Выбрать главу

Але гэтая жанчына — не ведаю, ці здолею я растлумачыць вам, — яна ўзбуджала, раздражняла мяне з той хвіліны, як увайшла, нібыта выпадкова, у мой дом. Сваёю ганарыстасцю яна выклікала ў мяне супраціўленне, абудзіла ўсё… як бы гэта сказаць… абудзіла ўсё прыглушанае, усё схаванае, усё злоснае. Мяне збівала з панталыку, што яна разыгрывала перада мною ледзі і з халоднаю абыякавасцю прапаноўвала здзелку, у той час як справа ішла пра жыццё і смерць… І потым… потым… зрэшты, ад гульні ў гольф не нараджаюцца дзеці… я ведаў… лепей будзе сказаць, я раптам з жахліваю выразнасцю падумаў — гэта і была тая думка, — з жахліваю выразнасцю падумаў, што гэтая спакойная, гэтая фанабэрыстая, гэтая халодная жанчына, якая пагардліва падняла бровы над стальнымі вачамі, прачытаўшы ў маім позірку адмову… амаль абурэнне, — што яна два-тры месяцы назад ляжала ў ложку з мужчынам і, можа, стагнала ад асалоды, голая, як жывёліна, і іхнія целы ўпіваліся адно ў адно, як вусны ў пацалунку… Вось гэта і была думка, якая пранізала мяне, калі яна паглядзела на мяне з такою ганарыстасцю, з такою пыхлівай халоднасцю, нібы ангельскі афіцэр… і тады, тады ў мяне ўсё напружылася… я як бы ашалеў ад жадання ўнізіць яе… З гэтага моманту я бачыў праз сукенку яе голае цела… з гэтага моманту я толькі і жыў думкаю авалодаць ёю, вырваць стогн з яе жорсткіх вуснаў, бачыць гэтую халодную, гэтую ганарыстую жанчыну ў экстазе пачуццяў, як той, другі, каго я не ведаў. Гэта… гэта я і хацеў вам растлумачыць… як я ні апусціўся, аднак ніколі яшчэ не злоўжываў сваім становішчам урача… але тут не было прагнай цягі, не было нічога сексуальнага, пажадлівага, паверце мне… я не стаў бы адпірацца… толькі моцнае жаданне перасіліць яе гордасць… перасіліць як мужчына… Я, здаецца, ужо казаў вам, што вонкава халодныя жанчыны заўсёды мелі нада мною асаблівую ўладу… але цяпер, цяпер да гэтага дадалося яшчэ і тое, што я ўжо сем гадоў не быў блізкі з белаю жанчынаю, што я не ведаў супраціўлення… Бо тутэйшыя жанчыны, гэтыя мілыя істоты-шчабятухі, з радасным хваляваннем аддаюцца беламу чалавеку, «пану»… Яны ціхмяныя і пакорныя, заўсёды даступныя, заўсёды гатовыя дагаджаць вам з ціхім, гартанным смехам… Але якраз з-за гэтай пакоры, з-за гэтай рабскай дагодлівасці праходзіць асалода, і ты адчуваеш сябе свіннёю… Разумееце цяпер, разумееце, як ашаламляльна ўздзейнічала на мяне раптоўнае з’яўленне гэтай жанчыны, поўнай пагарды і нянавісці, наглуха замкнёнай, якая адначасова і дражніла сваёю таямніцаю, і напамінала аб нядаўняй страсці… калі яна дзёрзка ўвайшла ў клетку такога мужчыны, як я, такога адзінокага, згаладалага, адрэзанага ад усяго свету паўчалавека, паўзвера… Гэта… вось гэта я хацеў вам сказаць, каб вы зразумелі ўсё астатняе… зразумелі тое, што адбылося потым. Дык вось… перапоўнены нейкім злосным жаданнем, атручаны думкаю пра яе, голую, жаданую, якая аддаецца мне, я ўнутры ўвесь падцягнуўся і разыграў абыякавасць. Я холадна вымавіў:

— Дванаццаць тысяч гульдэнаў?.. Не, на гэта я не згодны.

Яна зірнула на мяне, крыху збялелая. Відаць, яна ўжо здагадалася, што маё супраціўленне выклікана не прагнасцю. І ўсё ж яна спыталася:

— Колькі ж вы хочаце?

Але я не хацеў працягваць размову ў такім прытворна халодным тоне.

— Давайце не будзем гуляць у хованкі. Я не дзячок… не бедны аптэкар з «Рамеа і Джульеты», які прадае атруту за corruptes gold[49]… можа, я менш за ўсё дзялок… гэтым спосабам вы нічога не даб’ецеся.

— Дык вы не хочаце?

— За грошы — не.

На момант паміж намі ўсталявалася цішыня. Было так ціха, што я першы раз пачуў яе дыханне.

— Чаго ж вы яшчэ можаце хацець?

Тут я не мог болей трымацца:

— Перш за ўсё я хачу, каб вы… каб вы не звярталіся да мяне як да гандляра, а як да чалавека… Каб вы, калі вам трэба дапамога, не… лезлі адразу ж з вашымі гнюснымі грашамі… а папрасілі… мяне як чалавека, дапамагчы вам як чалавеку… Я не толькі ўрач, у мяне не толькі прыёмныя гадзіны… у мяне бываюць і другія гадзіны… можа, вы прыйшлі якраз у такую гадзіну…

вернуться

49

Нікчэмны метал (англ.).