразіў мяне, гаўнюк, нейкай парашай, ня ведаю яшчэ якой. Але я была, чуеш, падла, я была ў Жаўткова, у доктара свайго, і ён сказаў, так, сказаў… Карацей, цяпер можаш колькі заўгодна казаць, што ты ня ведаеш анічога, прасіць аб літасьці, і навогул…

Вуліца перад Стахам пахіснулася. Раздваіўся паўзучы тралейбус на прыпынку, і двайніка ягонага панесла ўбок, проста пад колы міралюбнай белай таёты, што стартавала ад чырвонай плямы сьветлафору, плаўна апусьціліся на плошчу фосфарныя аблокі, бы падбітыя цэпэліны; з будынку палацу культуры, які сядзеў за дарогай, выскачылі доўгія пліткі асветленых вокнаў і рухнулі на прадаўцоў кветак. Але вуліца адразу ж стала на месца, у напрацаваныя гадамі звычныя пазы, і двайнік тралейбуса зьнік, і аблокі, надзьмуўшыся, імгненна ўзьляцелі ўверх, і нечая руплівая рука засунула вокны назад, бы шуфляды ў Ясіраўскім стале. І зноў перад Стахам стаяла ў злой адзіноце насупленая Тая, трымаючы за спінай заплечнік з абы-як упакаваным у яго горадам.

— Чым я мог цябе заразіць?… — Стах раздражнёна пахітаў галавой. — Што ты вярзеш?

Нібы сабака, які доўга чакаў загаду ля Таінага сьцягна й вось цяпер нарэшце яго атрымаў, нага яе маланкава кінулася наперад, і мысок цудоўна пашытага боту ўпіўся Стаху ў калена. Ён прысеў, давячыся незвычайна вострым болем.

— Пранцы. Хламідыёз. Трыхаманіяз, — салодкім голасам пералічвала яна, нават цяпер узвышаючыся над Стахам усяго на некалькі сантымэтраў.— Ганарэйны урэтрыт, пахавы лімфагранулематоз, мяккі шанкр, вэнэрычная гранулема, трыхаманадны вагініт… Выбірай, што даспадобы. Чымсьці з гэтага ты заразіў мяне, смярдзючы лох, паскуда ты гнойная. Аналізы пакажуць. І маліся, каб гэта быў хламідыёз, а не, напрыклад…

Хістаючыся, Стах падняўся.

— Чаму ты думаеш, што гэта я?… — сказаў ён хрыпла. — У мяне ня можа гэтага быць. Ніяк ня можа. Я ж толькі з табой, Тая…

— А хто ж? — амаль крыкнула яна. — Што? Што ты там шэпчаш, урод?

— Муж, — паўтарыў ён ледзь чутна, апусціўшы галаву.

— Муж?

— Ты сама казала… ну, што ён табе здраджвае… ты пісала…

— Гэта ня ён, — хутка прамовіла Тая. — Гэта ня можа быць ён. Я зь ім ужо паўтары гады як… ня сплю. Ну, не зусім ня сплю, мы… карацей, не твая гэта справа, няважна. Гэта ты, ты мяне заразіў, і ты адкажаш. Адкажаш як мае быць, не сумнявайся, пралетар смярдзючы. На тваім дзёўбаным прадпрыемстве ўсе, відаць, гнойныя такія… Калі б жа я ведала…. Блін, анэкдот на анэкдоце.

Пясьменьнік…

— Ня будзь такой без… безапэляцыйнай, Тая, — цяжка сказаў Стах, нэрвова чэшучы шчаку. — Паразважай, гэта напэўна ён… Юра.