Вораг ужо наступаў, а ў Варшаве ўсё яшчэ цягнуўся сойм. Зацвярджалася ўхвала аб паспалітым рушанні. Апошні раз трыумфаваў вялікі гетман Радзівіл, кінуўшы пад погі каралю 54 здабытыя маскоўскія штандарты, падвёўшы мноства палонных [81, s.281].
24 траўня са Смаленска на захад вырушыла цэнтральная маскоўская армія. Праз якія два тыдні цар ужо размясціў сваю стаўку пад Шкловам. На поўначы Беларусі актывізавалася войска Васіля Шарамецева. Ваяводы найперш імкнуліся захапіць не заняты яшчэ Вяліж. У чэрвені Мацвей Шарамецеў «пришол под Велиж, Велиж осадил накрепко», і вяліжскі стараста Ян Дамашэўскі неўзабаве здаў горад.
Рыхтуючыся да галоўных дзеянняў, ваяводы заняліся ачышчэннем плацдарма. На Барысаў быў высланы Юры Барацінскі з палком салдатаў і драгунаў, які ў бітве пад горадам разбіў аддзел Паклонскага, але захапіць Барысаў, колькі ні штурмаваў, не змог. Тады цар выслаў на Барысаў ваяводу Багдана Хітраво з войскам у 5400 чалавек. На гэты раз горад быў захоплены і 19 чэрвеня спалены. Згарэў і мост цераз Бярэзіну, за якую адышло войска, што абараняла Барысаў. Аднак яго аднаўленне не заняло ў пераможцаў шмат часу. Шлях на Менск быў адкрыты.
Чым тады дыспанавала Вялікае Княства Літоўскае? Пасля малаплённай кампаніі, якая толькі-толькі скончылася, войска было фізічна стомленае і здэмаралізаванае. Колькасна яно, вядома ж, не павялічылася, а, наадварот, паменшала, раздрабілася. Князь Багуслаў Радзівіл па адыходзе ад Магілева адразу ж паспяшаўся да Слуцка - сталіцы сваіх уладанняў - з тым, каб паспець падрыхтаваць яго да варожага нашэсця. Рамантаваліся гарадскія валы, замкавыя сцены і вежы, збіраліся боезапасы, зброя і харчаванне на шмат гадоў. Да абароны горада рыхтавалася некалькі палкоў жаўнераў палкоўніка Вільгельма Пэтэрсана ды мяшчане. Случчакі былі так вывучаныя ў вайсковых муштрах, што, паводле заўвагі Багуслава Радзівіла, «і найлепшаму жаўнеру ў гэтым зусім не саступалі» [32, s.119]. Але гэта быў радзівілаўскі Слуцак. Хіба толькі ён і мог спакойна чакаць з'яўлення ворага пры гатовых да адпору байніцах.
Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 г. замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысячаў. Якое найманае войска (а менавіта яно вызначала зыход бітваў) можна ўтрымліваць на такія сродкі? Вялікія грошы патрабаваліся, прыкладам, на перавозку гарматаў, бо артылерыя не мела ўласных коняў, таму пры кожнай патрэбе даводзілася наймаць за плату фурманоў. Такі парадак ствараў нямала дадатковых цяжкасцяў у арганізацыі абароны краіны.
Паспалітае рушанне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэнне. Як было шляхце ехаць на доўгі час да вялікага гетмана, калі бязлітасны непрыяцель, спальваючы ды высякаючы ўсё на сваім шляху, ужо стаяў каля іх сядзібаў? Соймікі прынялі пастановы пра тое, каб сабраныя ў паветах і ваяводствах грошы ішлі на харугвы для іх жа абароны. А маскоўскім ваяводам толькі гэтага і трэба было!
Атрымаўшы вестку пра захоп Барысава, цар больш не марудзіў і загадаў галоўным сілам наступаць на Менск. Казакі Залатарэнкі перайшлі Бярэзіну і 2 ліпеня ўжо былі ў Смілавічах. Наказны гетман адсюль напісаў Аляксею Міхайлавічу, што стаіць за 9 міляў ад Менска і чакае палкі ваяводы Хітраво, якія павінны з ім злучыцца. Са Смілавічаў у той жа дзень былі высланыя казацкія загоны пад Менск і на гарадок Свіслач, які казакі захапілі «через мечь и немало... неприятелей будучих всех под мечь пустили, а самое место и замок огнем без остатку сожгли» [68, с.61].
На Менск рухаліся таксама перадавы, вялікі і старажавы палкі цэнтральнае арміі. Наперад былі высланыя авангардныя часткі дзеля злучэння з войскам Хітраво і казакамі.
У Менску значных сілаў не было. З сабраных звестак маскоўскія ваяводы гэта ведалі. «В Менску людей нет», - дакладалі яны цару. Аднак нейкае войска для ягонай абароны ўсё ж сабралася ды 3 ліпеня сустрэла непрыяцеля за 5 вёрстаў ад горада (відаць, стан менскіх умацаванняў не пакідаў надзеі вытрымаць аблогу, абараняючыся за валамі). Даўшы бой, яно хутка мусіла адступаць назад у горад, а царскія ратнікі «многих побили и языков взяли 15 человек». На плячах адступаўшых яны ўварваліся ў Менск. «Литовские люди» выбягалі з горада, а ваявода Хітраво аднавіў раскіданы імі мост, перайшоў Свіслач і паставіў перад брамай замка пяхоту, затым з астатнімі сіламі выйшаў у поле, дзе адбыўся вялікі бой з менскім войскам. Праўдападобна, самастойна адбіваліся мяшчане ў замку ды некаторых храмах. Але жыхароў у горадзе на той час было ўжо няшмат. Яны паспелі выйсці з Менска на захад. Тут засталіся толькі «войт Ивашко Жыдович с товарищи полтараста человек» [68, с.61].