Выбрать главу

Белая афіцыянцкая куртка неяк нават больш яму пасавала, чым паношаны гарнітур з рэдзенькай паласатай тканіны, у якім ён цяпер падняўся на эстраду; ён быў без каўнерыка, але завязаў на шыі ярка-чырвоную шаўковую хустачку, а канцы яе схаваў пад пінжак. Марыё спыніўся непадалёк ад кавальерэ, але як што той усё кульбачыў пальцам перад сваім носам, хлопец пасунуўся яшчэ бліжэй і стаў каля самых ног валадара, амаль каля самага крэсла, і тут Чыпола растапырыў локці, абхапіў Марыё і павярнуў так, каб нам з залы быў відзён ягоны твар. Потым весела, нядбалым, але ўладным позіркам акінуў хлопца з галавы да ног.

— Як жа гэта, ragazzo mio?[38] — сказаў ён. — Мы толькі-толькі знаёмімся. Не можаш мне паверыць, але я з табою знаёмы даўно… Ну але ж, я даўно цябе змеціў і бачу ў табе выдатныя здольнасці. І як я мог пра цябе забыцца? Клопат, клопат, да ўсяго рукі не даходзяць, разумееш… Але скажы мне, як цябе завуць? Мне цікавае толькі тваё імя.

— Мяне завуць Марыё, — ціха адказаў хлопец.

— Ах, Марыё, выдатна. Так, чыстае імя. Пашыранае імя. Старое імя, нагадвае пра гераічнае мінулае нашай радзімы. Брава! Salve![39] — І падняўшы правае плячо, Чыпола выцягнуў руку наперад з павернутай уніз даланёю ў рымскім вітанні.

Калі ён крыху захмялеў, дык тут няма нічога дзіўнага; але гаварыў ён, як і раней, ясна і свабодна, хай нават ва ўсіх ягоных паводзінах і тоне паяўлялася нейкая сытасць і леная панскасць і ў той самы час нешта хамскае і пахабнае.

— Дык вось, Марыё, як добра, што ты прыйшоў сёння ўвечары ды яшчэ ў такім шыкоўным гальштуку, ён табе пасуе і адразу ўпакорыць усіх дзяўчат, чароўных дзяўчат Торэ-дэ-Вэнэрэ…

Са стаячых месцаў, прыкладна адтуль, дзе цэлы вечар прастаяў Марыё, пачуўся гучны рогат — гэта смяяўся Джаванаота з ваяўнічай чупрынай; ён стаяў там з перакінутым цераз плячо пінжаком і бессаромна груба і з’едліва рагатаў:

— Ха-ха-ха!

Марыё, здаецца, паціснуў плячыма. Прынамсі, яго перасмыкнула.

Магчыма, ён усяго толькі ўздрыгнуў, а поціск плячамі павінен быў замаскаваць аднолькавую абыякавасць і да гальштукаў, і да чароўных дзяўчат.

Кавальерэ мелькам зірнуў уніз, у праход.

— Ну, а гэты зубаскал нам не абыходзіць. Ён проста зайздросціць поспеху твайго гальштука ў дзяўчат, а можа, таму, што мы тут з табою на эстрадзе так па-сяброўску і мірна гутарым… Калі ўжо яму так пільна закарцела, я яму нагадаю пра ягоныя курчы. Мне гэта як ра-два-тры. Але скажы, Марыё, сёння ўвечары ты, значыцца, бавы бавіш… А ўдзень працуеш у галантарэйнай крамцы?

— У кавярні, — паправіў яго хлопец.

— Ах, у кавярні! — Тут Чыпола тыцнуў пальцам у неба. — Ты — camariere[40], чашнік, так бы мовіць. Ганімэд — мне гэта даспадобы, яшчэ адзін напамін пра антыку, — salvietta![41] Гульня слоў па аналогіі з salve — вітаю. — І тут Чыпола, на пацеху публіцы, зноў ускінуў руку ў рымскім вітанні.

Марыё таксама ўсміхнуўся.

— Раней, праўда, — дадаў ён дзеля шчырасці, — я працаваў нейкі час у краме ў Портэклемэнтэ. — У ягоных словах чулася ўласцівае многім людзям жаданне неяк дапамагчы прадказанню, знайсці ў ім хоць каліўца праўды.

— Так, так! У галантарэйнай крамцы?

— Там прадаваліся грабянцы і шчоткі, — ухіліста адказаў Марыё.

— Ну вось, ці ж не казаў я, што ты не заўсёды быў Ганімэдам, не заўсёды служыў з сурвэткай на руцэ? Нават калі Чыпола часам тыцкае пальцам у неба, ён усё-такі не зусім хлусіць, і яму можна хоць крышачку верыць. Скажы, ты мне верыш?

Няпэўны жэст.

— Гэта таксама адказ, — заключыў кавальерэ. — Так, давер заслужыць няпроста. Нават мне, як я бачу, прыйдзецца з табою павалэндацца. Але я заўважаю на тваім твары пячатку замкнёнасці, смутку, un tratto di malinconia[42]. Скажы мне, — і ён схапіў Марыё за руку, — ты няшчасны?

— No, signore![43] —хуценька і рашуча азваўся той.

— Не, ты няшчасны, — настойваў фігляр, уладна адольваючы гэтую рашучасць. — Нібыта я не бачу? Малады яшчэ, каб пускаць пыл у вочы Чыполу! І вядома, тут не без дзяўчат, не, адна дзяўчына. У цябе няшчаснае каханне?

Марыё адмоўна затрос галавою. Адначасова побач з намі выбухнуў грубы рогат Джаваноты. Кавальерэ насцярожыўся. Вочы яго блукалі па столі, але ён яўна прыслухоўваўся да рогату, а потым, як ужо раз ці два падчас гутаркі з Марыё, крыху абярнуўшыся, ляснуў плёткай на сваіх танцораў, каб у іх руплівасць не прапала. Але пры гэтым ён ледзь не ўпусціў свайго субяседніка, які, нечакана ўздрыгнуўшы, адвярнуўся ад яго і пайшоў да сходаў. Вакол вачэй у хлопца залеглі чырвоныя кругі. Чыпола ледзьве паспеў яго затрымаць.

вернуться

38

Мой хлопчык (іт.).

вернуться

39

Вітаю! (іт.).

вернуться

40

Афіцыянт (іт.).

вернуться

41

Сурвэтка (іт.).

вернуться

42

След меланхоліі (іт.).

вернуться

43

Не, сіньёр! (іт.).