Выбрать главу

Прыгналі нас у спаленую вёску. Яна навокал была абнесена калючым дротам. Па краях стаялі вышкі. На іх знаходзіліся нямецкія вартавыя, якія пільна сачылі, каб ніхто не ўцёк. Размясціліся на снезе, будынкаў ніякіх не было. Зварыць страву таксама не было дзе. Людзі курчыліся ад холаду, вохкалі і плакалі.

Сястру Кацю мучыў тыф. Яна кідалася, станала. Маці пайшла шукаць больш зацішнае месца. Каля аднаго хлява яна знайшла кучу гною. Мы хутчэй узяліся раскопваць яго. На дне ён быў цёплы, і з яго ішла пара. Разаслалі коўдру, палажылі сястру і яе двое маленькіх дзетак і прыкрылі зверху лахманом.

Тры дні пратрымалі нас пад адкрытым небам. На чацвёрты дзень зноў загадалі збірацца. Пехатой пагналі далей. У дарозе прыйшлося наглядаць шмат жудасных малюнкаў. Вось ідзе маладая жанчына з дзіцем, а побач з ёю бабуля. Немцы дзіця перадалі бабулі, а матку забралі. Другая маці не хацела аддаць дзіця, яго тут жа забілі. Былі і такія выпадкі. Калі жанчына знясільвалася і садзілася адпачыць, то пракляты фрыц забіваў яе, а дзіця кідаў на абочыну дарогі ў снег. Мы раз бачылі, як вароны дзяўблі вочы ў такога, яшчэ жывога дзіцяці.

Я змарыўся і ледзь ішоў. Даволі было трохі адстаць, як канваір цкаваў сабакам. Сабака рваў на мне вопратку і кусаў за ногі. Акрамя таго, мяне некалькі разоў білі палкамі. Я думаў, што выб'юся з сілы, упаду і тады мяне скінуць з дарогі на страшную смерць. Але я ўсё-такі дацёгся да астаноўкі.

Нас загналі ў балота, за калючую агарожу. