Ён зірнуў на мяне здзіўлена і раптам пабялеў. У вачах у яго з’явіўся вінаваты выраз, як у пабітага сабакі, губы задрыжалі: здавалася, ён адразу ўспомніў усё, што было, і жахнуўся.
— Так… так… — прамармытаў ён. — Божачка, а божачка!.. Так… я іду… Прабачце…
І яго рука пачала ўжо зграбаць грошы, спачатку хутка, парывіста-рэзкімі рухамі, але потым усё больш марудна, быццам нешта яе стрымлівала. Яго позірк зноў спыніўся на расейскім генерале, які якраз рабіў стаўку.
— Адну хвілінку… — Ён кінуў пяць залатых на той квадрат, што і генерал. — Толькі гэтую стаўку… Клянуся вам, я зараз жа пайду… Толькі стаўку… апошнюю…
І зноў маўчанне. Шарык закруціўся і пацягнуў яго за сабою. Зноў гэты апантаны выслізнуў ад мяне, ад самога сябе, захліснуты кручэннем паліраванага кола, дзе шалеў малюсенькі шарык. Зноў выкрык круп’е, зноў лапатка змахнула яго пяць залатых манет: ён прайграў. Але ён не павярнуўся. Ён забыўся пра мяне, як забыўся пра сваю клятву, пра слова, якое даў мне хвіліну таму назад. Зноў яго рука прагна пацягнулася да ўжо значна меншай кучкі грошай, і ап’янелы позірк быў прыкаваны, нібы да магніта, да візаві, які прыносіў яму шчасце.
Цярпенне маё кончылася. Я зноў страсянула яго, але цяпер ужо моцна.
— Уставайце! Зараз жа… Вы сказалі, толькі гэтую стаўку…
Але тут здарылася нечаканае. Ён раптам крута павярнуўся; на яго твары, звернутым да мяне, ужо не было ні ценю пакоры і збянтэжанасці; гэта быў твар даведзенага да шаленства чалавека, вочы яго гарэлі гневам, губы дрыжалі ад злосці.
— Пакіньце мяне ў спакоі! — зашыпеў ён. — Ідзіце адсюль! Вы прыносіце мне няшчасце. Калі вы тут, я ўвесь час прайграю. Учора так было, і сёння зноў. Ідзіце адсюль!
На момант я скамянела. Але яго нястрыманасць распаліла і мой гнеў.
— Я прыношу вам няшчасце? — сказала я. — Вы лгун, вы злодзей, вы пакляліся мне…
Тут я спынілася, бо ён ускочыў з крэсла і адштурхнуў мяне, нават не заўважаючы, што вакол нас узняўся шум.
— Пакіньце мяне ў спакоі! — гучна закрычаў ён, не помнячы сябе. — Не трэба мне вашай апекі… Вось… вось… вось вам вашы грошы! — І ён шпурнуў мне некалькі стофранкавых білетаў. — А цяпер пакіньце мяне ў спакоі!
Ён не валодаў сабою, калі крыкнуў гэта на ўвесь голас, і не звяртаў увагі на сотні людзей навокал. Усе глядзелі, паказвалі на нас, шушукаліся, смяяліся, нават з суседняй залы заглядвалі цікаўныя. Мне здалося, што з мяне сарвалі адзежу і я стаю голая перад гэтым натоўпам цікаўных… «Silence, Madame, s’іl vous plaіt»[65], — гучна і ўладна сказаў круп’е і пастукаў па стале.
Мяне, мяне тычыўся выкрык гэтага нікчэмнага нахабніка. Глыбока зняважаная, згараючы ад сораму, стаяла я перад натоўпам цікаўных, які насмешліва шаптаўся, — як прастытутка, якой шпурнулі грошы ў твар. Дзвесце, трыста нахабных вачэй утаропіліся ў мяне, і вось… калі, раздаўленая знявагаю і ганьбаю, я адвяла позірк убок, я ўбачыла перад сабою вочы, у якіх застыў жах, — гэта была мужава стрыечная сястра, яна глядзела на мяне, разявіўшы рот, і быццам спалохана засланялася рукою.
Гэта дабіла мяне канчаткова: не паспела яна паварушыцца, апамятацца, як я кінулася прэч з залы; у мяне хапіла сілы дабегчы да лаўкі, да той самай лаўкі, на якую зваліўся без сіл учора гэты вар’ят. І гэтак жа, як ён, я ўпала на цвёрдае, бязлітаснае сядзенне без сіл, без волі, без думак.
