Выбрать главу

— Куды ты? — крыкнула наўздагон Карына.— У тым баку не поўдзень, а захад!

— Не,— спыніўшыся, пакруціў галавой Граня,— з табой, відаць, не вернется дадому і да канца канікулаў. Там поўдзень, а не захад!

I ён упэўнена пайшоў далей.

Карына паглядзела па баках: а можа, і праўда, Граня лепш запомніў накірунак? Яна схавала жоўтую кветку ў маленькую кішэньку і дагнала хлопчыка.

— А як цябе аднаго адпусцілі ў Краіну Ведзьмаў? — спытала Карына.

— Што я — дзяўчынка, каб у некага дазволу пытацца? — пагардліва сказаў Граня.

Карыне надакучылі яго насмешкі:

— Калі ты не верыш ні ў якія казачныя краіны, то чаго ж папёрся поначы ў лес?

Граня адказаў не адразу, нібы раздумваў, ці варта ўвогуле з дзяўчынкамі гаварыць на такія сур'ёзныя тэмы. Нарэшце неахвотна прамовіў:

— Калі вырасту, хачу стаць лётчыкам. А ў лётчыкі з хворай рукою не бяруць. Тут куды хочаш пойдзеш, абы толькі яна перастала балець.

Па дарозе Карына збірала блакітныя кветкі, каб пасля сплесці з іх вянок. Праўда, яны пачыналі ўжо вянуць — відаць, над гэтым полем даўно не ішоў дождж.

I вось, калі Карына ў чарговы раз нахілілася, каб папоўніць свой блакітны букецік, проста з-пад яе рукі выскачыла дзіўнае стварэнне — звер не звер, птушка не птушка.

— Ай! — спалохана ўсклікнула яно і завісла ў паветры. Але праз імгненне расцягнула свой рот у шырокай усмешцы і сказала:

— Прывітанне!

— Ты хто? — недаўменна спытала Карына.

— Сконі, сонечны заяц,— весела адрэкамендавалася дзіўнае стварэнне.— Прабачце, калі я вас напалохаў. Проста я спаў на кветках, а адна з іх раптам рванулася з-пад маёй галавы, і я ледзь не зваліўся на зямлю.

Сонечны заяц быў вельмі падобны на звычайных зайцоў, толькі зусім празрысты — як сонечныя зайчыкі, якіх пускаюць з дапамогай люстэрка.

— Скажы, калі ласка, а гэта часам не Краіна Ведзьмаў? — спытала Карына ў сонечнага зайца, калі крыху ачулася ад здзіўлення. Граня тым часам усё азіраўся па баках: ён ніяк не мог паверыць, што побач ніхто не хаваецца з люстэркам у руках.

— Не, гэта Краіна Сонечных Зайцоў,— адказаў Сконі. Ён быццам толькі цяпер убачыў кветкі, якія трымала Карына, і спалохана ўсклікнуў: — Што ты нарабіла! Нашто ты сарвала гэтыя кветкі?!

— А чаму іх нельга рваць? — здзівілася дзяўчынка.— Іх жа тут цэлае поле!

— Але ўсе яны належаць Белай Бароне! I калі яна ўбачыць, што ты... што ты... яна разлуецца і... і...

Карына не стала чакаць, пакуль Сконі замоўкне, паколькі гэта магло заняць шмат часу, і спытала:

— А хто яна такая, Белая Варона?

— О! — усклікнуў Сконі.— Белая Варона — цяперашняя Валадарка нашай краіны. Раней тут жылі толькі мы, сонечныя зайцы. Пакуль аднекуль не прыляцела яна і не аб'явіла, што цяпер будзе валадарыць нашай краінай.

— Не ўяўляю, як можна баяцца вароны,— насмешліва сказаў Граня.

— Што ты! — прыцішыў голас Сконі.— Белая Варона прыгразіла, што нашле сюды чорную хмару, калі мы не будзем яе слухацца.

— Падумаеш,— ухмыльнуўся Граня.

— Вы так баіцеся хмары? — спытала Карына.

— Яна закрые сонца, і нас не стане,— растлумачыў Сконі і цяжка ўздыхнуў.

— А хіба тут ніколі не бывае хмараў і не ідзе дождж? — пацікавілася Карына.

— Не,— сказаў сонечны заяц.— У нашай краіне і месяц свеціць амаль гэтак жа ярка, як і сонца, таму мы не ведаем, што такое цемра.

— Цяпер я разумею, чаму кветкі на гэтым полі такія вялыя — ім не хапае вады,— з жалем прамовіла Карына.

— I Белая Варона тое ж казала. Але ў нашай краіне няма ніводнай рэчкі. А Яе Вялікасць вельмі любіць свае кветкі — яна прынесла іх насенне з іншай краіны. I сказала, калі мы...

Аднак сонечны заяц не паспеў дагаварыць, як у небе з'явілася вялікая Белая Варона.

— А, папаліся, нягоднікі! — хрыпла закрычала яна і стала кружыцца над падарожнікамі, апускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй.

Сонечны заяц закалаціўся ад страху, ціха паўтараючы адно і тое ж: "Ой, што будзе! Ой, што будзе!"

Граня сачыў за Белай Варонай, разявіўшы рот, а Карына звярнулася да яе з усёй ветлівасцю, на якую была здатная:

— Прабачце, калі ласка, я не ведала, што гэта Вашы кветкі.

— Яна не ведала! — з'едліва пракрычала Белая Варона.— Вы толькі паслухайце: яна, аказваецца, не ведала! А можа, ты думала, што гэта твае кветкі?

— Не, вядома.

— Чаму ж ты тады паквапілася на чужое?!

Карыне так і хацела сказаць, што каму-каму, а варонам усё ж трэба было б памаўчаць пра "чужое", але як-ніяк над ёй кружылася ўладарка цэлай краіны, і дзяўчынка спакойна прамовіла: