Выбрать главу

Мы за два метры адно ад аднаго; я пільна глядзела на яго, але ён не заўважаў мяне. Ён не бачыў мяне, ён нікога не бачыў: позірк яго то адрываўся ад грошай перад ім, то ліхаманкава сачыў за шарыкам, калі той пачынаў круціцца, то зноў утаропліваўся на грошы; у гэтым замкнутым коле круціліся ўсе яго думкі і пачуцці; увесь свет, усё чалавецтва зводзілася для гэтага маньяка да кавалка падзеленага на квадраты зялёнага сукна. І я ведала, што магу стаяць тут гадзінамі — ён нават не заўважыць маёй прысутнасці.

Але я не магла болей трываць. Раптам я адважылася, абагнула стол, падышла да яго ззаду і моцна ўчапілася ў яго плячо. Ён павярнуўся і неўразумела паглядзеў на мяне ашклянелымі вачамі, зусім як п’яны, якога толькі што расштурхалі і які глядзіць спрасонку мутнымі, невідушчымі вачамі. Потым ён, здавалася, пазнаў мяне, яго дрыготкія губы разамкнуліся, ён радасна зірнуў на мяне і прашаптаў таямніча і як бы па сакрэце:

— Усё добра… Я так і ведаў, калі ўвайшоў і ўбачыў, што ён тут… Я так і ведаў…

Я не зразумела яго. Я бачыла толькі, што ён ап’янёны гульнёю, што гэты вар’ят пра ўсё забыўся — пра сваю клятву, пра наш угавор, пра мяне і пра ўвесь свет. Але перад яго шалёным экстазам я не магла ўстаяць і, міжволі падпарадкоўваючыся яму, са здзіўленнем спыталася, пра каго ён гаворыць.

— Пра вунь таго старога, аднарукага расейскага генерала, — шапнуў ён і падсунуўся да мяне зусім блізка, каб ніхто не падслухаў чарадзейнай таямніцы. — Вунь ён — з сівымі бакамі, а за крэслам стаіць слуга. Ён увесь час выйграе, я яшчэ ўчора сачыў за ім, у яго, мусіць, свая сістэма, і я кожны раз стаўлю на тое ж поле, што і ён… Ён і ўчора ўвесь час выйграваў… Я толькі зрабіў памылку — працягваў гуляць і пасля таго, як ён пайшоў… Тут я памыліўся… Ён выйграў учора, здаецца, тысяч дваццаць франкаў… і сёння кожны раз выйграе. Я стаўлю ўвесь час за ім… Цяпер…

Раптам ён змоўк на паўслове — пачуўся рэзкі выкрык круп’е: «Faites votre jeu!»[64], і позірк яго прагна пацягнуўся туды, дзе паважна і спакойна сядзеў сівабароды расеец; генерал няспешна паставіў на чацвёрты нумар спачатку адну залатую манету, а потым, памарудзіўшы, другую.

Адразу ж такія знаёмыя мне дрыготкія пальцы рвануліся да кучкі грошай, і ён шпурнуў жменю залатых манет на той самы квадрат. І калі праз хвіліну круп’е абвясціў «нуль» і адным узмахам лапаткі ачысціў увесь стол, ён здзіўленым позіркам праводзіў свае зніклыя грошы. Але вы думаеце, ён павярнуўся да мяне? Не, ён зусім пра мяне забыўся, я выпала, знікла, пайшла з яго жыцця; усёю сваёю істотаю ён быў прыкаваны да расейскага генерала, які спакойна падкідваў на далоні дзве залатыя манеты, раздумваючы, на якую б лічбу паставіць.

Я не магу перадаць вам свайго гневу, свае роспачы. Можаце ўявіць сабе, што я адчувала: дзеля гэтага чалавека я ахвяравала ўсім сваім жыццём, а для яго я была толькі мухаю, ад якой ён ляніва адмахнуўся. Зноў мяне захліснула хваля злосці. З усяе сілы я ўчапілася ў яго руку, так моцна, што ён уздрыгнуў.

— Зараз жа ўстаньце! — ціха, але катэгарычна прашаптала я. — Успомніце, якую клятву вы далі мне сёння ў царкве, нікчэмны вы чалавек, клятвапарушальнік!

вернуться

64

Рабіце стаўку! (фр.).