Заўвага аб трэцеразрадных шахматыстах была для такога самалюбівага чалавека, як Мак Конар, бадай што залішняя. Ён сярдзіта адкінуўся назад у крэсле і гарачліва заявіў, што не ўяўляе сабе, каб Чэнтавіч мог адхіліць ветлівае запрашэнне джэнтльмена. Пра гэта паклапоціцца ён сам. Па яго просьбе я коратка апісаў знешні выгляд чэмпіёна, і Мак Конар, поўны нецярпення, пакінуў на волю лёсу незакончаную партыю і падаўся шукаць Чэнтавіча на верхняй палубе. Тут я зноў адчуў, што ўтрымаць чалавека з такімі магутнымі плячамі, калі ён убіў сабе што-небудзь у галаву, рэч зусім безнадзейная.
Я напружана чакаў, што будзе. Праз дзесяць хвілін Мак Конар вярнуўся, як мне здалося, не ў гуморы.
— Ну як? — спытаўся я.
— Вы мелі рацыю, — адказаў з прыкрасцю Мак Конар, — не вельмі прыемны пан. Я прывітаўся і назваў сябе, але ён нават мне рукі не падаў. Я паспрабаваў растлумачыць яму, якія мы ўсе, пасажыры, будзем гордыя і шчаслівыя, калі ён згодзіцца ўдастоіць нас сеансам адначасовай гульні. Але ён паводзіў сябе страшэнна афіцыйна і сказаў, што, на жаль, кантракт з імпрэсарыа, арганізатарам турнэ, абавязвае яго гуляць у час падарожжа толькі за ўзнагароду і што мінімальны ганарар складае дзвесце пяцьдзесят даляраў за партыю.
Я засмяяўся.
— Вось ужо ніколі не думаў, што перасоўваць фігуры з чорных на белыя квадраты — такая прыбытковая справа. Спадзяюся, што вы гэтак жа ветліва развіталіся.
Але Мак Конар застаўся зусім сур’ёзны.
— Гульня адбудзецца заўтра ў тры гадзіны дня тут, у курыльным салоне. Спадзяюся, што яму не так лёгка ўдасца разбіць нас нашчэнт.
— Што? Вы згадзіліся даць яму дзвесце пяцьдзесят даляраў? — усклікнуў я ў вялікім здзіўленні.
— А чаму б і не? С’еst sinmetіеr[67]. Калі б у мяне забалеў зуб, а на параходзе быў дантыст, то ці ж мог бы я патрабаваць ад яго, каб ён вырываў яго бясплатна? Ён робіць правільна, калі заломвае высокую цану; у любой прафесіі лепшыя спецыялісты адначасова і самыя выдатныя камерсанты. Што ж да мяне, то я за сумленную здзелку. Я лепей заплачу пану Чэнтавічу гатоўкаю, чым стану прасіць яго зрабіць ласку згуляць са мною ды яшчэ адчуваць сябе абавязаным потым дзякаваць яму. Мне даводзілася прайграваць за вечар у нашым клубе і болей, чым дзвесце пяцьдзесят даляраў, пры гэтым я не гуляў з чэмпіёнам свету. «Трэцеразраднаму» шахматысту не сорамна прайграць Чэнтавічу.
Мне было смешна, як моцна нявінны выраз «трэцеразрадныя шахматысты» раніў самалюбства Мак Конара. Паколькі, аднак, дарагая забава давала мне магчымасць пазнаёміцца з цікавым і рэдкім суб’ектам і яе аплачваў Мак Конар, я не стаў аспрэчваць яго недарэчнага славалюбства. Мы паспяшаліся паведаміць пра будучую падзею яшчэ чатыром-пяці чалавекам, якія выказалі цягу да шахмат, і патрабавалі пакінуць ім на матч не толькі наш столік, але і ўсе суседнія, каб пазбегнуць магчымых перашкод ад іншых пасажыраў.
На другі дзень дакладна ў вызначаны час наша кампанія сабралася ў поўным складзе. Цэнтральнае месца, насупраць чэмпіёна, было аддадзена, вядома, Мак Конару; ён хваляваўся, курыў адну за друтою моцныя цыгары і нервова пазіраў на гадзіннік. Чэмпіен прымусіў сябе чакаць добрых дзесяць хвілін (памятаючы расказы свайго сябра, я прадбачыў нешта падобнае), і гэта яшчэ больш падкрэсліла ўрачыстасць яго з’яўлення. Ён падышоў да стала са спакойным і абыякавым выглядам, але не прывітаўся. Мусіць, яго няветлівасць павінна была гаварыць: «Вам вядома, хто я, а мне зусім не цікава ведаць, хто вы», — і адразу ж сухім, дзелавітым тонам пачаў тлумачыць свае ўмовы. Таму што на параходзе няма дастатковай колькасці шахматных дошак, каб правесці сеанс адначасовай гульні, ён прапануе ўсім нам гуляць супраць яго супольна. Зрабіўшы ход, ён будзе адыходзіць у другі канец пакоя, каб не перашкаджаць нам раіцца. Мы ж, зрабіўшы ход у адказ, павінны будзем з-за адсутнасці званочка, стукаць аб шклянку чайнаю лыжкаю. Калі не будзе пярэчанняў, ён прапануе на абдумванне кожнага ходу максімум дзесяць хвілін. Мы, як нясмелыя вучні, прынялі, зразумела, усе яго ўмовы. Чэнтавічу дасталіся чорныя фігуры; ён застаўся стаяць, калі рабіў першы ход у адказ, а потым адразу павярнуўся, адышоў на дамоўленае месца, ляніва разваліўся там у крэсле і пачаў перагортваць ілюстраваны часопіс.