Выбрать главу

Але тут яго перапыніў хлопец з нубійскай прычоскай і перакінутым цераз плячо пінжаком, чый ваяўнічы запал, як выявілася, прытух толькі на час, і які цяпер з высока паднятай галавой па-рыцарску ўстаў на абарону роднага горада.

— Годзе! — гучна сказаў ён. — Годзе вам кпіць з Торэ. Мы ўсе тут нарадзіліся і не пацерпім, каб з нашага горада здзекаваліся пры іншаземцах. Ды і гэтыя двое — нашы сябры. Яны, вядома, не вучоныя прафесары, затое сумленныя хлопцы, больш сумленныя за сяго-таго ў гэтай зале, што хваліцца Рымам, хоць ён яго і не заснаваў.

Вось гэта адпор! Хлопец і праўда зубасты! Публіка не сумавала, сочачы за гэтай сцэнай, хоць пачатак праграмы ўсё адцягваўся. Спрэчка заўсёды захапляе. Адных перапалкі проста пацяшаюць, і яны з’едліва радуюцца, што самі засталіся ўбаку; іншыя прымаюць усё блізка да сэрца і хвалююцца, і я іх вельмі добра разумею, хоць тады ў мяне склалася ўражанне, быццам тут нейкая змова, і непісьменныя хлопцы, гэтак сама як і Джаванота са сваім пінжаком, падыгрываюць артысту, каб увесяліць публіку. Дзеці слухалі развесіўшы вушы. Яны нічога не разумелі, але інтанацыя да іх даходзіла і трымала. Дык вось што такое штукар, фокуснік, прынамсі, італьянскі. Яны былі ў захапленні.

Чыпола ўстаў і, хістаючыся, зрабіў два крокі да рампы.

— Гляньце ж! — прамовіў ён са зласлівай сардэчнасцю. — Даўні знаёмы. Юнак, у якога што наўме, тое на языку! (Ён сказаў «sulla linguaccia», што азначае «абкладзены язык» — зноў выбух рогату.) — Я на вас надзівіўся, цяпер у мяне інтэрас да гэтага паборцы гонару con questo torregiano di Venere, гэтага ахоўцы вежы Венеры, які несумненна наперад смакуе ўзнагароду за сваю адданасць.

— Ah, nonscherziamo![24] Пагамонім сур’ёзна! — ускінуўся хлопец, вочы ў яго бліснулі, і ён нават зрабіў такі рух, быццам хацеў скінуць пінжак і ад слоў перайсці да дзеяння.

Чыпола прыняў гэта даволі спакойна. Ён не мы (мы трывожна пераглянуліся), кабальерэ быў сярод суайчыннікаў, адчуваў пад нагамі родную глебу. Ён заставаўся халодны, паказаўшы гэтым сваю поўную перавагу. Насмешлівым кіўком у бок маладога пеўніка і красамоўным позіркам ён запрасіў публіку пасмяяцца разам з ім з баявітасці свайго апанента, якая сведчыла пра дурнаватую абмежаванасць таго. І тут сталася нешта дзівоснае, што асвятліла гэтую перавагу вусцішным святлом і ганебным, незразумелым чынам абярнула ваяўнічае напружанне ўсёй сцэны ў нешта смеху вартае.

Чыпола яшчэ бліжэй падышоў да хлопца і неяк адмыслова паглядзеў таму ў вочы. Фокуснік нават напалову сышоў з лесвічкі, якая злева ад нас вяла ў залу, так што стаяў толькі ледзь-ледзь вышэй і амаль перад самым ваяром. Плётка вісела ў яго на руцэ.

— Значыцца, ты не схільны жартаваць, сынку, — сказаў ён. — Яно і зразумела, кожнаму ж відаць, што ты нездаровы. І язык твой — шчыра скажам, не вельмі чысты, — сведчыў пра непарадак у страўніку. Не трэба хадзіць на прадстаўленні, калі адчуваеш сябе так блага; ты і сам, я ведаю, вагаўся, думаў, ці не лепш будзе легчы ў ложак і зрабіць сабе гарачы кампрэс на жывот. Недаравальнае легкадумства было піць пасля абеду столькі белага віна — і хай бы ж добрага, а то абы-што, кіслоцце. І вось цяпер у цябе колікі, і ты ледзьве не курчышся ад болю. А ты не саромейся! Дай волі свайму целу, сагніся, гэта заўсёды дае палёгку пры кішэчных курчах.

Пакуль Чыпола гаварыў гэтую прамову спакойна і настойліва, з нейкім суровым спачуваннем, вочы ягоныя свідравалі хлопца, нібы зрабіліся сухія і гарачыя, — гэта былі незвычайныя вочы, і рабілася зразумела, што яго праціўнік не толькі з мужчынскага самалюбства не мог адвесці ад іх позірку. Ды і ўвогуле на смуглым твары Джаваноты хутка не засталося і следу ранейшай самаўпэўненасці. Ён глядзеў на кавальерэ, крыху раззявіўшы рот, і рот ягоны крывіўся вінаватай і жаласлівай усмешкай.

— Дай сабе волі, сагніся! — зноў паўтарыў Чыпола. Нічога іншага ў цябе няма! Пры такіх рэзях заўсёды курчацца. Ты ж не будзеш упірацца натуральнаму руху толькі таму, што табе гэта раяць.

Хлопец павольна падняў рукі і яшчэ да таго, як крыж-накрыж абхапіў імі жывот, пачаў нагінацца, паварочваючы корпус і нахіляючыся наперад усё ніжэй і ніжэй, пакуль, нарэшце, са стуленымі каленямі, расставіўшы пяты, амаль не сеў на кукішкі — жывая карціна болю, які курчыць чалавека, Чыпола даў яму пастаяць у гэтай позе з хвіліну, потым ляснуў у паветры плёткай і паклыпаў да круглага століка, дзе зноў выпіў каньяку.

вернуться

24

Ах, годзе жартаваць! (іт.).