— Баішся? — горка пасьміхнулася яна. — Мяшок з гнілой спэрмай… Як я не здагадалася. Маляр з заводу! Гэта ж трэба! А прыкінуўся як… Словы якія казаў… пра літаратуру, блін, пра мастацтва. А сам на прадпрыемстве гаўно калупае…
— Тая, — сказаў Стах, набраўшы ў рот паболей сур'ёзнасьці. Ён паглядзеў ёй у вочы, перадолеўшы млосны страх, які выклікалі цяпер гэтыя лялечныя шчылінкі, заўважыў там слабое, але ўсё ж існае сумненьне, і, акрыяўшы, прашаптаў:
— Можна быць маляром на прадпрыемстве й пры гэтым — геніям… Кафка ўсё жыцьцё працаваў страхавым агентам. Горкі быў бурлаком. Тая…
— Што ты мне мазгі накручваеш? — ашчэрыла яна зубы. — Чакай, за табой прыедуць.
Яна павярнулася й пайшла да стаянкі таксі, дзе, зашпіліўшыся на ўсе форткі, драмалі на рулёх няверныя адтулінцы. Можна было пабегчы, дагнаць, паспрабаваць усё растлумачыць. Стах міжволі засунуў руку ў кішэню нагавіцаў, памацаў, яму падалося, што толькі гэта можа зараз прынесці супакаенне. Сьняжана. Калі ня Юра, то яна, каралева маляроў. Стах адвярнуўся, каб ня бачыць маленькай постаці, якая ўжо падыходзіла да першай машыны, запаліў цыгарэту. А яна ж, калі ўсе яе аповеды — праўда, адпомсьціць. Жорстка. За хлусьню ды за хваробу. Калі хвароба сапраўды існуе.
Няцвёрдым крокам Стах падыйшоў да мэтро. Якія вечныя сюжэты падкідвае жыцьцё. Цікава, дарэчы, як жа яна яго знайшла, як выкрыла падман… Учора каханка, сёньня вораг. Хуткаплынна ўсё, хістка, няўстойліва, брыдка. Ён азірнуўся. Прадпрыемства цягнула назад. Ён стаў тут сваім чалавекам. Гэтыя сьцены мусяць абараніць яго.
— Гэй, ты, гадзючае насенне, падыйдзі сюды.
Таксі спынілася ля самага парапэту. Тая высунулася ў вакно, нафарбаваная наноў, зь незнаёмай усьмешачкай на чырвоным твары. Стах упёрся каленам у мокры каменны бок парапэту й чакаў. Пераход пакорліва зносіў чарговы рамонт, унізе, накідваючы на сустрэчных грубую сетку жоўтага сьвятла, гарэла тоўстая лямпа, некалькі рабочых фарбавалі сьцяну, весела перамаўляючыся.
— Ідзі сюды, халоп. Пралетарый, тваю маць!
Стах падыйшоў, чакальна пазіраючы на гэтае ненавіснае сувэнірнае стварэньне.
— Сядай.
Яна адчыніла дзьверцу.
— Ну вырашайце, рабяты, а то тут спыняцца нельга, — нецярпліва перагнуўся назад кіроўца. — Едзем?
— Залазь, — аблізала яна вусны. — Ды ня здам я цябе сваім, і рэзаць цябе ня буду. Прынамсі, сёньня.
Стах, перажагнаўшыся ўнутры, склаў сябе ўдвая й залез у таксі, дзе ўжо пахла Таяй. Кіроўца пагардліва агледзеў ягоную куртку й сьцебануў каня.
Горад раскручваўся за вакном у зададзеным напрамку, застраючы на ляжачых міліцыянтах, рабочых-рамонтніках, чорна-белых сьветлафорах, грамадзянах Кале, што пераходзілі вуліцу ў забароненых месцах. Яны ехалі кудысьці ў раён цырку, да вакна раз-пораз падплывалі трамваі, падносячы амаль да самых вачэй сваю нязьменную жаўцізну, з суседніх машын выглядвалі лядашчыя бляндынкі, гэткія ж сабакі з п'янымі вачыма й дзеці, шмат дзяцей, што паныла жавалі нешта, выціраючы пальцы аб шкло. Яны ехалі, і рух супакойваў.
— Пісьменнікі й мастакі на заводах не працуюць, — казала Тая, здымаючы пальчаткі.— Што б ты там ні казаў, яны мусяць вучыць публіку, даваць ёй прыклад, перасьцерагаць. А тут, блін, ён тырчыць на заводзе, і думае, што мае права на нешта. Ты ў лепшым выпадку аматар. А мастацтва ня можа… ну ня можа яно быць гэтым самым… ну, хобі. Пісьменнік, гэта калі кнігі, рукапісы, прэміі, тамы, мастак таксама — майстэрня, выстава. Няма грошай — сядзі галодны, але пахаць на заводзе… Так мяне разьвесьці… У цябе ж ніводнай кніжкі, ніводнай публікацыі, ніводнай выставы. Пра цябе ж ня ведае ніхто. І не даведаецца, будзь спакойны. Мастак ён… Маляр! І нікім іншым быць ня здольны. І, дарэчы, пра маю кнігу нікому ні слова. А то…
— У іншай сітуацыі я б паспрабаваў цябе пераканаць, — прамовіў Стах асцярожна. — Павер мне, на прадпрыемстве шмат вельмі таленавітых людзей. А галоўнае… Галоўнае — людзей. Іхнай непасрэднасці, іхнай мудрасьці маглі б пазайздросціць…
— Прадпрыемства, — павольна вымавіла Тая, і ў ейных вуснах слова гэтае прагучала як іншамоўнае. — Хлопчык, што ты ведаеш пра прадпрыемства? Ты хаця б уяўляеш сабе, дзе працуеш?
Яна паклала руку на ягонае калена, якое ўздрыгнула, быццам на яго апусьціў малаточак нэўрапатоляг, уважліва, надзвычай уважліва паглядзела яму ў вочы.
— Я…
— Не ўяўляеш, — уздыхнула яна, і па ўзмаху яе вейкаў было відаць, што адказ Тая знайшла менавіта ў ягоных вачах. — Табе й неабавязкова ўяўляць.
Тая дастала доўгую цыгарэту з абручальным кальцом ля фільтру, запаліла, выдыхнула дым у патыліцу кіроўцы.