— Так, дык вось… пачакайце… дык вось як яно было. Сяджу я там, у сваёй праклятай глушы, сяджу нерухома, як павук у павуціне, ужо не адзін месяц. Гэта было якраз пасля дажджоў. Тыдзень за тыднем дождж барабаніў па даху, ніводная душа не заглядвала да мяне, ніводзін эўрапеец; дзень пры дні сядзеў я дома са сваімі жаўтатварымі жанчынамі і сваім добрым віскі. Я тады быў у вельмі прыгнечаным стане, я быў проста хворы Эўропай: калі я чытаў у якім-небудзь рамане пра светлыя вуліцы і белых жанчын, у мяне пачыналі дрыжаць пальцы. Я не магу дакладна апісаць вам гэты стан; гэта своеасаблівая трапічная хвароба — лютая, ліхаманкавая і разам з тым бяссільная туга па радзіме, якая часам авалодвае чалавекам. Так я сядзеў тады, здаецца, з геаграфічным атласам у руках і марыў аб падарожжах. Раптам пачуўся трывожны стук у дзверы, і я ўбачыў свайго боя і жанчыну. Твары абаіх адлюстроўваюць надзвычайнае здзіўленне. Яны моцна размахваюць рукамі, вочы вытарашчаны — прыйшла нейкая дама, ледзі, белая жанчына.
Я ўсхопліваюся з месца. Я не чуў шуму экіпажа або аўтамабіля. Белая жанчына тут, у гэтай глухамані?
Я гатовы ўжо збегчы ўніз па лесвіцы, але раблю намаганне і застаюся на месцы. Гляджу мяльком у люстэрка, хуценька прыводжу сябе крыху ў парадак. Я нервуюся, адчуваю непакой, мяне мучыць нядобрае прадчуванне, бо я не ведаю нікога на свеце, хто па дружбе прыйшоў бы да мяне. Нарэшце я спускаюся ўніз.
У пярэднім пакоі чакае дама; яна паспешна ідзе мне насустрач, убачыўшы мяне. Густая дарожная вуаль закрывае яе твар. Я хачу прывітацца, але яна сама пачынае гаварыць.
— Добры дзень, доктар, — гаворыць яна плаўна па-ангельску. (Яе гаворка здаецца мне вельмі ўжо плаўнай і як бы наперад завучанай.) — Прабачце, што я ўрываюся да вас. Але мы былі якраз на станцыі, наш аўтамабіль застаўся там. — «Чаму яна не пад’ехала да дома?» — маланкаю прамільгнула ў мяне ў галаве. — І вось я ўспомніла, што вы жывяце тут. Я гэтак шмат чула пра вас, з віцэ-рэзідэнтам вы зрабілі проста цуд, яго нага выдатна загаілася, ён зноў ужо гуляе ў гольф. Так, так, у нас усе гавораць пра гэта, і мы ахвотна аддалі б нашага бурклівага ваеннага ўрача і абодвух другіх у дадатак, калі б вы пераехалі да нас. Наогул, чаму вас ніколі не відаць? Вы жывяце, быццам йог…
І гэтак яна сакоча бясконца, спяшаецца і не дае мне ўставіць ні слова. Штосьці нервовае і неспакойнае адчуваецца ў гэтай пустой балбатні, і я сам заражаюся непакоем наведніцы. Чаму яна так многа гаворыць, пытаюся я ў сябе, чаму не называе сябе? Чаму не знімае вуалі? Ліхаманка ў яе, ці што? Можа, яна хворая? Звар’яцела? Я ўсё мацней хвалююся, адчуваю сябе ў смешным становішчы, калі стаю вось так перад ёю пад невычэрпным патокам яе балбатні. Нарэшце яна на момант спыняецца, і я прашу яе наверх.
Яна робіць свайму бою знак застацца і першая падымаецца па лесвіцы.
— Як у вас хораша, — кажа яна, аглядваючы мой пакой. — О, якія цудоўныя кнігі! Я хацела б іх усе прачытаць! — Яна падыходзіць да паліцы і разглядвае назвы кніг. Упершыню з таго часу, як я выйшаў да яе, яна на хвіліну змаўкае.
— Дазвольце прапанаваць вам гарбату? — пытаюся я. Яна, не паварочваючыся, працягвае разглядаць каранцы кніг.
— Не, дзякуй, доктар… нам трэба зараз жа ехаць далей… у мяне мала часу… гэта ж была проста прагулка… Ах, у вас ёсць і Флабер, ён мне так падабаецца… цудоўная, выдатная рэч яго «Education sentimentale»[48]… Я бачу, вы чытаеце і па-французску. Чаго толькі вы не ведаеце!.. Так, немцы… іх усяму вучаць у школе… Сапраўды, цудоўна — ведаць столькі моў!.. Віцэ-рэзідэнт марыць аб вас і ўвесь час паўтарае, што вы адзіны хірург, якому ён лёг бы пад нож… Наш стары доктар прыдатны толькі для гульні ў брыдж… Дарэчы, ведаеце (яна ўсё яшчэ гаворыць не паварочваючыся), сёння мне самой прыйшло ў галаву, што добра было б параіцца з вамі… а мы якраз праязджалі міма, і я падумала… Ну, вы сёння, мусіць, заняты… я лепей прыеду другім разам.
«Нарэшце ты раскрыла свае карты!» — адразу ж падумаў я. Але я і выгляду не падаў і запэўніў яе, што буду лічыць за гонар быць карысным ёй цяпер ці калі ёй захочацца.
— У мяне нічога сур’ёзнага, — сказала яна, напалову павярнуўшыся да мяне і ў той жа час перагортваючы кнігу, якую яна ўзяла з паліцы, — нічога сур’ёзнага, драбяза… жаноцкія справы… галавакружэнне, мленне. Сёння раніцаю, калі мы ехалі, на павароце мне раптам зрабілася дрэнна, я самлела, raide morte… бой вымушаны быў дапамагчы мне і прынесці вады… Ну, можа, шафёр занадта хутка ехаў… як вы думаеце, доктар?