Выбрать главу

Машыны імчацца да яго. Ён цэліцца, выбірае момант, націскае спуск — і ўсё навокал затрашчала, загуло, закруцілася... Немцы з крыкам «партызант!» выскокваюць з машын, залягаюць каля дарогі. Ягоныя кулі косяць іх. Загарэлася адна машына, другая. Немцы страляюць хто куды і усёй сваёй зброі. За кожным кустом ім здаюцца грозныя партызаны. Афіцэры мітусяцца, камандуюць. Вось наперадзе заўважылі партызанскі кулямёт і накіравалі туды галоўны агонь. Але не забываюць яны і лес, паляць направа і налева.

А хлопчыка ўжо раніла адзін раз, другі... Ён аб гэтым не думае, а ўсё страляе і страляе... Раніла трэці, чацвёрты, пяты раз... ён, сцяўшы зубы, страляе... Яму нават лёгка і радасна робіцца, калі ён бачыць, як ад яго рукі паміраюць ворагі, гараць машыны.

Нямецкае камандаванне загадвае ў першую чаргу ўзяць гэты партызанскі апорны пункт. Адна група немцаў ідзе ў абход з правага фланга, другая — з левага. Спецыяльныя сілы вылучаны прыкрываць іх ад лесу, з тылу. Справа ідзе аб лёсе ўсяго нямецкага атрада. Трэба, чаго б гэта ні каштавала, прарвацца.

Раптам кулямёт сціх. Прыціхлі і немцы. Стаіліся, наставілі свае кулямёты і аўтаматы на лес і чакаюць, адкуль пачнуцца новыя стрэлы. Але ніякіх стрэлаў больш няма. Перадавыя часці тым часам наблізіліся да прыціхлага партызанскага кулямётнага гнязда.

I знайшлі там аднаго-адзінага раненага хлопчыка...

Дык вось з кім яны ваявалі па ўсіх правілах нямецкай ваеннай навукі! Дык вось каго яны «перамаглі» пасля цяжкай і ўпартай бойкі! Нават хлопчык гэты, як відаць, не партызанскі, бо каму магло б прыйсці ў галаву пасылаць яго аднаго з кулямётам у засаду. I партызанскім разведчыкам нельга яго лічыць, бо які ж гэта разведчык — хлапчук з цяжкім нязграбным кулямётам? Немцы бачылі перад сабой аднаго з тых мільёнаў дзяцей, якія нарадзіліся і выгадаваліся на савецкай зямлі. I, відаць, адчулі перад ім страх, бо чаго ж тады было ім яшчэ далей «змагацца» з раненым дзіцем? Мусіць, не адзін з немцаў у гэтую хвіліну з жахам падумаў: «Што нас чакае ў гэтай краіне, калі ўсур'ёз прыходзіцца ваяваць нават з такімі дзецьмі?..»

...З вялікай любасцю і жалем глядзелі мы на невядомага маленькага героя. З пашанай пахавалі яго ў «кулямётным гняздзе». Дружны, шчыры ваенны салют рэхам пакаціўся па лесе.

Мы пайшлі сваёй дарогай.

Хто ён, маленькі герой?

Пазней мы недзе чулі, што гэта сын ляснічага, што з ім нібы быў яшчэ яго васьмігадовы брат, якога ён адаслаў ці дадому, ці кудысьці з данясеннем... Аперацыі і баі закінулі нас далёка ад тых месц і на некаторы час засланілі ў памяці гэты эпізод. А калі я ўспамінаю аб ім цяпер, то адчуваю, што ён — адзін з самых значных здарэнняў нашага партызанскага жыцця.

Н. А. БАРЫСЕВІЧ,

студэнт БДУ.

НЕЗАБЫЎНАЕ

Калі пачалася вайна, мой бацька пайшоў на фронт, маці, сястра Ніна і я засталіся дома. У нашай вёсцы не было немцаў, яны прыязджалі толькі для таго, каб набраць хлеба, масла, сала і іншых прадуктаў. Яны спачатку выбралі з нашай вёскі і амаль усе пажыткі, а потым пачалі забіраць і вывозіць у Германію здаровых людзей.

К гэтаму часу ў раёне арганізаваліся партызанскія атрады. Усе, хто мог змагацца, пайшлі ў лес. Нямала фашыстаў палягло на тэрыторыі нашага сельсавета ад партызанскіх куль.

У 1943 годзе Чырвоная Армія пагнала немцаў на захад і вызваліла частку нашага раёна. Насельніцтва старалася перайсці за лінію фронту. Жыхары вёскі, у тым ліку і наша сям'я, не паспелі зрабіць гэтага. Каб не трапіць у рукі да немцаў, якія зрабіліся асабліва злосныя і бесчалавечныя, мы выехалі ў лес. Выкапалі сабе акопы, замаскіравалі іх і сталі жыць. Дабро, якое засталося ў нас, схавалі ў вёсцы. Ноччу паціху хадзілі ці ездзілі туды, бралі і пакрысе перапраўлялі ў лес. Гэта працягвалася датуль, пакуль немцы не спалілі вёску.

Жыць у акопе было дрэнна: сыра, брудна. Хутка ўсе мы захварэлі на тыф, за выключэннем майго дзядзькі Якава. Ён і даглядаў нас. Калі мы паправіліся, захварэў дзядзька. Крыху паляжаў і памёр у лютым месяцы.

Даведаўшыся, што людзі жывуць у лесе, немцы пачалі рабіць на іх аблавы. Злоўленых яны гналі ў канцлагер або на пабудову Змітраўскага моста, які раней быў узарваны партызанамі. Мы толькі ноччу знаходзіліся ў акопе, а днём забіраліся ў лясны гушчар і праседжвалі пад кустом дацямна.