Выбрать главу

Дзеці ад душы смяяліся. Яны мала чаго зразумелі з гэтай перапалкі; але тое, што праміж дзівакаватым чалавекам там на сцэне і кімсьці з публікі адразу разыгралася такая пацешная сцэна, іх вельмі пазабавіла, а як што яны не дужа сабе ўяўлялі, з чаго павінна складацца праграма абяцанага афішай вечара, дык гатовыя былі лічыць такі пачатак выдатным. Што да нас, дык мы пераглянуліся, і, памятаю, я міжволі паўтарыў губамі гук, з якім Чыполава плётка рассекла паветра. Зрэшты, было ясна, што гледачы не ведалі, як паставіцца да такога неверагоднага пачатку прадстаўлення, ды так як след і не ўцямілі, што ж раптам прымусіла Джаваноту, які, можна сказаць, выступаў ад іх імя, абярнуць свой запал супроць іх, супроць публікі. Якое дзіцячае блазнаванне! І, выкінуўшы яго з галавы, гледачы засяродзіліся на артысце, які тым часам ад століка з падмацункам вярнуўся на авансцэну і сказаў:

— Паважанае спадарства, — прамовіў ён астматычна-металёвым голасам. — Вы толькі што бачылі, як мяне крыху забрала ад таго ўроку, які спрабаваў падаць мне гэты небезнадзейны малады лінгвіст («questo linguista di belle speranze»), — каламбур выклікаў смех. Я чалавек не без самалюбства, і з гэтым вам давядзецца лічыцца! Я не люблю, калі мне без сур’ёзнасці і павагі зычаць добрага вечара — бо інакш рабіць і сэнсу няма ніякага. Калі вы зычыце мне добрага вечара, вы тым самым зычыце таго самага і сабе, бо публіка толькі тады добра забавіць вечар, калі ён удасца мне, а таму гэты кумір усіх паненак Торэ-дзі-Вэнэрэ (ён усё яшчэ калоў хлопца) выдатна зрабіў, даўшы жывы доказ таго, што вечар сёння ў мяне будзе ўдалы і я, такім чынам, магу абысціся без ягоных узычак. Магу пахваліцца, што ўсе вечары ў мяне добрыя. Здараецца, выпадае каторы і менш удалы, але рэдка. Прафесія ў мяне цяжкая, і здароўе не дужа моцнае — невялікая цялесная пахіба, якая перашкодзіла мне ўзяць удзел у змаганні за веліч нашай радзімы. Але сілай розуму і духу адольваю я жыццё, што зноў-такі найперш азначае: адолець сябе, і цешу сябе надзеяй, што сваёй працай заслужыўся на прыхільную ўвагу адукаванай публікі. Сталічная прэса ацаніла маю працу. «Cоrriere della sera»[20] зрабіў вельмі слушна, калі назваў феноменам, а ў Рыме родны брат зрабіў мне гонар асабістай прысутнасцю на прадстаўленні. І калі ў такіх бліскучых і высокіх сферах Рыма дабраволілі засланяць вочы на некаторыя мае прызвычайкі, я не палічыў патрэбным ад іх адмаўляцца ў параўнаўча меней значным горадзе, якім усё-такі з’яўляецца Торэ-дзі-Вэнэрэ (тут публіка пасмяялася з жалю вартага Торэ), і цярпець, каб асобы, хоць бы і спешчаныя ўвагаю прыгожага полу, нешта мне ўказвалі.

Зноў перапала хлопцу, якога Чыпола не пераставаў выстаўляць у ролі donnainolo[21] і саматужнага донжуана. Прычым упартае раздражненне і варожасць, з якімі фокуснік зноў і зноў накідваўся на яго, ніяк не стасаваліся з самаўпэўненасцю кавалтьерэ і свецкімі поспехамі, якімі ён хваліўся. Вядома, хлопец павінен быў служыць мішэнню для Чыполавых досціпаў, мішэнню, якую той у кожным прадстаўленні выбіраў сабе з публікі і па кім праязджаўся. Аднак у ягоных асцюках была і сапраўдная зласлівасць, прычына якое рабілася па-чалавечы зразумелай пры першым жа позірку на фізічны склад таго і другога, нават калі б гарбач увесь час не намякаў на поспех прыгожага хлопца ў жанчын.

— Але перш чым пачаць прадстаўленне, — дадаў ён, — я, з вашага дазволу, вызвалюся ад плашча!

І ён павярнуўся да вешалкі.

— Parla denissimo[22], — з захапленнем сказаў нехта каля нас.

Артыст яшчэ нічым не паказаў свайго майстэрства, але само яго ўменне прамаўляць было прызнана мастацтвам, ён зрабіў уражанне ўжо адным сваім красамоўствам. На поўдні жывая гамонка — гэта неад’емная частка жыцця, і ёй надаюць больш вагі, чым дзе-колечы на поўначы. Нацыянальны сродак зносінаў, родная мова акружана ў гэтых народаў вартай пераймання пашанай, і ёсць нешта пацешнае і непераймальнае ў той прыдзірліва палкай шаноўлі, з якою сочаць за захаваннем формаў і законаў маўлення. Тут гавораць з асалодай, але слухаюць як строгія цаніцелі. Бо па тым, як чалавек гаворыць, вызначаюць ягонае месца ў грамадстве; неахайная, каравая мова выклікае пагарду, вытанчаная і адмысловая — стварае прэстыж, і таму маленькі чалавек, калі яму належыць зрабіць выгоднае ўражанне, стараецца ўжываць выштукаваныя фразы і сочыць за сваім вымаўленнем. З гэтага боку, прынамсі, Чыпола прыхінуў бы да сябе публіку, хоць сам і не адносіўся да тыпу людзей, якія італьянцу з уласцівым яму змешваннем маральных і эстэтычных мерак здаюцца simpatico[23].

вернуться

20

«Вячэрні веснік» (іт.).

вернуться

21

Залётнік (іт.).

вернуться

22

Выдатна кажа (іт.).

вернуться

23

Cімпатычны (іт.).