Замірэнне прадугледжвала поўную амністыю ўсім, хто пад час вайны пераходзіў на бок непрыяцеля. Незалежна ад стану і веравызнання, нават калі нехта служыў у шведскім войску, скрозь - у Кароне Польскай, Вялікім Княстве Літоўскім, у Курляндыі і Прусах - яму ўсё даравалася. Усе палонныя з абодвух бакоў мусілі быць адпушчаныя без выкупу на працягу трох тыдняў пасля падпісання дамовы. Рэч Паспалітая абяцала яшчэ паспрыяць, каб крымскі хан адпусціў палонных шведаў. Кожная дзяржава адводзіла сваё войска на ўласную тэрыторыю, пасля чаго сама вызначала, якія сілы пакінуць дзеля ўласнай бяспекі. Цалкам захоўваліся ранейшыя гандлёвыя сувязі паміж краінамі [98, s.419-457].
Вось тады ўсе фармаванні Рэчы Паспалітай, занятыя раней барацьбой са шведамі, былі кінутыя супраць маскоўскага войска. Праўда, галоўныя сілы Кароны пайшлі на тэрыторыю Ўкраіны. У Беларусь Ян Казімір паслаў толькі ваяводу Стэфана Чарнецкага, які проста з Гальштыніі рушыў праз Варшаву на Палессе, да вёсачкі Дзівін, дзе павінен быў злучыцца з дывізіяй правага крыла Вялікага Княства Літоўскага. Чарнецкі мог дзейнічаць аўтаномна - кароль вывеў яго з падпарадкавання гетманаў.
Сапежынская дывізія доўгі час знаходзілася на поўдні Берасцейшчыны. У Драгічыне жаўнеры яшчэ ў сакавіку з прычыны доўгай нявыплаты грошай утварылі канфедэрацыю. Пазней некаторыя харугвы адпалі ад вайсковага хаўрусу, і да лета стараннямі Палубінскага ды Сапегі дывізія правага крыла стала зноў цалкам баяздольнай. У чэрвені яна рушыла пад Ляхавічы па Хаванскага. Згодна з планамі Яна Казіміра і Крыштапа Паца, гэтым мелася распачацца вялікая наступальная кампанія ўсіх узброеных сілаў Княства супраць маскоўскага войска ў Беларусі.
Злучыўшы свае дывізіі, Сапега і Чарнецкі (у першага было 6 тысячаў, у другога - 4) пайшлі праз Слонім, дзе натыкнуліся на асобны аддзел маскоўскага войска і амаль цалкам знішчылі яго, а ваяводу захапілі ў палон. Тыя, хто паспеў выратавацца, дабеглі да Ляхавічаў і папярэдзілі Хаванскага пра небяспеку. Ваяўнічы князь з галоўнымі сіламі пайшоў насустрач непрыяцелю, хоць Восіп Шчарбатаў ды Сямён Змееў раілі яму не рабіць гэтага. Хаванскі вывеў конніцу за пераправу, спадзеючыся, што гэтак яму будзе лягчэй даганяць разбітыя харугвы «літвы». На правае крыло стаў сам Хаванскі з конніцай, на левае - князь Шчарбаты, а пасярдзіне - рэйтары і пяхота. Супрацьстаялі ім па цэнтры дывізія Чарнецкага, па баках - харугвы Вялікага Княства Літоўскага.
Бітва адбылася 28 чэрвеня 1660 г. паблізу вёскі Палонка, недалёка ад Ляхавічаў. Гусары Сапегі і Чарнецкага так імкліва наляцелі на маскоўскую пяхоту, якая стаяла перад пераправай, што тая паспела зрабіць толькі адзін залп, а потым гінула пад палашамі ды танула ў балоце. Харугвы гусараў і панцырных, заатакаваўшы, пасеклі і прымусілі ўцякаць маскоўскую конніцу, пасля чаго нанеслі супольны ўдар і па астатняй пяхоце. Гэта быў поўны разгром вялізнай групоўкі Хаванскага. Сам князь з рэшткамі войска пабег да Ляхавічаў, адтуль жа, зняўшы аблогу, хутка адступаў на Полацак. Мноства ратнікаў, камандных чыноў, а таксама князь Шчарбатаў трапілі ў палон; Змееў і абодва сыны Хаванскага атрымалі раны. Толькі пяхоты загінула не менш чым 2 тысячы, а страты ў конніцы былі намнога большыя.
Выбухам бязмежнай радасці сустрэлі пераможцаў Ляхавічы. На пазіцыях маскоўскага войска засталося мноства зброі, асабліва гарматаў - іх так не хапала ў дывізіі Сапегі. Сабраўшы трафеі, вялікі гетман пакінуў частку гарматаў у Ляхавічах, Чарнецкі ж выслаў забранае ў свой Тыкоцін. У кінутым абозе Хаванскага былі вялізныя запасы каржоў, мукі, а таксама статак кароў на 7-8 тысячаў галоў, якіх разабрала войска ды раздалі сялянам.
Перамовы, што з зімы праводзілі ў Барысаве царскія паслы і прадстаўнікі гетманскай Украіны з камісарамі Рэчы Паспалітай, пасля бітвы пад Палонкай былі адразу перапыненыя. Маскоўская дэлегацыя паспяшалася ў Смаленск. Ваяводы нейкі час знаходзіліся пад уплывам катастрофы Хаванскага. Сама час быў для імклівай выправы ўсіх сілаў Вялікага Княства Літоўскага! Але наступалі пакуль толькі дывізія Сапегі ды кароннае войска Чарнецкага. З Ляхавічаў яны пайшлі на Барысаў і аблажылі яго. Двойчы спрабавалі штурмаваць, аднак добра ўмацаваны горад (царская залога тут складалася з тысячы ратнікаў) не паддаваўся. І ўсё ж з'яўленне буйных фармаванняў рэгулярнай арміі Вялікага Княства Літоўскага на Бярэзіне было настолькі нечаканым, што выразна сведчыла пра новую стадыю вайны: царскія ваяводы страчвалі ініцыятыву ваенных дзеянняў і пераходзілі да абароны.