Выбрать главу

Язэп пацiснуў плячыма: "Я ж не ўмею... Такая адказнасць... Баюся я..."

Айцец прастагнаў: "Рабi ўсё, як я раблю! Ты ж не раз бачыў i чуў... Чытай малiтвы i махай кадзiлам. Галоўнае - не спыняйся i працягла спявай уголас, што ведаеш са Святога Пiсання".

Язэп разгублена прамармытаў: "Калi ж так трэба, святы айцец, дык я паспрабую. Спадзяюся, што Бог мне дапаможа".

Айцец прастагнаў: "Ой, паможа! Ай, паможа!"

Язэп хацеў iсцi, але айцец спынiў: "Куды ты, сын мой! Вазьмi ж вунь ключы ад царквы. Там пераапранiся ў маё царкоўнае адзенне, надзень крыж на шыю i не падвядзi мяне i Бога!"

Язэп дрыготкаю рукой узяў ключы i даўся з хаты. На двары чакаў Сцяпан, якi падскочыў да сябра: "Ну што? Што з айцом Мiкалаем? Чаго выклiкаў?"

Язэп замест адказу моўчкi паказаў ключы.

"Няўжо будзеш сёння за галоўнага?!" - усклiкнуў Сцяпан.

Язэп кiўнуў галавой - у яго адняўся язык. Сцяпан стаў у святарову позу, узняў угару руку i распеўна прагаварыў: "Слухай, душа, былога алкаша!"

Язэп не сцярпеў: "Што ты падкусваеш? Навошта дабiваеш? Я цябе ўзяў для падтрымкi духу... А ты?" - "Эх, Язэп! Некалi мы падтрымлiвалi дух па-iншаму... Аж гай шумеў!" - сказаў Сцяпан.

Язэп махнуў рукой: "Пайшлi ў царкву! Трэба ж хоць агледзецца ды асвоiцца там, трэба пераапрануцца".

Калi сябры прыйшлi ў царкву i Язэп апрануў айцова чорнае адзенне ды начапiў на шыю вялiкi блiскучы крыж, Сцяпан схапiўся за галаву: "Язэ-эп! Ты ж - вылiты святы айцец! Як з iконы саскочыў! Вось хто мне адпусцiць усе мае грахi задарма!"

Люстэрка не было, Язэп сябе не бачыў, таму няўпэўнена запытаўся: "Што, сапраўды нiчога?.."

"Якое нiчога! - усклiкнуў Сцяпан. - Ты - натуральны... архiрэй цi архiмандрыт, цi... хто там яшчэ? Намеснiк Бога на зямлi!"

Язэп абуральна махнуў рукой: "Ат! Ад цябе праўды не дачакаешся... Запалi лепш свечкi ля абразоў ды расчынi дзверы - вось-вось людзi пачнуць збiрацца..."

Сцяпан выканаў загад сябра i спытаўся: "Што яшчэ, Ваша высокапраасвяшчэнства?"

Язэп паглядзеў наўкола, нешта прыкiнуў i сказаў: "Я буду тут, за алтаром, а ты, як прыедуць высокiя госцi, правядзi iх праз натоўп на пачэснае месца да самага алтара i хуценька заходзь да мяне. Запалiш i падасi мне ў адну руку гэтыя скрыжаваныя свечкi ў падсвечнiку, у другую руку дасi кадзiла - я адразу i пачну службу... Дарэчы, а дзе яно?"- "Вось, вiсiць яно, бацюхна!" - iранiзуе Сцяпан. "Хопiць зубаскалiць! - просiць Язэп. - Справа ж сур'ёзная, адказная. Не дай Бог апраставалосiцца! I скiнь ты сваю ватоўку!"

Час цягнуўся марудна, трывожна. Язэп мармытаў пад нос усё, што ведаў, хваляваўся. Ды i Сцяпан прыцiх, напружыўся.

Нарэшце першымi пачалi заходзiць у царкву бабы. За iмi пацягнулiся i другiя прыхаджане - i мясцовыя, i на падводах, з другiх вёсак. Людзей набiлася - не дыхнуць! Усе чакалi пачатку службы i не ведалi, што айцец Мiкалай ляжыць дома, што той гнiляк.

Язэп адчуў, што ўзмакрэла спiна, пачалi падрыгваць каленi. Нейкая суш убiлася ў рот, язык прылiп да нёба - не адарваць. Трэба было пачынаць службу, але не прыехала яшчэ высокае начальства. Здавалася, што духата ўзарве дах царквы, нават свечкi пачалi гарэць цьмяна - не хапала кiслароду. Язэпава хваляванне распiрала i яго самога, як духата царкву.

Нарэшце падкацiлi да царквы "Волга" i "уазiк", i з iх вышчамiлiся гладкiя i важныя кiраўнiкi раёна. Сцяпан кiнуўся iм насустрач, распiхваючы вернiкаў. Падбег да самага тоўстага, ледзь выгаворваючы, запрасiў у царкву: "Заходзьце, калi ласка! Вас даўно чакае... - Сцяпан запнуўся. Не сказаць жа, што чакае Язэп, былы алкаш... - Вас даўно чакае... Вас чакае... архiрэй!" - выпалiў ён.

Сярод начальства пайшоў гоман: "Архiрэй! Ого! Дзеля нас сам архiрэй прыехаў!.. Дзе газетчык? Дзе наш фотакор?"

Чынна i важна дэлегацыя пайшла праз натоўп за Сцяпанам аж да самага алтара, блiжэй да архiрэя.

Паставiўшы гасцей на пачэснае месца, Сцяпан слiзгануў за алтар да Язэпа. "Давай, Язэп! Не дрэйф! Успомнi маладосць, калi жыццё аж кiпела ад нашых выкрутасаў!"

Язэп горача зашаптаў: "Давай! Запальвай свечкi, распальвай кадзiла!"

Сцяпан запалiў свечкi, кiнуўся да кадзiла, а яно - пустое. Не ведае, што запальваць. Сцяпан пахаладзеў. "Язэп! Кадзiла пустое! Што там павiнна быць? Можа, газа?"

Язэп запырскаў слiнай: "Якая газа? Гэта ж не газоўка, не лямпа!"

У царкве пачалi хвалявацца, гаманiць вернiкi. Надта ж доўга нiхто не паказваўся з-за алтара.

Язэп кiнуўся да Сцяпана: "Не губi, Сцёпачка! Памажы, браток! Ну хоць што-небудзь запалi ў iм! Хоць што! Толькi б яно дымiлася!"

Сцяпан замiтусiўся, не ведаючы, што рабiць: лiхарадкава абмацаў кiшэнi, кiнуўся да ватоўкi, скубянуў з дзiркi пачарнелай ваты. Рукi трэслiся, запалка нiяк не магла смаргануць па карабку.

"Зараз, Язэпка! Будзе дым! Будзе!" - Сцяпан запалiў кавалак газеты, падсунуў яе пад вату - i кадзiла ажыло, запыхкала густым дымам. Дым быў непрыемны, едкi, затое вярнуў, як з комiна.

Сцяпан усунуў у здзервянелую руку сябра кадзiла i падпiхнуў да дзвярэй алтара.