Выбрать главу

Стралкі, хоць і першагодкі, неўзабаве скемілі – зэк збочыў. Пакуль яны шукалі тое месца, Іваноў ужо стаяў на адлегласці трапнага стрэлу ад апошняга ў іх ланцужку. І зноў, не спяшаючыся, прыцэліўся. У лесе было ціха, і яму падалося, што стрэл грымнуў як выбух гранаты. Салдат упаў. Куля трапіла яму ў спіну і, відаць, перабіла хрыбетнік. Ён ужо не дыхаў, а між дрэў яшчэ доўга ляцеў яго перадсмяротны крык.

Сем стралкоў пападалі на зямлю і, як іх вучылі, распаўзліся, займаючы кругавую абарону.

«Малайцы! – пахваліў Іваноў. – Цяпер можна адысці». Але не адразу скрануўся з месца – прысеў паназіраць, што будзе далей. Сцішыліся і стралкі, прыслухоўваліся: мо ўцякач зварухнецца, выдасць сябе?

Вытрымкі ў іх хапіла не надоўга. Неўзабаве салдаты асмялелі, пачалі перагаворвацца. Іваноў жа па-ранейшаму не высоўваўся, чакаў, пакуль падставяцца яны. Турбавала думка: ці далёка адышлі ад лагера? Ці чуваць там стрэлы? Калі чуваць, дык трэба ўцякаць далей, калі не – можна крыху адпачыць, перавесці дух.

Схамянуўся, убачыўшы, што салдат, які вылучаўся сярод іншых ростам і які перш трымаўся за лейтэнантам, а потым – у сярэдзіне групы і таму застаўся жывы, нібы кідае яму выклік: раз за разам падымае галаву, прыкладае да вачэй бінокль, выстаўляе напаказ сваю смеласць, сваю перавагу над усімі – перавагу новага камандзіра. «Ох, дарма, хлопча!» – не сказаў, а падумаў – і прыцэліўся. Куля прашыла салдаціку горла, і ён не паспеў нават крыкнуць.

«Шэсць, – машынальна падрахаваў Іваноў. – Лічы, палова».

Стралкі зноў затаіліся.

«Трэба пашумець, – разважыў Іваноў, – бо так і праляжаць да прыходу падмогі». I, ломячы галлё, пабег праз кусты.

– Вертухаі-і-і! – разлягаўся рэхам ягоны крык.

Гэта, як і думаў, вярнула першагодкам адвагу, і яны кінуліся за ім.

«Ужо весялей, – выдыхнуў Іваноў. – Пагуляем навыперадкі, паглядзім, хто каго». І пабег – не напрасткі, а ўлукаткі, далей ад сцяжыны і ад лагера.

Стралкі былі маладыя, трэніраваныя, ды ўсё ж не чэмпіёны Берлінскага ўніверсітэта – неўзабаве адсталі.

«Спякліся салдацікі, – спінай адчуў Іваноў. – Цяпер – затаіцца і чакаць».

Мінулі доўгія хвіліны, перш чым паказаліся задыханыя стралкі. Яны стаміліся ад бегу і ад страху і ўжо не пільнаваліся, не азіраліся па баках. Вёў іх адно шал пагоні, нецярплівасць паляўнічых.

Іваноў зноў прыцэліўся. Рухавы жывы ланцужок выклікаў і ў ім азарт, неадольнае жаданне перастраляць усіх. Падняў пісталет. І, калі шэры шынялёк трапіў на мушку, стрэліў. Потым яшчэ і яшчэ… Трое ад ягоных стрэлаў упалі, астатнія самі бухнуліся ў снег, а Іваноў усё ціснуў і ціснуў на курок, не заўважаючы раптоўна павіслай цішыні.

«Нервы, – схамянуўся нарэшце. – Нервы, як і памяць, – не схаваеш».

Уцямілі і стралкі, што ў яго не засталося патронаў. Падняліся, рушылі ўперад. Паляўнічыя даганялі здабычу.

Іваноў рыўком сціснуў да болю кісці рук, супакойваючы нервы. Азірнуўся. Няўжо ўсё, канец? Не! Здрадлівых дрыжыкаў у целе не адчуваў, галава працавала цвяроза. Мільганула думка: ён жа не ў полі – у лесе, вакол дрэвы. Мо яны – апошняя надзея? Мо яны памогуць, схаваюць, уратуюць?

Елкі стаялі густа, адна пры адной, гэтак, што можна, бадай, пераскочыць з дрэва на дрэва. Што ж, паспрабуем – больш і праўда нічога не застаецца.

Іваноў палез на бліжэйшую елку. Палез лёгка, як малпа.

«Дарвін не памыляўся адносна паходжання чалавека. Дарвін не памыляўся», – не вельмі дарэчы ўсплыла думка. Але розум адкінуў яе. Іваноў падумаў пра іншае. Караскаючыся на елку, ён раз-пораз паўтараў, нібы суцяшаў сябе: «Трое. Іх толькі трое. Трое – гэта не васьмёра і не сямёра». І нібыта падахвочваў іх: няхай падходзяць хлопцы, няхай. Ён зверху прасочыць за імі, добранька прасочыць! А ўжо яны за ім – як Бог дасць.

Стралкі не спяшаліся, ішлі павольна. Досыць, набегаліся. Надышла іх чарга. Цяпер яны адвядуць душу, пацешацца.

Абступілі елку, на якую толькі што залез уцякач. І калі адзін з іх на імгненне апынуўся спінай да Іванова, той скочыў. Інтуіцыя нешта падказала стралку, змусіла яго павярнуцца, але ўратаваць не змагла. Іваноў ударыў ручкай ТТ салдата ў скронь і кінуў яго на другога, блiжэйшага, а сам сігануў да трэцяга, ірвануў таго за вінтоўку. Беспамылкова разлічыў, што той учэпіцца ў яе мёртваю хваткай, скарыстаў гэта, змяніў цэнтр цяжару і павярнуў яго перад сабою.

І не памыліўся.

Другі стралок адапхнуў ад сябе мёртвага таварыша, згледзеў ненавісную фуфайку і імгненна ўскінуў вінтоўку. Націскаючы курок, бачыў, як фуфайку перад ім засланяе шынель. Ён разумеў, што адбываецца, аднак спыніцца не мог: палец зрабіў сваё. Куля пранізала стралка, але не закранула Іванова.