Выбрать главу

- Што здарылася? - спытаў князь.

Шырокая далонь зацiснула Жывiнбуду рот, i ў той жа момант ён адчуў пад сэрцам пякучы боль ад уколу нечым вострым.

Прачнуўся Воўк ад таго, што нехта трос яго за плячо. Расплюшчыў вочы. Ужо развiднела. Першыя промнi сонца праз прасветы мiж галiн падалi на зямлю.

- Княжа, - схiлiўся над iм Гвай.

Па яго ўстрывожаным твары здагадаўся, што нешта здарылася.

- Лiха, - мовiў дзядзька.

- Што? - падняўся Воўк i знерухомеў, не верачы сваiм вачам.

Васковы твар бацькi, безжыццёвыя шкляныя вочы, нерухомыя сцятыя вусны адразу зразумеў: бацька нежывы.

- Та-та! - закрычаў Воўк i апусцiўся на каленi перад Жывiнбудам. Душа, сэрца, розум - усё ў Воўку супрацiўлялася прызнаць гэтую горкую праўду. На iмгненне здалося, што ўсё адбываецца ў сне, - такiм чужым выглядаў гэты падобны на яго бацьку нежывы чалавек. Але гэта быў бацька. I гэта быў не сон. Холад бацькоўскiх рук, да якiх Волак дакранаўся, забраў у яго апошнюю надзею. Як жа так? Яшчэ ўчора... а вось сёння...

Навошта ў такi нялёгкi момант пакiнуў яго?

Адчуў, як набягае на вочы сляза.

Убаку моўчкi стаялi ваяры.

- Трэба зiрнуць тулава, - апусцiўся побач з Воўкам Гвай. - Заплюшчы вочы, каб не ўгледзеў жывых.

Воўк дакрануўся пальцамi да павек i закрыў бацькавы вочы.

- Княжа, - паказаў Гвай пальцам на сiнявата-чырвоную кропку пад левым смочкам. - Не Марэна чорнай ноччу ўсыпiла Жывiнбуда. Унавiлi яго.

- Як? - вырвалася ў Воўка.

- Гэта макавае зерне пад сэрцам у князя - след iголкi. Князя ўнавiлi.

Здавалася, што Воўк з цяжкасцю разумеў тое, што пачуў, утарапела паглядаў перад сабой i маўчаў. Нiбыта задыхаўся, высока падымалiся яго грудзi, ён з шумам дыхаў. Гвай чакаў адказу. Нарэшце Воўк няўпэўнена прагаварыў:

- Калi ўнаўцу не знойдзем, дык падумаюць на мяне - пасля бацькавай смерцi я адзiны яго спадкаемца. Значыць, смерць яго была ў ласку Воўку, - уголас выказаў сваю боязь княжыч. Яго вочы ўмольна паглядалi на Гвая.

Вось такi разгублены i бездапаможны Воўк быў толькi ў маленстве, калi многае ў гэтым свеце адкрываў упершыню. Ён умольна паглядаў на яго, свайго дзядзьку, - растлумач, дапамажы. I бездапаможнасць гэтага ўжо даўно дарослага чалавека не раззлавала Гвая, а выклiкала ў душы шкадобу да яго.

- Князева смерць у ласку i Завейку, - прамовiў задумлiва Гвай.

- Завейку? - здзiвiўся Воўк i пасля нiбыта не згаджаўся з Гваевымi падазрэннямi.

- Сам князь укажа ўнаўцу. - I так упэўнена мовiў гэта Гвай, што княжыч даверыўся яму, ведаючы, што мудры настаўнiк заўсёды ведае ўсё.

Яны падышлi да ваяроў. Воўк пераводзiў позiрк з аднаго чалавека на другога. Нехта з iх i нанёс ноччу смяротны ўдар бацьку. Але хто? Усiх ведае добра - самi гатовы памерцi за свайго князя. На каго тут падумаць?

- Князя ўнавiлi.

Гваевы словы ўразiлi ваяроў. Яны нейкi час не маглi апамятацца, лыпалi вачыма i маўчалi, а пасля абурана закрычалi:

- Хто ён? Няма лiтасцi яму!

- Зараз кожны з нас падыдзе да князя i пацалуе яго ў лоб. Князева душа, калi ўбачыць унаўцу, дык на iмгненне вернецца ў пакiнутае цела. Князь схопiць унаўцу, - мовiў Гвай i першы падышоў да нябожчыка, апусцiўся побач з iм на каленi i пацалаваў яго ў лоб.

Адзiн за адным апускалiся перад былым сваiм правадыром воi i, цалуючы яго ў лоб, яшчэ раз пацвярджалi сваю вернасць яму. Шостым павiнен быў iсцi Лютак Воўкаў аднагодак - шыракаплечы i высокi юнак. Княжыч даўно заўважыў, што Лютак пакусваў вусны i палахлiва паглядаў на нябожчыка. Але не мог ён злачынства такое ўчынiць. Рос жа пры княжым двары. I князь не адрознiваў нi Лютака, нi iншых пасынкаў дружыны ад сваiх сыноў - садзiў за свой стол, жалаваў сваёй мiласцю i дарамi. I такая чорная няўдзячнасць.

Лютак марудна крочыў да Жывiнбуда, згорбiўся, уцiснуў галаву ў плечы. Ён спынiўся i азiрнуўся назад. За спiнай, узяўшыся за крыжы мячоў, чакальна пазiралi ваяры.

- Калi праўда твая, чаго палохаешся? - падбадзёрыў Лютака Гвай.

Юнак з усхлiпам уздыхнуў i зрабiў некалькi крокаў. Нiбыта зачараваны, паглядаў ён на мерцвяка. Кропелькi поту выступiлi на Лютакавым iлбе.

- Вочы! Ён расплюшчыў вочы! - нема закрычаў Лютак i прыкрыў твар дрыготкай рукой. - Не трэба! Я не хацеў.

Раптам Лютак, як нежывы, павалiўся на зямлю. Яго збялелы твар скрывiўся пакутлiвай грымасай жаху. Вочы закацiлiся пад лоб. Ён сутаргава хапнуў ротам паветра. Гвай падбег да ваяра.

- Хто патворац? Хто загадаў? - пракрычаў дзядзька i прыўзняў Лютакаву галаву.

- Завейка, - з цяжкасцю прашаптаў Лютак.

* * *

У Жоўнах рыхтавалiся да правежы. Жрыца смерцi Яга абмыла Жывiнбудава цела i апранула яго ў саян, пашыты з нiколi не мытага палатна ў выглядзе доўгай кашулi з шырокiмi рукавамi, якi ўкрываў i ногi нябожчыка. Яго паклалi на лаве на кутнiм месцы ў грыднiцы, перавязалi складзеныя на грудзях рукi чырвонай жычкай, а на шыю павязалi ручнiк, каб на тым свеце, стомлены доўгiм шляхам у Вялесаву краiну, мог князь выцерцi з твару пот. Каля галавы нябожчыка гарэла свяча, якая асвятляла яго душы дарогу ў вырай. Да драбнiц выконваўся старажытны абрад правежы, каб нiчым не пакрыўдзiлася Жывiнбудава душа. Тры апошнiя днi жыла яна ў княжацкiх харомах, сiлкавалася хлебам i соллю, спаталяла смагу вiном з чары - усё гэта стаяла на падаконнi. Тры днi пазiрала яна, як развiтвалiся людзi з яе целам. Забылiся яны пра свае клопаты i працу, забылiся i пра трывогу аб сваiх блiзкiх, што не вярнулiся з сечы. Вестуны ўсе гэтыя тры днi з чорным кiем хадзiлi па градзе i вакольных весях i апавяшчалi пра князеву смерць. "Чорны кiй iдзе вакол". Апошнюю пашану трэба было аддаць Жывiнбуду. I прыходзiлi да яго людзi, прыносiлi яствы, хто чым быў багаты. Ставiлi на стол ядзь i падалi перад нябожчыкам на каленi. "Вось я, - называлi сваё iмя, - прыйшоў да цябе; паспытай сам, каб не галадаў, i гасцей сваiх пачастуй. Памянiце, багi, яго душу, адчынiце ёй вырай прасветлы. Ласкавы быў князь да нас i мiласцiвы. А ты, княжа, малi багоў, каб ахоўвалi яны нас, каб хлеб урадзiўся ў нас i жывёла была жывая". Не сунiмалiся плакальшчыцы, карылi над князем:

Закацiлася нашае яснае сонейка,

Што не грэеш нас, горкiх сiрацiнак!

Веюць на нас ветры буйныя-сцюдзёныя.

I на каго ты нас, бедных, пакiдаеш

На вялiкае горачка?

Цяпер жа за нас, сiрот, некаму i заступiцца,

Нам дапамагаць, нас навучаць,

Каб не была ў нас долечка гаротная,

Каб не была ў нас долечка лiхая.

Ты ўставай-падымайся, бацюшка-князь радзiмы,

Не тая цяпер пара табе спацi ды высыпацiся...

Сядзела пры нябожчыку княгiня Лаўса ў белай вопратцы, у якой некалi брала яна шлюб з князем. Расчуленая жалямi i надрыўнымi галасамi плакальшчыц, i яна не стрымала слёз.

На трэцi дзень павезлi Жывiнбудава цела на жэглiшча. I пачалося тое дзейства, калi кожны рух i кожнае слова - знак пашаны да таго, хто яшчэ ўчора жыў. Шэсць вояў паднялi на рукi свайго былога правадыра i праз пралом у сцяне, каб смерць не ведала сямейнага парога i дзверы адчынялiся толькi для жывых, вынеслi на двор. Пранеслi над дзвюма сякерамi, якiя крыж-накрыж ляжалi на зямлi, - знак таго, што, мiнаючы iх, былы ўладар дома перадаваў яго новаму гаспадару - свайму сыну Воўку. Князя паклалi на санi, запрэжаныя двума белымi канямi - любiмым, на якiм ездзiў Жывiнбуд, i другiм, якi яшчэ пры яго жыццi прысвячаўся святаром дзеля князевай правежы, i нiхто нi разу на iм не праехаў i не ўпрог нi ў воз, нi ў санi.

Воўк пасыпаў лаву жытам, каб яно ачысцiла яе ад плюгаўства смерцi, i выйшаў з харомаў.

I рушылi да жэглiшча. Уперадзе конi цягнулi санi з нябожчыкам. За санямi iшла Лаўса. Яна iшла з высока ўзнятай галавой - велiчная i спакойная, нiбыта ведала: усё, што адбываецца вакол яе, проста ўмоўнасць, якую трэба выканаць, каб зноў сустрэцца з мужам.