Выбрать главу

— Там працуюць нармальныя людзі,— прамовіў Стах, прыціскаючы яе да сябе вольнай рукой. Кава гуляла па доме зь лёгкім покрывам свайго водару й нашэптвала шаманскія заклёны. — Яны мне, ведаеш, калі ў мяне прэміяльныя скралі, скінуліся па рублі й сабралі ўсю суму. Твае б знаёмыя такое здолелі? Прадпрыемства дасьць мне магчымасць самарэалізавацца. Яно навучыць мяне разьбірацца ў людзях. Яно дасьць мне жыцьцёвы досьвед. Яно памірыць мяне з грамадзтвам. Яно дазваляе мне дасьледваць псыхалёгію, філязофію, іншыя навукі не ў бібліятэках, а непасрэдна, у натуральных умовах. Яно выпусціць маю кнігу, яно прадастаўляе мне майстэрню для працы.

— Спадзяюся, я аніколі ня ўбачу ні кнігі, ні карцінаў,— пасьпешна сказала Тая. — Яно… дасьць… Слухай, а ты задумваўся калі-небудзь над тым, якую цану ты заплоціш за гэта? І ці ня думаў ты, што яно дае табе ўсе гэтыя магчымасці, каб адбіць усякую ахвоту займацца тым, без чаго ты сваё жыцьцё не ўяўляеш? Табе ніколі не здавалася, што надта ўжо розьніцца стаўленьне да цябе па-за прадпрыемствам і на ім? І ты ніколі не лавіў сябе на такім падазрэнні, лёгкім такім падазрэньні, што ўсё тое, што адбываецца з табой там — занадта ненатуральна, каб быць сапраўдным?

— Я нідзе яшчэ не адчуваў сябе так вольна, так утульна, — упэўнена адказаў Стах.

— А ці не ўзьнікала ў цябе такой думкі,— не ўціхала Тая, — што ты — поўная бяздарнасьць? Што ты знайшоў на прадпрыемстве такіх жа бяздарнасцяў, з той толькі розьніцай, што яны не ўдаюць на інтэлектуалаў і творчых, блядзь, людзей, і цяпер вы кажаце адны адным камплімэнты: яны такія таленавітыя людзі, і мой талент цэняць… Бездары, я заўважыла, любяць больш за ўсё на сьвеце сабрацца ў вадным месцы й расхваліваць адзін аднаго, аналізаваць, вывучаць, а потым зьмяшаць з гноем.

— Што? — што яна дазваляе хай замахваецца на што заўгодна але на гэта — Тая, гэта ўжо абраза! Ты мае творы бачыла?

— Сьценгазэту? — яна румзала ад сьмеху. — Оду таварышу Марлокіну? Сэрэнаду брыгадзіру гэтаму… як яго… Кірылу Анатольевічу? Ты ж домік з трубой ня зможаш намаляваць! А твае гэтыя вершы — яны проста набор… набор… ну, карацей…

— Тая! Замаўчы!

— Высакапарнасьцяў, о!

— Табе ніколі не зразумець, што такое прадпрыемства. У рабочага ёсьць годнасьць, а ў цябе што, апрача малпы ў шлюбным ложку? Не чапай маіх талентаў, і адчапіся ад прадпрыемства. Ты нічога ў гэтым не разумееш. Напісала сачыненне школьнае пра мужа свайго тупога, і думае, што гэта мастацтва!

— За сачыненне адкажаш, — халодна прамовіла Тая. — Хрэн з табой, хлопчык мой, я распавяду табе пра прыроду белізны. Хай мяне Радзівіл пакрышыць на катлеты.

— Зараз будзе пропаведзь. Пра бога з-за чыгункі. Бачыў я твайго Радзівіла, прыязджаў ён на прадпрыемства. Звычайны чыноўнік.

— Слухай уважліва й не перапыняй мяне. Хутка табе стане цікава, і ты будзеш на каленях прасіць мяне працягваць. А я буду ліць табе за каўнер кіпень і гучна сьмяяцца.

Насамрэч прадпрыемства, дзе ты, як табе здаецца, працуеш, ёсьць нічым іншым, як вялізным гульнёвым полем. Не, створанае яно было, ведама ж, для вырабу прадукцыі, вельмі даўно, калі яшчэ нашых бацькоў не было на гэтым сьвеце. Але цяпер і ты, і твае — ха-ха — калегі — ня больш за фігуры на дошцы. Якім чынам? Слухай, слухай, не перапыняй. Я ведаю, гэта гучыць фантастычна, і ўсё такое. Вось у цябе ніколі не выклікалі падазрэння твае суровыя працоўныя будні на прадпрыемстве? Яны не нагадвалі табе херова зьняты фільм, як быццам ты доўга сядзеў перад тэлевізарам, заснуў, тупа назіраючы за чарговым баевіком, і апынуўся ўрэшце па той бок экрану, і цяпер ужо ня можаш прачнуцца, а ўсё граеш дзень за днём адну й тую ж ролю. Табе наканавана застацца бессмяротным на стужцы… нікому не патрэбнай, беспасьпяховай стужцы. Ой, што гэта я загаварыла так… як быццам… Ну, ды добра.

Я ня ведаю, калі Радзівіл стаў тым, кім ён ёсьць цяпер. Богам… Цяпер ты ўжо не сьмяешся? Значыць, пачаў нешта разумець. Але тое, што я ведаю… Яно гучыць так. Шмат гадоў таму Радзівіл патаемна набыў прадпрыемства. Ні шырокая публіка, ні рабочыя — ніхто пра гэта не даведаўся. Звонку яно й праўда нагадвае завод, завод, заклапочаны нібыта толькі тым, каб вырабляць, прадаваць, набываць, удасканальваць, распрацоўваць, мадэрнізаваць. Але паслухай. Радзівіл гуляе зь яшчэ адным чалавекам, ня памятаю, як яго… някідкі такі, шэрая такая зьнешнасьць, і прозьвішча такое, ведаеш, кшталту Іванова… гуляе зь ім у людзей. Што ж ты ня ржэш болей? У кожнага зь іх, у Радзівіла й гэтага… як жа яго ўсё-ткі завуць?… маюцца на прадпрыемстве свае фігуры. Сутнасьць вось у чым: трэба прыдумваць выпрабаванні для фігураў суперніка, каб тыя хутчэй пазвальняліся. У каго фігураў не застанецца, той прайграў. Зразумела? Вядома, выпрабаванні мусяць быць не смяротнымі, а такімі… на мяжы. І абавязкова — жыцьцёва праўдападобнымі.