Выбрать главу

Ён раптам асекся. Я моцна схапіў яго за руку, дакладней, проста ўшчыпнуў з такою сілаю, што нават ён у сваім ліхаманкавым замяшанні адчуў гэта. Ён павярнуўся і, як самнамбул, паглядзеў на мяне:

— Што… вам трэба?

— Remember![69] — сказаў я толькі адно слова і лёгенька пагладзіў пальцам шрам на яго руцэ.

Ён механічна паўтарыў мой жэст і шклянымі вачамі ўтаропіўся на крывава-чырвоную паласу. Раптам ён задрыжаў усім целам, быццам па скуры прабег мароз.

— Богам прашу, — прашаптаў ён бледнымі губамі, — няўжо я сказаў ці зрабіў якое-небудзь глупства?.. Няўжо магчыма, што я зноў?..

— Не, — ціхім голасам адказаў я, — але вы павінны спыніць гульню зараз жа. Неадкладна! Успомніце, што сказаў вам урач!

Доктар Б. рэзка ўскочыў з крэсла.

— Прашу прабачэння за недарэчную памылку, — сказаў ён сваім ранейшым ветлівым голасам і пакланіўся Чэнтавічу. — Я, канечне, сказаў абсалютнае глупства. Зразумела, гэтую партыю выйгралі вы.

Потым ён звярнуўся да нас:

— І ў вас, панове, я таксама прашу прабачэння. Але я папярэджваў загадзя, што не трэба ўскладаць на мяне вялікіх спадзяванняў. Прабачце, што я вось так ганебна скончыў гульню. Гэта апошні раз, што я спакусіўся гуляць у шахматы.

Ён пакланіўся і пайшоў з тым жа сціплым і загадкавым выглядам, з якім упершыню з’явіўся сярод нас. Я адзін ведаў, чаму гэты чалавек ніколі болей не дакранецца да шахмат, астатнія ж збянтэжана стаялі навокал, няясна здагадваліся, што нешта цёмнае і грознае пранеслася міма і ледзь не закранула іх.

— Damned fool![70] — расчаравана прабурчаў Мак Конар.

Апошні ўстаў са свайго крэсла Чэнтавіч і кінуў яшчэ адзін позірк на незакончаную партыю.

— Шкада, — велікадушна сказаў ён. — Атака была зусім няблага задумана. Як на аматара гэты чалавек гуляе на рэдкасць таленавіта.

вернуться

69

Успомніце! (англ.)

вернуться

70

Пракляты дурань! (англ.)