На самым пачатку 1655 г. паўсталі варшанцы, любавіцкія і азярышчанскія сяляне, якія, арганізаваўшыся, рабілі заставы на дарогах, секлі царскіх ратнікаў, а ваяводаў вязалі і перадавалі жаўнерам Радзівіла. Ужо тады на бок Вялікага Княства вярнуўся шмат хто з прысяжнай (той, што прысягнула Маскве) смаленскай і віцебскай шляхты. У Звяровічах дзейнічаў партызанскі аддзел з паўтары тысячы чалавек, на чале якога стаялі Дынка ды іншыя прысланыя вялікім гетманам шляхцічы. У Красным стаяла некалькі сотняў лясных мсціўцаў. Калеснікаўскія партызаны, якіх было не больш за 3 тысячы чалавек, яшчэ ў ліпені 1654 г. заатакавалі армію Трубяцкога, калі тая прыйшла пад Амсціслаў, і царскае войска панесла значныя страты. Зімою ж 1655 г. войт вёскі Калеснікі Карп Яўлёў з дапамогаю сялянаў захапіў у палон ваяводу Івана Пушкіна разам з казной ды пераслаў яго Радзівілу [54, с.212, 217].
Менавіта тады ў мэтах узмацнення барацьбы з партызанскім рухам у Беларусі цар надзяліў памежных ваяводаў правам чыніць самасуд над кожным падазроным. Калі выяўлялася, што затрыманыя - «воры, лазутчики» ці проста «государю изменить мыслили» (што вызначаў ваявода), - усіх такіх патрабавалася вешаць. На «государевых изменников» Амсціслаўшчыны (прыкладна 3 тысячы) Аляксей Міхайлавіч накіраваў са Смаленска моцнае карнае войска. Сярод амсціслаўскіх партызанаў налічвалася 15 шляхцічаў, але ролю палкоўніка там выконваў селянін Якім Патаповіч. Карнікі жорстка распраўляліся з паўстанцамі. Сямёра палонных, схопленых у сутычцы каля Амсціслава, сярод якіх былі казак, чатыры мужыкі, сялянка і шляхціч, яны доўга катавалі («пытали и огнем жгли»), потым аднаго павесілі, а астатніх - «бив кнутьем нещадно и отрезав у них носы и уши, велели послать по-прежнему в деревни, чтоб, на то смотря, иным мужикам неповадно было так воровать и в шишах ходить». Украінскія казакі Залатарэнкі знішчылі тры лагеры партызанаў пад Дуброўняй, пабілі і паразганялі адтуль людзей, захапілі іхную зброю. Аднак задушыць партызанскі рух не ўдавалася. Увесну 1655 г. амсціслаўскія і крычаўскія ўзброеныя сяляне дзейнічалі пад Рославам. Каля Полацка аддзелам з 600 чалавек кіраваў шляхціч Мажэйка. Партызаны непакоілі маскоўскіх ваяводаў каля Барысава, Горак, Гораў, Дуброўні, Магілева, Амсціслава, Ашмяны, Смаргоні, Вільні. У Магілеўскім павеце летам 1655 г., як адзначана ў справаздачы стралецкага галавы Анічкава, сялянамі было «в розных деревнях и селах взято 7 человек (захоплена ў палон. - Г.С.), до смерти убито 3 человека» [5, т.2, с.430].
З 1656 г. ва ўмовах паўсюднага голаду, пашырэння заразных хваробаў партызанскі рух стаў перажываць новы ўздым. Сяляне і мяшчане масава ўцякалі ў лясы, стваралі свае ўзброеныя фармаванні ці далучаліся да казакаў. У раёнах дыслакацыі казацкіх аддзелаў Івана Нячая партызанскі рух разгортваўся асабліва актыўна. Цэлыя казацкія сотні складаліся тут пераважна з беларускага сялянства. Іншыя аддзелы называлі сябе сотнямі Нячая, але ў сапраўнасці не мелі да яго аніякіх дачыненняў. Гэтакім самастойным было казацкае войска Дзяніса Мурашкі, якое дзейнічала ў Менскім і Наваградскім ваяводствах. Яго ядро ўтваралі мясцовыя мужыкі. Чавускі казацкі палкоўнік цвёрда адмаўляў якую-небудзь прыналежнасць людзей Мурашкі да нячаеўскіх аддзелаў*. Мурашкаўцы нападалі на двары той шляхты, якая перайшла на бок маскоўскага цара, ставілі залогі на дарогах, перашкаджалі збіраць і вывозіць збожжа, а мясцовае насельніцтва не пускалі ехаць у акупаваны Менск.
* Магчыма, і сапраўды Мурашку называлі сотнікам Нячая дзеля таго, каб у вачах маскоўскіх уладаў як наймацней кампраметаваць апошняга.
У траўні 1656 г. менскі ваявода Хведар Арсеньеў выслаў на партызанаў рэгулярнае войска. Каля вёскі Грыдчыцы маскоўцы разбілі мужыцкі аддзел, захапілі два штандары, барабан і 56 палонных, сярод якіх былі і людзі Мурашкі. Усіх схопленых кінулі ў менскую вязніцу, з якой 30 здолелі ўцячы праз падкоп, а лёс астатніх вырашыў сам цар. Хведар Арсеньеў атрымаў адмысловую грамату, у якой загадвалася «пущих воров павесить».
Улетку ваявода Арсеньеў ізноў пасылаў войска граміць партызанаў пад Менскам. Тым не менш пад канец 1656 г. сялянскім рухам былі ахопленыя не толькі Менскі, але і Барысаўскі, Віленскі, Наваградскі паветы, а ў наступным годзе ён пашырыўся на шэраг усходніх і паўночных раёнаў Беларусі і нават закрануў Палессе, хоць там маскоўскія ваяводы так і не ўсталявалі свайго кантролю. За вясну 1657 г. казакі Мурашкі тройчы хадзілі на прысяжную наваградскую шляхту. Ашмянская шляхта скардзілася, што пад націскам сялянскага руху яна ўжо гатовая была перайсці назад на бок Вялікага Княства Літоўскага (на ўсходзе Беларусі даходзіла да вяртання шляхты менавіта з гэтае прычыны). Згодна з паведамленнем ваяводы Сямёна Змеева, паказачаныя беларускія сяляне летам 1657 г. кантралявалі практычна ўвесь Магілеўскі павет. Калі ў чэрвені Мурашка пакінуў сваю рэзідэнцыю Ігумен, цар паспяшаўся адразу ж заняць мястэчка сваімі сіламі. Увосень таго ж года партызанскі аддзел Багровіча з 400-500 чалавек спрабаваў завалодаць Барысавам. Пэўна, размах народнага руху падштурхнуў цара перавесці ваяводам у Барысаў самога Васіля Шарамецева, і горад, з якога цяпер часта выпраўлялася войска, стаў небяспечны для партызанаў усёй Бярэзінскай зоны.