Вось туды мы і сказалі перанесці нашыя рэчы на вялікі жаль слугоўцаў «Гранд-гатэля», якія ў добрай італьянскай завядзёнцы вельмі любілі дзяцей; памяшканне, якое нам далі, было ізаляванае і прыемнае, дарога да мора, сярод прысадаў маладога тапольніку, што аж выбягалі на прыморскі праменад, блізкая і зручная, сталовая, дзе сіньёра Анджальеры штодня аполудні сваімі рукамі налівала суп, зацішная і чысценькая, прыслуга далікатная і ласкавая, стол выдатны, мы нават спаткалі ў пансіёне знаёмых з Вены, з якімі пасля абеду можна перакінуцца словам-другім і якія, у сваю чаргу, звялі нас са сваімі сябрамі, так што ўсё магло быць цудоўна, мы толькі радаваліся перамене жытла, і нішто, здавалася, не замінала добра адпачываць.
Але душэўнага спакою не было. Магчыма, нас усё яшчэ даймала бязглуздая прычына пераезду — я павінен сказаць вам, што заўсёды цяжка даходжу да раўнавагі, калі сутыкаюся з такімі пашыранымі чалавечымі ўласцівасцямі, як прымітыўнае злоўжыванне ўладай, несправядлівасць, халуйская разбэшчанасць. Гэта ўжо даўно грызе мяне, змушае да роздуму, бясплённага і дражлівага, бо такія праявы зрабіліся занадта звычайнымі і буднымі. Да таго ж мы нават не адчувалі, што пасварыліся з «Гранд-гатэлем». Дзеці, як і раней, вадзіліся з персаналам, калідорны папраўляў ім цацкі, і час ад часу мы пілі чай у садзе гасцініцы, часам бачылі там княгіню, якая, з крыху падведзенымі каралавай шмінкай вуснамі, велічна-цвёрдым поступам выходзіла, каб зірнуць на сваіх, давераных англічанцы дарагіх дзетак, і не здагадвалася пра нашу небяспечную блізкасць, бо мы свайму малому строга-строга наказалі нават не сморкацца пры ёй.
Ці варта казаць, што стаяла страшэнная спёка? Спёка была проста афрыканская: жудасная тыранія сонца, варта было толькі адарвацца ад сіняй, колеру індыга прахалоды, была такая няўмольная, што нават адна подумка пра тое, каб прайсці некалькі крокаў ад пляжа да стала, прымушала ўздыхаць. Як вы пераносіце спёку? Скажам, калі яна стаіць тыднямі? Вядома, гэта поўдзень і класічнае паўднёвае надвор’е, клімат, які паслужыўся росквіту чалавечай культуры, сонца Гамера і так далей. Але праз нейкі час, мімаволі, я ўжо схільны лічыць, што гэты клімат атупляе. Дзень у дзень усё тая самая распаленая пустэча неба спакваля пачынае мяне гнясці, стракацізна фарбаў, залішне рэзкае і бясхітраснае святло хоць і абуджаюць святочны настрой, пасяляюць у душы бесклапотнасць і ўпэўненасць у сваёй незалежнасці ад капрызаў і зменлівасці надвор’я, аднак, хай спачатку сам таго не разумееш, высушваюць, не даюць задаволіць больш глыбокія і няпростыя вымогі нардычнай душы, а з часам навязваюць нават нешта падобнае на пагарду. Праўда ваша, не будзь гэтай дурной гісторыі з ядухай, я, мусіць, успрыняў бы ўсё інакш: я быў раздражнёны, можа, нават хацеў успрымаць усё менавіта так і амаль несвядома падхапіў гатовы штамп калі не дзеля таго, каб выклікаць у сабе такое ўспрыманне ўсяго, што вакол мяне, дык каб хоць бы неяк яго апраўдаць і падмацаваць. Але калі нават дапусціць нейкую нашую злую волю, — дык у тым, што да мора, што да ранішніх гадзін на пяску перад яго нязменнай велічнасцю, ні пра што такое і гаворкі быць не магло; і ўсё-такі, насуперак усяму нашаму мінуламу вопыту, мы і на пляжы не пачуваліся лёгка і радасна. Так, мы прыехалі занадта, занадта рана: як я ўжо сказаў, я ўсё яшчэ быў ва ўладзе мясцовага сярэдняга класа — несумненна, прыемная разнавіднасць людзей, вы маеце рацыю, сярод моладзі можна было сустрэць і высокую душэўнасць, і фізічную прыгажосць, але, як правіла, вакол нас была чалавечая пасрэднасць і мяшчанская безаблічнасць, якія, вы не будзеце пярэчыць, адштампаваныя ў тутэйшым поясе, нічым не лепшыя за тыя экземпляры, што пракідаюцца і пад нашым небам. Але ж бо і галасы ў тутэйшых кабет! Часам проста не верылася, што мы ў Італіі — калысцы ўсяго заходнееўрапейскага вакальнага мастацтва. «Fuggiero!» Дагэтуль у вушах стаіць гэты крык, нездарма ж цэлых дваццаць дзён ён грымеў амаль побач са мною, бессаромна хрыпаты, жахліва акцэнтаваны, з віскліва расцягнутым «е», быццам яго вырывала з яе нейкая ўжо прывычная роспач: «Fuggiero! Rispondi almeno!»[10]. Пры гэтым «sp» вымаўлялася вельмі вульгарна, як «шп», што ўжо само па сабе раздражняе, асабліва калі ты і без таго не ў гуморы. Крык гэты быў адрасаваны мярзотнаму хлапчаняці з агіднай язвай ад сонечнага апёку паміж лапаткамі, які не меў сабе роўні ў зацятасці, свавольстве і ліхой шкодлівасці, усё, з чым я калі сутыкаўся — тут нішто; да таго ж ён быў страшэнны баязлівец і не пасаромеўся ў сваёй абуральнай маладушнасці перапалошыць увесь пляж. Неяк аднаго разу яго ў вадзе ўшчыкнуў за нагу краб, а горасны енк, які быў вывергнуты ім з такой нікчэмнай прычыны на манер антычных герояў, проста душу раздзіраў, і ўсе падумалі, што сталася няшчасце. Мабыць, ён лічыў сябе цяжка параненым. Ён выпаўз на бераг і ў невыносных, здавалася, пакутах качаўся па пяску, лямантаваў «ohi!» i «oime!», біў рукамі і нагамі, не слухаў матчыных заклёнаў і ўгавораў блізкіх і знаёмых, што абступілі яго. З усіх бакоў збегліся людзі. Прывялі доктара, таго самага, які так добра разабраўся з нашай ядухай, і зноў пацвердзілася яго навуковая непрадузятасць. Дабрадушна суцяшаючы пакутніка, ён заявіў, што ўсё гэта дробязь, і проста параіў свайму пацыенту яшчэ пакупацца, каб ахаладзіць драпіну ад крабавых клюшняў. Замест гэтага Фуджэра, быццам ён сарваўся са скалы альбо ўтапіўся, паклалі на зымправізаваныя насілкі і праз натоўп пляжнікаў панеслі з пляжа, — але гэта не перашкодзіла яму на раніцу зноў там паявіцца і, як бы незнарок, таптаць пясчаныя крэпасці другіх дзяцей. Адным словам, кашмар адзін, а не дзіця!