Стах вылез ды пахлюпаў праз дарогу па слоце. Начнік адпавядаў назьве: засунуўшыся вітрынамі й касамі пад зямлю, крама дэманстравала вуліцы толькі асветлены зад, зь якога ўніз вяла набрынялая мокрым сьнегам лесьвіца. «Зараз вярнуся, а машына ўжо ўкаціла. І ня будзе больш ні Таі, ні суботаў сярод бязьлюднага пасёлку, ні вось такіх вар'яцкіх вечароў, як сённяшні,» — падумаў ён, набываючы самыя дарагія цыгарэты, пляшку мінералкі й для сябе моцнае піва. «Затое — прадпрыемства, дзеля якога я столькім ахвяраваў. Кніжка, сябры, майстэрня, заробак, пастаяннае пачуцьцё ўласнай дагледжанасьці». Таксі стаяла на месцы. Тая спала, паклаўшы ногі на сядзеньне.
Напоямі давялося памяняцца. Тая схапіла піва, машыну тарганула на нейкай зь зямных восяў, і два рудыя вусы выраслі на яе твары. Стах пагрукваў закаркаванай мінералкай аб пярэдняе сядзеньне.
— Вырашыла, — Тая ікнула. — Слухай…
Яна нахілілася й горача прашаптала, апякаючы Стахавы скроні:
— Паехалі на лецішча. У вапошні раз.
Кіроўца пагадзіўся за двайную плату. Хутка яныімчалі па той шашы, якая існуе толькі ноччу, а ўдзень ператвараецца ў шэры цень ад завіслай у небе камэты. Гадзіньнік на прыборным шчытку зелянеў: 23.23. Таксі рэзала вечар, адкрываючы ўсё новыя падрабязнасьці ягонай анатоміі: мноства залітых вадою, пульсуючых, палаючых сэрцаў, павароты, абгорнутыя вакол напампаваных узгоркаў, бягучых наперадзе людзей, няправільныя крыжы слупоў пад лахмоцьцем успоратай сіняй скуры. За вакном уздыбліваўся мокры сьнег, складваўся ў пісьмёны і адразу ж рассыпаўся, не знаходзячы ўзьнёслага дэшыфратара. Стах чуў, як тахкае Таіна сэрца, заклапочаны лічыльнік пераводзіў боскую валюту ў рублі. Стах пачуваўся як старажытны селянін, што кіруе ў лес забіваць старога каня. Да пачатку працоўнага дня заставалася амаль восем гадзінаў. Зрэшты, якога працоўнага? Заўтра субота, дзень п'яных маленькіх дзяўчынак на прамерзлых лецішчах.
— Ты ведаеш, што ты мне вінны? — спытала Тая густым, як алькагольны румянец, голасам. — Ты мне вельмі шмат вінны.
Таксіст давёз іх да чыгуначнай станцыі. Дом Дубраўскага ляжаў ва ўзорнай цішыні. Яны пайшлі па слотным каралеўстве, варушачы замерзлымі пальцамі на нагах, і кожны не падазраваў, што другі робіць гэта ж. Дачны пасёлак выдзяляў у ноч блакітнае сьвячэньне. Праз радовішчы халоднага туману яны выйшлі пасьля нядоўгіх блуканьняў на патрэбную вуліцу. Стах страхаваў бясстрашную Таю, якая ішла напралом, зусім не баючыся трапіць у пастку выпадковай лужыны.
— Цікава, а што там за лесам? — спытаў Стах, павярнуўшы галаву да цемрадзі, што вартавала пасёлак. — Ведаеш, я ніколі ня быў за гарадзкой рысай. Часам мне здаецца, што горад акружаюць нябачныя сьцены, і дзе-небудзь на сунічнай паляне, там на кусьце адна суніца — раз і сарваў, а хочаш другую, і рука ўпіраецца ў паветра.
— Ты ніколі не выязджаў з гораду? — Тая нават спынілася. — Ты што, сур'ёзна? Не, я многіх людзей бачыла, але такога… Там, за горадам… Вунь там за чыгункай — ведаеш дзе чыгунка? — катэджы ўсякія, загарадныя дамы розных шышак. Радзівіл, дарэчы, у вадным зь іх жыве, памятаеш, я табе неяк казала пра Радзівіла. Ці не табе? Добра, гэта неістотна. А далей там розныя калгасы й маленькія мухасрані. Хаця ёсьць у краіне месцы нічога… Але мы з маім казлом у вапошнія гады па замежжы больш каталіся. Слухай, а ты што, нават да сваякоў там розных, бабулек сваіх ня езьдзіў ніколі?
Стах паматляў галавой. Тая яшчэ доўга абуралася такой нелюбоўю да падарожжаў. Пад канец шляху яе пачало круціць, яна йшла, апусціўшы галаву, рухаючыся па гэткіх мудрагелістых траекторыях, як калі б перад ёй быў намаляваны лябірынт. Нарэшце паказалася цагляная Таіна сядзіба, але ніякіх пытанняў не было — яны накіроўваліся ў дом Стаха.
На дзіва, у доме было ўсё-ткі цяплей, чым на двары. Тая кінулася да ложку, захінулася коўдраю, запаліла змакрэлую цыгарэту, чамусьці пачаўшы пераконваць, што яны — у вапошні раз, толькі дзеля таго каб паставіць кропку, і ніколі болей, і тэдэ, і тэпэ, «і ўсё такое». Стах падняў па камандзе імбрык; зашаргатаў кавай, раскідаючы па кубках попел. Адліга скончылася, вакно пачынала сэрыял пра завіруху, ня менш банальную, чым якое-небудзь каханне.
— А як там бабы на прадпрыемстве? — прамармытала Тая, зь цяжкасьцю ўжо прытрымліваючы вейкі.— Я патрабую, каб ты распавёў, якія там? Сімпатычныя ёсьць? Нагастыя там, грудастыя? Ты там яшчэ… ні з кім…
Яна хіснулася, упала галавой наперад — проста Стаху на жывот, і адплюшчыла вочы: «Кавы!»