Выбрать главу

Нарэшце яна спынілася, каб аддыхацца, апусціла вочы і ўбачыла, што якраз стаіць на ёй — вузкай, амаль непрыкметнай, зарос лай травою сцяжынцы. Павярнуўшыся тварам на поўдзень, Карына хутчэй адарвала ад кветкі адзін пялёстак, заплюшчыла вочы і памазала ім павекі. Не прайшло і хвіліны, як павекі пачалі цяжэць. Дзяўчынку агарнула дрымота, а ногі самі павялі яе наперад.

Невядома, колькі часу яна ішла па лясной сцяжынцы, як раптам...

— Ай! — ускрыкнула Карына, наткнуўшыся на нейкую перашкоду, і, згубіўшы раўнавагу, упала.

4. ГРАНЯ

Карына не моцна выцялася, але яе дрымоту як рукой зняло. Яна расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабой хлопчыка гадоў дзесяці ў пацёртых джынсах, пакарочаных да калена, і шэрай безрукаўцы, які, як і яна, ляжаў на зямлі і недаўменна пазіраў на яе.

Першым падхапіўся хлопчык і пацёр правае плячо.

— Прабач, калі ласка,— сказала Карына, падняўшыся і атрасаючы са сваёй блакітнай сукенкі пясок.

— Трэба глядзець, куды ідзеш,— буркнуў хлопчык і перастаў церці плячо.

— Трэба,— пагадзілася Карына, а сама падумала: "Хоць як я магла глядзець, калі мне сказалі заплюшчыць вочы?"

— Моцна баліць? — спачувальна спытала яна, кіўнуўшы на плячо.

— I нічога не моцна,— хмыкнуў хлопчык.— А, калі хочаш ведаць, баліць яно і не з-за цябе зусім.

— А з-за каго? — здзівілася Карына.

— З-за таго, з кім табе лепш не сустракацца. Слухай,— прыжмурыўся хлопчык,— мне здаецца, я цябе ўжо недзе бачыў.

— I я цябе. Вось толькі дзе?

— А я ведаю! Ты Данікава сястра.

— А ты... ты...

— А я — Граня, яго аднакласнік. Бачыліся мы ў вашай кватэры, калі я браў у Даніка лыжы.

— Відаць,— няўпэўнена кіўнула Карына і ў гэты момант заўважыла ў руцэ хлопчыка кветку папараці.— А што ты тут робіш?

— А ты? — насцярожыўся Граня.

— Я... я іду да сваёй знаёмай.

— Хм, і я... да знаёмага.

Некалькі імгненняў яны пільна глядзелі адно аднаму ў вочы. Карына першая адвяла позірк і раптам усклікнула:

— Дзе мы?

5. КРАІНА СОНЕЧНЫХ ЗАЙЦОЎ

Карына і Граня здзіўлена глядзелі па баках. Яны стаялі пасярод блакітнага поля, залітага сонцам. Блакітным яно было таму, што на ім раслі адны блакітныя кветкі.

— Слухай,— узрадавалася Карына,— па-мойму, мы прыйшлі ў Краіну Ведзьмаў!

— Ага,— насмешліва сказаў Граня,— толькі ведзьмы, мабыць, калі ўбачылі нас, ад страху пахаваліся. Я думаў, такія, як ты, ужо не вераць у казкі,— хлопчык глядзеў на Карыну знізу ўверх, і яму вельмі не хацелася, каб дзяўчынка размаўляла з ім, як з якой-небудзь малечай.

— А хіба ты не верыш? — здзівілася Карына.— Толькі не гавары, што ідзеш да свайго знаёмага.

— У ведзьмаў верыць мая бабуля, а не я,— патлумачыў Граня.— Яна зацягнула мяне да знахаркі, і тая нарасказвала ўсялякіх небыліц пра іхнюю краіну. Быццам толькі там можна зняць чары з маёй рукі.

— А што з ёй здарылася? — пацікавілася Карына.

— Ха, гэта ніводзін доктар не можа сказаць! Ішоў сабе са школы, а тут нейкая старая просіць паднесці ёй торбу. I бачыць жа, што нам не па дарозе, а ўсё роўна: "Памажы, памажы." — перакрывіў Граня бабулю.— А ў мяне самога ў сумцы кніг, што паваліцца можна. Але хіба ёй гэта растлумачыш? Я і сказаў, каб не крыўдзіць: "Мне рука баліць". Яна толькі з'едліва так усміхнулася і далей пайшла. А мне рука, і праўда, балець пачала.

— I пасля гэтага ты не верыш у ведзьмаў? — недаверліва спытала Карына.

— Я не такі наіўны, каб верыць, што ёсць краіна, дзе жывуць адны ведзьмы,— няпэўна адказаў Граня.

— Ну, а папараць,— не здавалася Карына,— яна ж зацвіла! Ну і што? — паціснуў плячыма Граня.— А хто сказаў, што яна не павінна цвісці? Глядзі.— Граня працягнуў Карыне далонь, на якой ляжала жоўтая кветка,— калі верыць знахарцы, у Краіну Ведзьмаў мы павінны дайсці, як толькі гэтая кветка засохне. Па-твойму, яна сухая?

Карына падняла з зямлі сваю кветку, якую ўпусціла, калі падала.

— I праўда,— расчаравана сказала яна,— мая таксама не засохла.

— Ды пакуль яна засохне, пройдзе цэлы месяц! — махнуў здаровай рукой Граня.

— Раз мы пагадзіліся на гэтае падарожжа, то павінны ісці да канца,— упэўнена сказала Карына.

— Ды каб не ты, я ўжо немаведама дзе быў бы,— буркнуў Граня, незадаволены тым, што Карына паводзіць сябе так, быццам яна тут галоўная. I, павярнуўшыся да дзяўчынкі спіной, ён пайшоў па полі.