Выбрать главу
Грамадзяне, спяшайцеся, — Найспрыяльныя фактары маюцца, Каб душу даражэй запрадаць, Покуль цэны на рынку трымаюцца!
Каб рукі пагрэць залацей На горы-няшчасьці людзей.
Грамадзяне, спяінайцеся, Не ўпусьціце выдатнай магчымасьці — Каб гразёю абхляпаць таго, Хто жыве па сумленьню і шчырасьці!
Каб нож садануць у сьпіну Найблізкаму сябру свайму.
Грамадзяне, спяшайцеся, — Шанцу лепшага можа не выпасьці, Каб з уласнае скуры сваёй, Як лінючая гадзіна, выпаўзьці!
Каб Тую, што кляўся любіць, Ядавітаю сьлінай забіць.
1990, лістапад

У РОДНЫМ ГОРАДЗЕ

Хаджу па вуліцы Грамілы, Што цягам доўгіх страшных год Граміў і плюндрыў, колькі сілы, Усё, чым славен наш народ.
А ты, мой прашчур, творца мудры, Чыя магіла дзесьці ў тундры, — Твайго забытага імя У родным горадзе няма.
Хаджу па вуліцы Няздары, Што меў і здольнасьці аднак: Пакуль народ аб шчасьці марыў — Ён краў з казны і жыў усмак.
А ты, мой продак ясначолы, Чый дар народу — незьлічоны, — Твайго забытага імя У родным горадзе няма.
Хаджу па плошчы Баязьліўца, Што меў за Бога вечны страх — Каб толькі з крэсла не зваліцца I не разьбіць кар'еру ў прах.
А ты, мой продак, вой бясстрашны, У Курапацкім доле спрахлы, — Твайго забытага імя У гордным горадзе няма.
1990, лістапад

НАЙСТРАШНЫ ГРЭХ

Маё горкае пасланьне

беларусу, які...

Чалавеча! Ты, знаю, патомны жыхар Беларусі. Як і я — не сьвяты, Грэх не раз на душу сваю ўзяў. Можа, нават і вельмі вялікі. Судзіць не бяруся. Ну, дапусьцім, народу ў няшчасьці Няпраўду казаў.
Грэшны — кайся і мучайся, Грэх аж да сьмерці замольвай. Грэх твой страшны, Аднак і страшнейшы нашмат існуе, Калі моваю гэтай зямлі — Беларускаю мовай На людзях, Прынародна Спаганіш ты вусны свае!
Гэта будзе жахліва! Страшней, Чым любое злачынства, За якое карае Вышэйшаю караю суд. Будуць бэсьціць і кпіць: Во няздара! Не змог навучыцца Гаварыць «языком»! Во тупіца! Вясковы хамут!
Горшай ганьбы, чым гэта, Не мецьмеш павек, чалавеча! А таму — Як захочаш грашы: Поп замоліць пазьней. Толькі вусны свае Гэтай мовай гутэйшай, Адвечнай — Не спагань! «Даже словом одним Осквернить не посмей!»
1990, лістапад

Б’ЮЦЬ У СЭРЦА...

Б'юць і б'юць у сэрца цяжкія сігналы. Вось яшчэ адзін: на людным сходзе бурным Дэлегаты шумам-плясканьнем сагналі Знакамітага вучонага з трыбуны.
Брава, брава змагарам-адзінаверцам! Ну, а што ж іх даняло ў яго прамове? А ўсяго, што слова шчырае ад сэрца Ён пачаў казаць на нашай роднай мове.
Будзе праўнукам чытаць да болю крыўдна, Як іх прадзеды, юродзівыя блазны, Мову родную з палаца гналі крыкам, За мундзір прадаўшы гонар свой уласны.
А цябе прашу, таварыш і паплечнік: Пасьміхніся з іх часовай перамогі, Дарастуць патроху ўсе да чалавечных Дум і спраў — без іх няма ў жыцьця дарогі.
1990, лістапад

* * *

У век рэнегацтва І гібельнай здрады, калі Зрываюцца душы, Не справіўшыся з ачмурэньнем, Шчасьлівая доля — Трымацца бацькоўскай зямлі, Як дрэва карэньнем!
1991, студзень

ШТО Ж ЦЯПЕР?