Выбрать главу

Па прапанове Янкі Маўра мы паслалі кожнаму аўтару экземпляр кнігі з аўтографам — разумелі, што гэтую кнігу яны будуць берагчы і шанаваць як самую дарагую і каштоўную памяць. Кніга ўмомант знікла з прылаўкаў кнігарань. Яе добразычліва сустрэла крытыка — у газетах, у часопісах, з'явіліся станоўчыя рэцэнзіі. Кніга знайшла жывы водгук у сэрцах піянераў і школьнікаў. У школах, дзіцячых бібліятэках, дзіцячых дамах наладжваліся калектыўныя абмеркаванні кнігі з удзелам яе аўтараў.

Шырокая папулярнасць кнігі «Ніколі не забудзем» дала падставу Петрусю Броўку на адным са сходаў беларускіх пісьменнікаў заявіць, што яна стала нашай класікай, настольнай кнігай у шматмільённай арміі чытачоў Савецкай Беларусі.

Пераклад на рускую мову

У канцы 1948 года я выпадкова сустрэўся ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі з ленінградскім пісьменнікам Паўлам Кабзарэўскім. Ён працаваў тады ў Ленінградскім аддзяленні выдавецтва «Дзіцячая літаратура» і займаўся падборам і перакладам на рускую мову лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і новых кніжак для дзяцей, што выходзілі ў Мінску.

— А ведаеш, «Ніколі не забудзем» — выдатная кніга,— прыязна прамовіў ён і дадаў: — Мы думаем выдаць яе ў Ленінградзе.

— Дзякуй за прыемную навіну! — узрадаваўся я.— I хто будзе перакладаць яе на рускую мову?

— Кніга запланавана да выдання ў наступным годзе,— ахвотна адказаў ён.— А перакладаць буду я сам.

I вось у канцы 1949 года кніга «Ніколі не забудзем» з'явілася на рускай мове.

Збылася мара народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — кніга стала здабыткам юных чытачоў нашай неабсяжнай Савецкай краіны. 

Пераклічка юначых сэрцаў

У хуткім часе паміж школьнікамі нашай краіны і аўтарамі кнігі завязалася актыўная перапіска. Гэтаму спрыяла адна акалічнасць.

Пры выданні зборніка на роднай мове мы, каб надаць яму большую дакументальнасць, паставілі пад кожным расказам не толькі імя, прозвішча і год нараджэння аўтара, але і яго хатні адрас. Мы, вядома, і не падазравалі, якую ролю адыграюць гэтыя звесткі. А яны з'явіліся тымі нябачнымі ніцямі, што звязалі чытачоў з аўтарамі. Піянеры і школьнікі Савецкага Саюза пісалі сваім беларускім равеснікам пра тое вялікае ўражанне, якое зрабіла на іх кніга. Пра размах гэтай перапіскі сведчаць наступныя прыклады.

Іна Краснапёрка, аўтар апавядання «Восем сутак», штодзённа атрымлівала па 4-5 пісьмаў з розных гарадоў і вёсак Савецкай краіны. I бацькі з гордасцю называлі яе «наш дэпутат».

А вось і яшчэ такі факт. Вася Саульчанка, бацькі якога загінулі ў вайну, скончыў сямігодку і паступіў вучыцца ў Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум. На выхадныя дні і на летнія канікулы прыязджаў у дзіцячы дом.

— Вася, я чула, што табе дзеці адусюль пішуць пісьмы, цікавяцца тваім лёсам,— сказала яму аднойчы дырэктар дзіцячага дома.— Даў бы ты мне пачытаць хоць адно пісьмо.

— Добра, як буду ехаць наступны раз, прывязу,— адказаў хлопец.

У чарговы выхадны Вася прыехаў з чамаданам у руцэ. Дырэктар здзівілася:

— Вася, чаму ты з чамаданам? Што здарылася?

— Нічога не здарылася... Вы ж прасілі даць пачытаць пісьмы, якія я атрымліваю. Вось я і прывёз іх,— і хлопец адкрыў чамадан. Ён быў поўны пісьмаў.

Каб мець уяўленне, што пісалі аўтарам кнігі юныя карэспандэнты, прывяду вытрымкі з некаторых пісьмаў, якія былі надрукаваны ў другім выданні кнігі ў 1951 годзе.

«Мілая Іна! Чытаючы гэтую цяжкую, але праўдзівую кнігу, мы шмат чаго даведаліся аб гераізме беларускіх піянераў,— пісалі аўтару расказа «Восем сутак» Іне Краснапёрцы школьніцы Таня Канаева і Галя Сяргеева з горада Арэхава-Зуева Маскоўскай вобласці.— Мы разумеем, як страшна было вам, маленькім дзяўчынкам, блукаць па лесе адным. Але мы ганарымся і захапляемся табою і тваімі сяброўкамі: вы смела і мужна адказвалі гэтым праклятым звярам, стойка пераносілі ўсе жахі вайны».

Галя Уварава з горада Магадана напісала Зоі Васілеўскай, гераіні расказаў «У няволі» і «Каля возера»:

«Гэтую кнігу мы чыталі на зборах звенняў і атрадаў, калектыўна абмяркоўвалі яе. Кніга вельмі зацікавіла нас, асабліва піянераў майго атрада. Многія нашы рабяты хочудь быць падобнымі на цябе і тваіх таварышаў па барацьбе».

А вось што пісалі вучаніцы 7-й сярэдняй школы горада Данецка Украінскай ССР Ніна Громава і Валя Машута Васю Саульчанку: