Выбрать главу

А праз два днi Воўк пакiнуў бацькоўскi дом. Сiлы абараняць град у князя не было. Вось i падаўся ён на чале сваёй невялiчкай дружыны ў занёманскiя пушчы. Разам з князем адправiлiся Вышак i Лаўса, а таксама тыя, хто не хацеў прызнаваць над сабой уладу рускага ўладара. Дым запаленага дзяцiнца праважаў уцекачоў у дарогу.

* * *

На месцы дзяцiнца чарнелi галавешкi i кучы попелу. Яраслаў спынiў каня.

Сумна пазiраў ён на сiратлiвыя рэшткi спаленага жытла. Кошка выбегла з разбуранай клецi i насцярожана ўтаропiлася на чалавека. I варта яму было крануцца з месца, як звярок уцёк. Каля падножжа гары князь убачыў двух маленькiх хлопчыкаў. Адзiн нёс у руках бярозавую калоду да свайго сябра, якi стаяў спiнай да вогнiшча i дубцом заўзята сцёбаў крапiву. Убачыўшы перад сабою збройнага чалавека, хлопчык выпусцiў з рук калоду. З-пад аблавухi на князя паглядалi спалоханыя вочкi. Запэцканай у сажу далонню хлопчык пацёр правае вока, пераступiў босымi нагамi.

- Не чапайце нас, дзядзечка, - папрасiў ён.

Нязвыкла для князя прагучала гэтае слова - дзядзечка. Нiхто яго так не называў. I непрыемна стала ад таго, што хлопчык спалохаўся яго, не давярае яму.

- Ты адсюль? - спытаў князь.

- Ага, - махнуў галавою хлопчык. - А вогнiк нам дазволiлi палiць.

- Як завуць гэтае паселiшча?

- Жаўны.

"Тут я пастаўлю свой град. I назаву яго Новым градам", - падумаў князь.

* * *

Была вясна. Стамiўшыся ад восеньскай непагадзi, ад зiмовых халадоў, ад пахмурных дзён, ад доўгiх тужлiвых вечароў, людзi дачакалiся яе. I, як заўсёды, чакалi з трапяткой надзеяй: вось надыдзе час Яр, спаляць Марэну i штосьцi абавязкова зменiцца ў iх самотным жыццi, зменiцца да лепшага. А моладзь жыла ў прадчуваннi кахання. I людзi радавалiся кожнай праяве вясны, кожнаму яе сонечнаму дню, крыгаходу, першай зелянiне. Яна надышла. Сонца ўжо прыпякала па-летняму. I пад яго промнямi лёталi над кветкамi матылькi, гудзелi чмялi. А наваколле звiнела ад птушыных галасоў. Зелянiна дрэў i палеткаў радавала вочы падарожных. I не такiмi ўжо змрочнымi здавалiся старыя засохлыя вербы i дубы, што сустракалiся на шляху. Завейка ехаў разам з дачкою ў Новы град. Немалады быў Завейка. I хоць яму на страстным тыднi пяты дзесятак стукнуў, але не лiчыў ён сябе састарэлым. Ну i што з таго, што сiвiзна асыпала яго валасы i чорную бараду. Ну i што з таго, што зморшчыны запалi на яго твары. Ды толькi ў маладога рэдка сустрэнеш такую радасную ўсмешку, як у Завейкi. Такiя вясёлыя вочы, як у яго. Князь адчуваў сябе шчаслiвым. I з пяшчотаю i любоўю паглядаў ён на дачку. Уперадзе на белым канi ехала яна. I хацелася князю пад'ехаць да сваёй донькi, мовiць ёй ласкавае слова, прытулiць яе да сябе, каб адчуць святло дарагога яму цела, пагладзiць яе, зазiрнуць у вялiкiя вочы. Родная яго крывiначка. Як падобна на мацi. I нiбыта тая нiтка, што так упарта намотвала на верацяно яго гады, рушыла мiнулае i ён вярнуўся ў юнацтва. Ён зноў адчуў сябе маладым, а побач з iм яго каханая Багдана. I ўсё жыццё наперадзе, i, здаецца, пройдзе яно ў днях кахання. А жыццё рыхтавала яму страты.

Бажэна была ў яго малодшай, а першых яму нарадзiла Багдана сыноў Лiтавора i Лелюша. I абодва яны склалi галовы ў сечах. Старэйшы Лiтавор загiнуў на яiго вачах, пяць гадоў назад, у набегу на Русь. Дваццаты раз сустракаў вясну Лiтавор, i гэта была яго першая i апошняя сеча. Дзiдай русiн ударыў Лiтавору ў грудзi. I апусцiў сын галаву на конскую шыю. Стралой iмчаўся да сына князь. Крышыў мячом русаў, прабiраўся да Лiтавора. Вось ён. Беражлiва зняў з каня абамлелае цела сына. Лiтавор! Крывавая пена выступiла ў сына на вуснах. На руках у бацькi апошнi раз i ўздыхнуў.

Лелюш загiнуў васемнаццацiгадовым, калi два гады таму варагi на ладдзях спусцiлiся па Нёмане i пачалi рабаваць лiцьвiнскiя сёлы. Сам жа ўзяў Лелюша з сабой. А пасля сечы знайшоў яго са стралой у грудзях. Смерць сыноў падкасiла Багдану. За нейкi год згарэла яна, як свечка, i адправiлася за iмi ўслед у вырай. А, ён перанёс страту.

Бажэна. I не можа ён уявiць сабе, што аднойчы не сустрэне яго дома дачка, не выбежыць да яго на ганак, не абдыме за шыю, не пацалуе. Ды толькi iдзе час, i трэба аддаваць дачку ў чужую сям'ю замуж. Жыцця не пераробiш - будзе на старасцi няньчыць унукаў. Усё ж не адзiн-адзiнёшаны застанецца.

Цёмная хмара наплыла на сонца, i нiбыта цень упаў на зямлю. Зашамацеў у вершалiнах вецер. З нябёсаў пранiзлiва закрычаў каршук. Да горада яшчэ было далекавата.

I раптам на дарогу выскачылi апранутыя ў звярыныя шкуры, узброеныя мачугамi i дзiдамi людзi. З баявымi крыкамi яны акружылi падарожнiкаў. Трэба ратавацца. Завейка выхапiў з похваў меч.

Не - гэта не сон, але i паверыць, што гэта праўда, Бажэна не хацела. Гэтыя раз'ятраныя людзi, якiя раптам выскачылi з лесу, спынiлi яе каня, i моцныя рукi, балюча сцiснуўшы яе стан, выхапiлi дзяўчыну з сядла i апусцiлi на зямлю.

- Бажэна! - закрычаў Завейка i накiраваў свайго каня да дачкi.

Вострае лязо мяча са свiстам рассякала паветра. Князь нiкога не падпускаў да сябе. Але не выратаваў бацька дачкi. Кiнутая ззаду пятля абвiла яго грудзi. Не ўтрымаўся ў сядле князь i выкулiўся з яго. I тут жа князю скруцiлi рукi i звязалi. Лежачы на зямлi, Завейка пазнаў у чалавеку, што падышоў да яго, княжыча Вышака. Апрануты, як i яго людзi, у скураныя куртку i нагавiцы, з мячом на пасе, Вышак усмiхаўся. На яго, Завейку, i не зiрнуў. Абхапiў Бажэну рукамi, прыцягнуў яе да сябе.

- Iдзi да мяне.

- Адчапiся, - уперлася рукамi ў грудзi княжычу дзяўчына.

- Ха-ха-ха! Не любы я табе! А Воўка не забыла? Ха ха-ха.

Дык вось у чые рукi яны трапiлi. I што iх цяпер чакае? Не, Воўк не даруе яму забойства бацькi. Але ж Бажэна? Як выратаваць яе? Не, у яго павiнна быць надзея.

- Вышак, адпусцi дачку i ты атрымаеш багаты выкуп.

- Ха-ха-ха, - засмяяўся ў адказ княжыч. - Ты кажаш пра выкуп. Ты, злодзей, забiў майго бацьку. Тваё жыццё будзе выкупам.

I толькi цяпер усвядомiўшы, што здарылася, Бажэна не магла спакойна глядзець, як смяялiся гэтыя людзi з бацькi. I такi бездапаможны быў ён, што яе сэрца сцiснулася ад шкадобы.

* * *

Спачатку яны прабiралiся вузкай сцежкай, над якой шумелi вершалiнамi старыя ялiны. Уперадзе ехаў на гнядым канi Вышак. За iм барадаты воiн, у скураной куртцы i нагавiцах, у пасталах, з мячом на пасе, вёў за паводдзе каня, на якiм ехала Бажэна. Iшоў са звязанымi рукамi Завейка.

Мiнуўшы дуброву, яны выбралiся на луг. Трава, якая нiколi не ведала касы, вымахала па пояс. Людзi з цяжкасцю прабiралiся праз жорсткiя сцяблiны. З-пад конскiх капытоў узляталi птушкi.

То шлях iх праходзiў па хвойнiку, дзе на крохкiх нiцях павуцiння зiхацелi сонечныя промнi, то ехалi ўздоўж берага нейкай рачулкi, над якiм нiцма схiлiлiся вербалозы. I ўвесь час азiраўся Вышак назад на Бажэну. Запала дзявочая прыгажосць у яго сэрца. I калi спынiлiся нанач, калi ваяры пачалi разбiваць стан, Вышак падышоў да дзяўчыны. Ён палохаўся, што яна не адкажа яму, але наважыўся на гэты крок.

Бажэна сядзела на канi i паглядала паверх яго галавы, нiбыта не заўважала княжыча.

- Вось ты якая? Нездарма брат упадабаў цябе.

Дзяўчына не адказала княжычу. Маўчала яна i тады, калi селi вячэраць. I нечакана для яго нясмела ўсмiхнулася; яе маленькiя губы затрапяталi i агалiлi шэраг беласнежных зубоў. Ноччу, калi воi леглi спаць, паклаўшы пад бок звярыныя скуры, калi заснулi нявольнiкi i толькi вартавыя не ведалi сну, Вышак падышоў да дзяўчыны. Яна спала на мядзведжай скуры каля вогнiшча. I калi схiлiўся над Бажэнай, захацелася пацалаваць яе. Ён так i зрабiў, i адчуў вуснамi пяшчотную цеплату яе твару.

Назаўтра апоўднi атрад Вышака дабраўся да агароджанага драўлянымi сценамi паселiшча, якое знаходзiлася на высокiм пагорку. Вой, якi стаяў на вартавой вежы, убачыўшы людзей, што падышлi да брамы, нешта крыкнуў унiз. Зарыпелi жалезныя засаўкi, i два чалавекi павольна адчынiлi дубовую браму.

Тут за гэтымi сценамi, знайшоў сабе прытулак князь Воўк.

Вышак увёў Бажэну ў хату. На сценах святлiцы вiселi звярыныя скуры i зброя. З другога пакоя выйшаў насустрач Воўк. Князь быў у льняной срачыцы i партах, у ботах, на пасе вiсеў у скураных похвах кароткi меч. У прыцемках твар Воўка здаўся ёй злавесным i нядобрым. Ды i само маўчанне князя палохала Бажэну.