Выбрать главу

Цяпер у ягонай манеры трымацца ўжо не было нізвання дагодлівасці; імклівы выхад быў усяго толькі выявай унутранай энергіі, у якой паслужлівасць не грала ніякай ролі. Стоячы каля рампы і нядбала сцягваючы пальчаткі з доўгіх жаўтлявых пальцаў — на адным быў пярсцёнак з вялікай пячаткай з ляпіс-лазуру, — ён маленькімі строгімі вочкамі з прыпухлымі пад імі мяшэчкамі аглядаў залу, няспешна, то тут, то там выпрабавальна-фанабэрыста затрымліваючыся на чыім-небудзь твары — і ўсё гэта з’едліва сцяўшы губы і не кажучы ні слова. Скамячаныя ў клубок пальчаткі ён з дзівосным і, напэўна ж, прывычным спрытам кінуў з вялікай адлегласці ў шклянку на круглым століку, потым, усё гэтак жа моўчкі азіраючы залу, дастаў з нейкай унутранай кішэні цыгарэты, мяркуючы па пачку, самыя танныя, акуратна выняў адну і не гледзячы прыкурыў ад запальнічкі, якая ўспыхнула імгненна. Глыбока зацягнуўся і з грымасай выкліку, шырока расцягнуўшы губы і ціхенька пастукваючы наском чаравіка па падлозе, выпусціў шэры струменьчык дыму спаміж з’едзеных зубоў. Публіка разглядвала яго не меней пільна, чым ён яе. У моладзі ў бакавых праходах бровы насупленыя, і прыдзірлівы пагляд толькі і чакаў хібы, якую гэты самаўпэўнены штукар канечне ж дасць. Але той не хібіў. Даставанне пачка цыгарэт і запальнічкі і потым вяртанне іх на месца было даволі складаным, перашкаджала вопратка: давялося расхінуць плашч, і тут выявілася, што на пятлі, накінутай на левую руку, у яго чамусьці вісіць плётка з сярэбраным тронкам у выглядзе кіпцюрастай лапы. Потым звярнулі ўвагу на тое, што ён у сурдуце, а не ў фраку, і як Чыпола расшпіліў сурдут, адкрылася павязаная вакол яго торсу, напалавіну пад камізэлькай, шырокая каляровая стужка, якую гледачы, што сядзелі за намі і абменьваліся ўражаннямі, прынялі за знак яго кавалерскай годнасці. Ці так яно, не ведаю, бо ніколі не чуў, каб тытулу кавальерэ адпавядала такая адзнака. Магчыма, стужка была чыстым блефам, як і маўклівая нерухомасць штукара, які на вачаў у публікі спаважна і спакойна курыў цыгарэту.

Як я ўжо згадваў, у зале смяяліся, а калі голас з партэрнай «галёркі» раптам зычна і суха сказаў «Buona sera!»[14], грымнуў дружны рогат.

Чыпола схамянуўся.

— Хто гэта? — спытаўся ён, быццам кінуўшыся ў атаку. — Хто гэта сказаў? Ану? То такі смелы, а то адразу пад ложак? Paura, eh?[15] — Голас у фокусніка быў даволі тонкі, крыху астматычны, але з металам. Ён чакаў.

— Ну, я, — прамовіў у цішыні малады чалавек непадалёк ад нас, які ўчуў у словах Чыполы выклік і замах на свой гонар, — прыгожы хлапчына ў паркалёвай кашулі з перакінутым цераз плячо пінжаком. Яго чорныя цвёрдыя і кучаравыя валасы былі па прынятай у «абуджанай Італіі» модзе зачасаныя ўгору і стаялі дыбарам, што зусім яго не псавала і дадавала яму нечагась афрыканскага. — Ве…[16] Ну, хай я. Увогуле павітацца было след вам, але я на гэта не зважаю.

Зноў стала весела. З хлопцам і сабака не збрэшацца. «Ha sciolto lo scilinguagnolo»[17], — сказаў нехта каля нас. Урок ветлівасці, калі ўжо на тое, быў тут дарэчы.

— Брава! — адказаў Чыпола. — Ты мне падабаешся, Джаванота. Вер не вер, я цябе даўно змеціў. У мяне свая сімпатыя да такіх, як ты, яны могуць мне спатрэбіцца. Відаць, што ты малайчына. Робіш, як і што табе заўгодна. Альбо ж табе ўжо калі выпадала рабіць тое, xаго не хочацца? Альбо чаго хочацца не табе? Паслухай, дружа, а што калі ўзяць ды павесяліцца, узяць ды скінуць маску малайца, які бярэ на сябе і тое і другое: і хаценне і рабленне. Увесці, нарэшце, нейкі падзел працы — sistema аmericano, sa?[18] Вось, напрыклад, ці не хочаш ты паказаць язык высокашаноўнай публіцы, якая тут сабралася, увесь язык да самага кораня?

— Не, — варожа адсек хлопец, — не хачу. Гэта даказала б, што я дрэнна выхаваны.

— Анічога не даказала б, — адказаў Чыпола, — бо ты зробіш гэта насуперак свайму хаценню. Хай ты добра выхаваны, але цяпер, перш чым я палічу да трох, ты павернешся направа да публікі і высалапіш язык, такі доўгі, якога ты і не думаў, што маеш.

Чыпола паглядзеў на хлопца, пранозлівыя вочкі яго, здавалася, яшчэ глыбей запалі ў вачніцы.

— Uno![19] — сказаў ён і, спусціўшы з локця пятлю плёткі, што якое там сумненне — даўжэйшых не бывае! Потым прыняў ранейшую позу, і на твары нічога не адбілася.

— «Ну, я…» — перадражніў Чыпола, падміргваючы і паказваючы на хлопца. — «Бе… Ну, я сказаў». — Пасля даўшы публіцы самой разабрацца ў сваіх уражаннях, падышоў да століка, наліў сабе з графінчыка, у якім, відаць, быў каньяк, поўную чарку і звычным рухам кульнуў у рот.

вернуться

14

Добры вечар! (іт.).

вернуться

15

Спалохаўся, га? (іт.).

вернуться

16

Ну… (іт.).

вернуться

17

Ён слоў не шукае ў кішэні (іт.).

вернуться

18

Амэрыканская сістэма, ведаеш? (іт.).

вернуться

19

Раз! (іт.).