Выбрать главу

— Neuf heures! Au lit![47]

Эдгар збялеў ад страху. Для ўсіх дзяцей словы «спаць пара» — жахлівыя словы, бо гэта самае яўнае кляймо непаўнацэннасці, самае нагляднае адрозненне паміж дарослымі і дзецьмі, гэтая немінучая дзіцячая патрэба ісці спаць. Але наколькі жахлівей гэтая ганьба цяпер, калі яго, у самы цікавы момант, пазбаўляюць магчымасці даслухаць да канца такі хвалюючы расказ.

— Мама, дай паслухаць яшчэ хвілінку, толькі яшчэ пра сланоў.

Ён хацеў ужо пачаць кленчыць, але тут жа схамянуўся, успомніўшы пра сваю новую годнасць дарослага мужчыны. Ён адважыўся толькі зрабіць яшчэ адну спробу. Але чамусьці сёння мама была незвычайна строгая:

— Не, не, ужо позна. Ідзі наверх! Sois sage, Edgar. Я табе потым падрабязна раскажу ўсё, што будзе гаварыць барон.

Эдгар марудзіў. Звычайна маці клала яго спаць сама. Але ён не настойваў, не жадаў уніжэння перад сябрам. Дзіцячая гордасць прымусіла яго захаваць, прынамсі, бачнасць добраахвотнага адыходу.

— Праўда, мама? Ты раскажаш мне ўсё, усё? І пра сланоў, і пра ўсё другое?

— Раскажу, дзетка, раскажу.

— І адразу ж! Сёння ж!

— Але, але, а цяпер ідзі спаць. Ідзі!

Эдгар і сам не чакаў, што яму ўдасца так спакойна падаць руку барону і маме, хоць рыданні ўжо падступалі да горла. Барон па-сяброўску ўзлахмаціў яму валасы, і гэта яшчэ выклікала ўсмешку на напружаным хлопчыкавым твары. Але потым ён стрымгалоў кінуўся да дзвярэй — інакш яны ўбачылі б, як буйныя слёзы цяклі па ягоных шчоках.

Сланы

Эдгарава маці і барон пасядзелі яшчэ крыху за сталом, але ўжо не гаварылі ні пра сланоў, ні пра паляванне на тыграў. Ледзь толькі хлопчык пакінуў іх, як паміж субяседнікамі ўзнікла нейкая няёмкасць, нейкі няўлоўны непакой. Нарэшце яны перайшлі ў вестыбюль і селі ў кутку. Барон быў сёння як ніколі красамоўны, яна крыху разгарачаная некалькімі келіхамі шампанскага, і размова адразу набыла небяспечны кірунак. Барона, зрэшты, нельга было назваць прыгожым; але ён быў малады, смуглы энергічны твар яго, па-хлапечы каротка пастрыжаныя валасы, рэзкія, амаль развязныя жэсты зачароўвалі яе юнацкаю непасрэднасцю. Яна цяпер з прыемнасцю глядзела на яго зблізку і ўжо не баялася ягонага позірку. Але мала-памалу яго словы рабіліся смялейшымі, у іх прамільгвала ледзь схаванае жаданне — быццам ён дакранаўся да яе цела, абмацваў яго і потым адступаў, — і тады яна бянтэжылася і чырванела. Потым ён зноў смяяўся весела, па-хлапечы натуральна, і гэта надавала ўсім гэтым маленькім нетактоўнасцям выгляд дзіцячага жарту. Ёй часам здавалася, што трэба б яго строга спыніць, але яна была какетлівая ад прыроды і знаходзіла ў гэтай фрывольнай гульні задавальненне, ёй хацелася пабачыць, што будзе далей; нарэшце яна сама захапілася і нават пачала браць прыклад з яго. Яна кідала на яго кароткія, шматабяцальныя позіркі, у словах і жэстах ужо аддавалася яму, калі ён падсоўваўся так блізка, што яна адчувала на сваім плячы яго цёплае, трапяткое дыханне. Падобна ўсім гульцам, яны не заўважылі, як праляцеў час, і апамяталіся толькі апоўначы, калі пачалі тушыць агні.

Яна тут жа ўскочыла з месца і спалохана падумала, як далёка яна дазволіла сабе зайсці. Гульня з агнём не была ёй навіной, але яна падсвядома разумела, што на гэты раз ёй пагражае небяспека. З жахам адчувала яна, што траціць упэўненасць у сабе, што траціць глебу пад нагамі і ўсё здаецца ёй цьмяным, нібы ў паўдрымоце. Галава закружылася ад хвалявання, віна і гарачых слоў, і безразважны незразумелы страх авалодаў ёю — як ужо не раз у такія небяспечныя хвіліны, — але ўпершыню ў жыцці ён авалодаў ёю з такою ўладнаю сілаю.

вернуться

47

Дзевяць гадзін! Спаць пара! (фр.)