Яна хвіліну маўчыць. Потым яе вусны злёгку крывяцца, дрыжаць, і яна хутка пытаецца:
— Значыцца, каб я вас… папрасіла… тады б вы гэта зрабілі?
— Вось вы ўжо зноў таргуецеся! Вы згодны прасіць толькі ў тым выпадку, калі я спачатку паабяцаю. Спачатку вы павінны мяне папрасіць, тады я вам адкажу.
Яна ўзнімае галаву, як наравісты конь. З гневам глядзіць на мяне.
— Не, я не буду вас прасіць. Лепш загінуць!
Тут мною авалодвае гнеў, нястрымны, шалёны гнеў.
— Тады буду патрабаваць я, калі вы не хочаце прасіць. Я думаю, мне трэба выказацца больш ясна — вы ведаеце, чаго я ад вас хачу. Тады… тады я вам памагу.
Нейкі момант яна здзіўлена глядзела на мяне. Потым — о, я не магу, не магу выказаць, як жахліва гэта было, — твар яе раптоўна знерухомеў, а потым… потым яна нечакана зарагатала… з неапісальнаю пагардаю зарагатала мне ў твар… з пагардаю, якая знішчыла мяне… і разам з тым яшчэ болей ап’яніла… Гэта было падобна на выбух, раптоўны, раскацісты, магутны… Такая вялізная сіла адчувалася ў гэтым пагардлівым рогаце, што я… так, я гатовы быў упасці перад ёю ніцма і цалаваць ёй ногі. Гэта цягнулася ўсяго імгненне… нібы маланка абпаліла мяне… Раптам яна павярнулася і хуценька падалася да дзвярэй.
Я міжвольна кінуўся ўслед… хацеў папрасіць прабачэння… маліць яе… бо мая сіла была зламана канчаткова… але яна яшчэ раз павярнулася да мяне і сказала… не, загадала:
— Асмельцеся толькі пайсці ўслед ці сачыць за мною… Пашкадуеце!
У той самы момант за ёю з трэскам зачыніліся дзверы.
Зноў паўза. Зноў маўчанне… Зноў толькі шалясценне, быццам струменілася месячнае святло. І нарэшце зноў яго голас:
— Дзверы з трэскам зачыніліся… але я стаяў нерухома на месцы… Я быў нібы загіпнатызаваны яе загадам… Я чуў, як яна спускалася па лесвіцы, як зачыніліся дзверы… я чуў усё і ўсёю істотаю рваўся да яе… каб яе… не ведаю што… каб вярнуць яе, ці ўдарыць, ці задушыць… але толькі бегчы ўслед за ёю… за ёю… Але я не мог гэтага зрабіць, не мог паварушыцца, мяне быццам паралізавала электрычным токам… мяне ўразіла, уразіла ў самае сэрца знішчальная маланка яе позірку… Я ведаю, што гэтага не растлумачыць і не расказаць… Гэта можа здацца смешным, але я ўсё стаяў і стаяў… Прайшло некалькі хвілін, можа, пяць, можа, дзесяць, перш чым я змог адарваць нагу ад падлогі…
Але як толькі я ступіў з месца, я ўжо ўвесь гарэў і гатовы быў бегчы… Умомант я зляцеў па лесвіцы ўніз… У яе няма другой дарогі, як толькі па вуліцы да станцыі… Я кідаюся ў хляўчук па веласіпед, бачу, што забыўся ўзяць ключ, зрываю засаўку, бамбук трашчыць і разлятаецца на кавалкі… і вось я ўжо на веласіпедзе і імчуся за ёю ўслед… Я павінен… я павінен дагнаць яе, перш чым яна сядзе ў аўтамабіль… Я павінен пагаварыць з ёю…
Я нясуся па пыльнай вуліцы, цяпер толькі бачу, як доўга я прастаяў у здранцвенні… Але вось… на паваротцы ў лесе, перад самай станцыяй, я бачу яе, яна ідзе шпаркім цвёрдым крокам у суправаджэнні боя… Але і яна, відаць, заўважыла мяне, бо гаворыць нешта бою, і той спыняецца, а яна ідзе далей адна… Што яна хоча рабіць? Чаму хоча быць адна?.. Можа, яна хоча пагаварыць са мною сам-насам, каб ён не чуў?.. Шалёна націскаю на педалі… Раптам нехта кідаецца мне наперарэз на дарогу… яе бой… Я ледзь паспяваю рвануць веласіпед убок і лячу на зямлю…
Устаю з лаянкаю… міжвольна замахваюся кулаком, каб даць дурню кухталя, але ён адхінаецца… Атрасаю веласіпед, збіраюся зноў ускочыць на яго… Але нягоднік зноў тут, хапаецца за веласіпед і гаворыць на сваёй ламанай ангельскай мове: «You remain here»[50].
Вы не жылі ў тропіках… Вы не ведаеце, якая гэта дзёрзкасць, калі тубылец хапаецца за веласіпед белага «пана» і яму, «пану», загадвае заставацца на месцы. Замест адказу я б’ю яго па твары… ён хістаецца, але ўсё-такі не выпускае веласіпеда… Яго вузкія вочы шырока расплюшчаны і поўныя страху… але ён трымаецца за руль, трымаецца па-д’ябальску моцна… «You remain here», — мармыча ён яшчэ раз. На шчасце, у мяне з сабою не было рэвальвера, а то я абавязкова застрэліў бы яго.
— Прэч, шэльма!
Ён глядзіць на мяне, увесь скурчыўся, але не выпускае з рук руля. Я зноў б’ю яго па галаве, ён, аднак, трымае руль. Тут мною авалодвае злосць… я бачу, што яе ўжо не відаць — можа, яна ўжо паехала… Я наношу яму сапраўдны баксёрскі ўдар пад падбароддзе, які збівае яго з ног. Цяпер веласіпед зноў мой… Ускокваю на сядло, але веласіпед не кранаецца з месца… у час барацьбы сагнулася спіца… Дрыготкімі рукамі я спрабую выраўняць яе… нічога не атрымліваецца… Тады я кідаю веласіпед на дарогу побач з нягоднікам, той устае ўвесь у крыві і адыходзіць убок… І тады — не, вы не можаце зразумець, якая гэта ганьба там, калі эўрапеец… але я ўжо не разумеў, што раблю… у мяне была толькі адна думка: за ёю, дагнаць яе… і я пабег, пабег як ашалелы па вясковай вуліцы, міма халуп, дзе тубыльцы здзіўлена тоўпіліся каля дзвярэй, каб паглядзець, як бяжыць белы чалавек, як бяжыць доктар.