З таго часу прайшло дваццаць чатыры гады, і ўсё-такі, калі я ўспамінаю, як я стаяла там, абражаная, утаптаная ў бруд яго знявагаю, перад натоўпам чужых людзей, кроў стыне ў мяне ў жылах. І я са страхам зноў думаю, якое слабае, нікчэмнае і нязначнае тое, што мы напышліва завём душою, духам, пачуццё, што мы завём пакутаю, калі ўсё гэта не можа разбурыць пакутную плоць, змучанае цела, калі можна перажыць такія гадзіны і пасля гэтага яшчэ дыхаць, замест таго каб памерці, зваліцца, як дрэва, у якое ўдарыла маланка. Бо боль, які пранізаў мяне ўсю, мог толькі на кароткае імгненне кінуць мяне на лаўку, дзе я замерла і не дыхала, нічога не ўсведамляла, акрамя прадчування жаданай смерці. Але я ўжо сказала — усякі боль баязлівы, ён адступае перад магутным клічам жыцця, чыя ўлада над нашаю плоццю мацней, чым над духам усе спакусы смерці. Мне самой было незразумела, як я магла ўстаць пасля такога ўзрушэння; але ўсё ж я ўстала, праўда, не ведаючы, што ж мне цяпер рабіць. Раптам я ўспомніла, што мае чамаданы ўжо на вакзале, і адразу прамільгнула думка: прэч, прэч, хутчэй прэч адсюль, з гэтага праклятага месца. Не гледзячы па баках, я пабегла да вакзала, спыталася, калі ідзе наступны цягнік у Парыж; а дзесятай гадзіне, адказаў мне служыцель, і я адразу ж здала свае рэчы ў багаж. А дзесятай гадзіне — значыцца, пройдзе роўна дваццаць чатыры гадзіны пасля той фатальнай сустрэчы, дваццаць чатыры гадзіны, якія былі так насычаны бурнымі супярэчлівымі пачуццямі, што мой унутраны свет быў навекі разбураны. Але спачатку я нічога не ўсведамляла, акрамя аднаго слова, якое нязмоўкла стукала ў скронях, упівалася ў мозг, быццам клін, які ўбіваюць: прэч! прэч! Прэч з гэтага горада, прэч ад самой сябе, дадому, да сваіх блізкіх, да ранейшага, да свайго жыцця! Раніцаю я прыехала ў Парыж, там — з аднаго вакзала на другі і ў Булонь, з Булоні — у Дуўр, з Дуўра — у Лондан, з Лондана — да сына, — усё як бы ў адзіным хуткім палёце, без прыпынкаў, не разважаючы і не думаючы: сорак восем гадзін без сну, без слоў, без яды, сорак восем гадзін, на працягу якіх колы выстуквалі ўсё тое ж слова: прэч! прэч! прэч! Калі я нарэшце неспадзявана для ўсіх увайшла ў сынаў загарадны дом, усе спалохаліся: мусіць, ва ўсім маім абліччы, у маім позірку было нешта, што выдавала мяне. Сын хацеў абняць і пацалаваць мяне. Я адхіснулася: думка, што ён дакранецца да вуснаў, якія я лічыла апаганенымі, была нязноснаю. Я ўхілілася ад роспытаў, папрасіла толькі прыгатаваць ванну, бо я адчувала патрэбу разам з дарожным пылам змыць са свайго цела апошнія ўспаміны аб пачуцці гэтага апантанага, нявартага павагі чалавека. Потым я з цяжкасцю паднялася ў свой пакой і праспала дванаццаць-чатырнаццаць гадзін глухім, мёртвым сном, якім ніколі ў жыцці не спала, такім сном, пасля якога я зразумела, што значыць нежывою ляжаць у труне. Сваякі даглядалі мяне, як хворую, але іх ласка прыносіла мне адно боль; я саромелася іхняй пачцівасці, іхняй павагі, і мне прыходзілася ўвесь час стрымлівацца, каб раптам не выкрыкнуць ім у твар, што я ўсім здрадзіла, пра ўсіх забылася, ледзь не пакінула іх дзеля безразважнага згубнага пачуцця.