Выбрать главу

— Жэня, чаго ты тут сядзіш?

— Вы ранены, і я даглядаю вас.

— А як ты трапіў сюды?

Я расказаў.

— А маці ведае пра гэта?

— Ведае. Яна сама паслала мяне, каб я занёс вам цукру і малака.

Камандзіру цяжка было гаварыць, ём часта моршчыўся і змаўкаў. Я разумеў гэта і прапанаваў выпіць малака. Ён згадзіўся. Я зняў з печкі кубак і падаў яму. Ён выпіў і спытаў, ці дома бацька. Я сказаў, што ён арыштаваны і сядзіць у бабруйскім канцлагеры. Філіпскіх цяжка уздыхнуў і сказаў:

— Ідзі дамоў і дапамагай маме.

...У наступную ноч я зноў прыйшоў у зямлянку. Камандзір на той час спаў, і я стаў чакаць. Калі ён прачнуўся, я падышоў да яго і сказаў:

— Мама прыслала вам мёду, масла і яек. Яна казала, каб вы пілі мёд з малаком. Гэта вам дужа карысна будзе.

— Я ўжо і пітво падрыхтаваў,— абазваўся Мальцаў, падаючы шклянку з жаўтаватай вадкасцю. Філіпскіх выпіў, усміхнуўся і весела сказаў:

— Адразу палепшала...

Мне прыемна і радасна было чуць гэтыя словы. Я ўпэўніўся, што Філіпскіх будзе жыць.

Калі я вярнуўся дадому, то ў хаце застаў бацьку. Глядзеў і не верыў сваім вачам. Худы, зарослы валасамі, нямыты, ён выглядаў старэй сваіх гадоў. Бацька расказаў, як яму жылося ў канцлагеры, як ён уцёк адтуль. Хоць бацька прыйшоў дахаты незаўважаны, але заставацца ў вёсцы яму было небяспечна. У тую ж ноч ён пайшоў у партызанскі атрад.

Праз некалькі дзён Філіпскіх пераправілі на другі бок ракі Свіслач, у лес, пад вёску Балочча. Там яго ўжо лячыў бацька, а я па-ранейшаму дастаўляў медыкаменты і харчы.

Прайшло яшчэ крыху часу, і Філіпскіх зусім паправіўся. Аднойчы ён з двума партызанамі заехаў да нас.

— Хопіць вам тут быць,— звярнуўся ён да мамы.— А то немцы як дазнаюцца, што бацька ўцёк, закатуюць.— А мне ён сказаў:

— Ну, Жэня, шчыра дзякую, што ты даглядаў мяне. Я ўсё жыццё буду памятаць твой учынак.

I ён даў мне на памяць невялікую прыгожую фінку. Гэта быў самы дарагі для мяне падарунак. Праз дзень я і мама былі ў атрадзе. За дапамогу, якую я аказаў у выратаванні Філіпскіх, мяне ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі».

ЖЭНЯ БАЕШКА (1932 г.) 

г/п Мар'іна Горка, Мінская вобласць.

БАМБЁЖКА ВЁСКІ

У адну марозную лютаўскую раніцу 1943 года ў паветры пачуўся гул самалёта, і над нашай вёскай з'явіўся нямецкі бамбардзіроўшчык. Ён з ходу абстраляў вёску кулямётным агнём і запаліў суседскую пуню.

Налёт варожага бамбардзіроўшчыка застаў мяне ў хаце. Пачуўшы гул самалёта, я падбег да акна і ўбачыў, што ён разварачваецца.

Над вёскай і раней часта праляталі нямецкія самалёты, але ішлі яны заўсёды высока і ніякіх разваротаў не рабілі. А гэты ляцеў нізка.

«Няўжо бамбіць будзе?» — падумаў я і не паспеў выказаць сваю думку маме, як раптам пачуўся сухі трэск кулямётнай чаргі. Мама разгубілася і не ведала, што рабіць. Сашчапіўшы рукі, яна нерухома стаяла на месцы.

— Гарыць Гарасімава пуня. Ратуйце што-небудзь з хатніх рэчаў! — крыкнуў я.

Мой крык вывеў маму з аслупянення. Разам з сястрой яна пачала выкідаць на двор у снег адзенне, пасуду і іншыя рэчы.

Я хуценька адшукаў свае боты і пачаў нацягваць на ногі. Абуўшыся, зноў глянуў у акно. З'явіліся яшчэ чатыры самалёты, і вёска задрыжала ад разрываў бомбаў.

Уся наша сям'я пападала на падлогу. На двары рваліся бомбы, дзынкалі кулі. Мы ляжалі моўчкі, кожны думаючы пра сваё. Я думаў аб тым, як выйсці з хаты. Нас — пяць чалавек, і выбягаць усім разам рызыкоўна было: кулямёты білі не сціхаючы. Я сказаў:

— Мама, нам трэба ўцякаць у лес...

— Страшна ж выходзіць на двор. Тут хоць ад асколкаў зацішней,— адказала яна.

Я не пярэчыў, і мы засталіся ў хаце. Я ляжаў і прыслухоўваўся. Вось чую — набліжаецца фашысцкі самалёт, вось ён праляцеў над хатай і даў доўгую чаргу з кулямёта. Разрыўная куля трапіла ў акно. На падлогу пасыпалася шкло...

Адзін за адным праходзілі бамбардзіроўшчыкі, сыплючы на зямлю смертаносны град. «Няўжо ўсе ў вёсцы таксама ляжаць па хатах і чакаюць, пакуль на іх зваліцца бомба?» — думаў я. Мне хацелася бегчы ў лес, які цяпер здаваўся адзіным паратункам ад смерці.

Думкі мае былі абарваны аглушальным разрывам, ад якога пасыпалася шкло з астатніх шыбаў. Праз дзіравыя вокны ў хату папоўз пах дыму. Пачуўшы яго, мы парашылі, што загарэлася хата. Выбеглі на двор і пападалі ў снег. Ляжалі нядоўга. Мама загадала мне і васьмігадоваму браціку Васю бегчы ў лес. Як толькі самалёты пранесліся над намі, я і Вася падхапіліся і рушылі на вуліцу.

Тут я ўбачыў страшны малюнак, які застагнецца ў маёй памяці на ўсё жыццё. Я не пазнаў родай вёскі, у якой пражыў дзесяць год. Мора агню бушавала навокал. Полымя страшным змеем гуляла па хаце дзядзькі Гарасіма. Густы дым з тысячамі іскраў узнімаўся высока ўгору. Трашчала салома. Чуючы пажар, раўла скаціна. У некаторых хлявах, што былі запалены ў пачатку налёту, гарэлі каровы, бо іх не паспелі выпусціць на двор. А ў паветры кружыліся фашысцкія сцярвятнікі, сыплючы на зямлю кулі і бомбы. На вуліцы і ў агародзе віднеліся чорныя плямы варонак.