Выбрать главу

Мне зрабілася страшна, і, схапіўшы браціка за руку, я кінуўся ў бок лесу.

Бегчы было вельмі цяжка. Дым і гарачае паветра выядалі вочы, дыханне спірала. Недалека ад нас ірваліся бомбы, абсыпаючы снегам; то там, то сям успыхвалі жоўтыя агеньчыкі запальных куль. Мы падалі, закопваліся ў снег, уздымаліся, беглі і зноў падалі. На сярэдзіне вёскі мы мо ў дзесяты раз вымушаны былі ўпасці. Паблізу пачуўся рэзкі свіст, тады раздаўся выбух, і нас засыпала тоўстым пластом снегу. Выкарабкаўшыся, мы кінуліся далей. Цяпер беглі з усіх сіл, нягледзячы ні на кулі, ні на бомбы, ні на глыбокі снег. Калі мы дамчаліся да ўзлеску і селі адпачыць, то я ўбачыў, што ў Васі адна нага босая.

— Дзе твой валёнак? — спытаў я.

— Ён застаўся там, дзе нас засыпала снегам,— адказаў Вася.

Нага брацікава пабялела, і я баяўся, каб яна не замерзла зусім. Выхаду не было — патрэбна ісці па валёнак. Я скінуў вопратку, укруціў ёю Васіну нагу, а сам перабежкамі накіраваўся ў вёску. Пакуль збегаў і вярнуўся назад, мяне яшчэ два разы засыпала снегам.

Я расцёр брацікаву нагу снегам і надзеў валёнак. Пасля гэтага мы пабеглі ў глыб лесу. Тут неўзабаве натрапілі на жыхароў нашай вёскі. Гэта былі жанчыны і дзеці. Убачыўшы сваіх, крыху супакоіліся.

Дзеці не маглі стрымацца ад плачу. Адны ўсхліпвалі ад сцюжы, у другіх балелі памерзлыя рукі ці ногі, трэція хацелі есці. Жанчыны супакойвалі малых, цяжка ўздыхалі і слалі праклёны немцам. У гэтай грамадзе мы прабылі да вечара.

Ужо добра сцямнела, калі я і брацік вярнуліся дамоў. Мама была ў хаце, і гэта прынесла нам вялікую радасць.

Разам з намі да нас прыйшлі суседзі, хаты якіх згарэлі ад бамбёжкі. Вопратка на ўсіх нас была мокрая, і мы дрыжалі ад холаду. Мама хутчэй запаліла ў печы, і ўсе пачалі сушыцца і грэцца.

Калі мы былі ў лесе, немцы зрабілі яшчэ два налёты. У кожным налёце ўдзельнічала па пяць самалётаў.

Аднак ворагу не ўдалося знішчыць жыхароў нашай вёскі. Праўда, немцы спалілі тры хаты, пяць хлявоў і дзесяць гумнаў, ранілі цётку Вольку і цётку Параску. Але цётак хутка вылечылі партызанскія дактары, а вёску калгаснікі пакляліся адбудаваць і зрабіць яшчэ прыгажэйшай.

КОЛЯ ТОНКАВІЧ (1933 г.)

Лагойскі раён, в. Дашкі.

ВЫЗВАЛЕННЕ БРАТА

Нам хочацца расказаць пра выпадак, які быў у часы Вялікай Айчыннай вайны.

У нашай вёсцы стаялі немцы. У хаце Алесевага бацькі размяшчаўся іхні штаб. У штабе жыў камендант са сваім перакладчыкам. Мы часта хадзілі да іх купляць цыгарэты для старэйшых.

Аднойчы я і Алесь узялі тры яйкі і пайшлі ў штаб.

— Чаго вы прыйшлі? — спытаў камендант, які добра размаўляў па-руску.

Мы паказалі яму яйкі. Камендант усміхнуўся і, узяўшы яйкі, даў нам тры цыгарэты. Мы хацелі ўжо ісці, як раптам камендант зрабіў знак пачакаць. Ён падышоў да печы, узяў пілу і вярнуўся да нас. Мы пераглянуліся: дык вось нашто мы патрэбны яму? «Трасцу, працаваць мы на вас не будзем!» — падумаў я. I, нібы згаварыўшыся, кінуліся наўцёкі. Камендант выскачыў з хаты, выхапіў рэвальвер і пачаў страляць. Але мы не звярнулі ўвагі на гэта і з усіх ног імчаліся дамоў.

Хутка да нашага двара падышоў мой брат і з ім немец. Як потым мы даведаліся, камендант прымусіў яго завесці і паказаць, дзе жывуць тыя непаслухмяныя хлапцы. Заўважыўшы немца, мы пабеглі ў сенцы хавацца. Фрыц убачыў нас і пачаў грозна крычаць, каб мы вярнуліся назад. Мы перапалохаліся і кінуліся з сянец, але выскачыць не паспелі. Немец схапіў нас за рукі і павалок да каменданта. Мы ўпіраліся і не хацелі ісці, бо ведалі, што чакае нас, калі мы трапім у яго рукі. Немец узлаваўся і ўдарыў мяне прыкладам, а Алеся — ботам у спіну. Мы заенчылі так, быццам нас рэзалі, вырваліся ў яго з рук і кінуліся ўцякаць у лес, які сінеў недалёка. Салдат схапіў вінтоўку і стаў страляць па нас. Куля трапіла Алесю крыху ніжэй калена, але ён не звярнуў увагі на боль і бег за мною.

У лесе мы спыніліся і, пераканаўшыся, што пагоні няма, селі пад густую купчастую яліну.

— Як твая рана, баліць? — спытаў я ў сябра.

— Баліць,— адказаў Алесь моршчачыся.

Я разарваў сваю кашулю і перавязаў яму нагу. Потым, адпачыўшы крыху, параіліся паміж сабою і пайшлі ў суседнюю вёску, да маёй цёткі. У яе мы пражылі больш двух тыдняў.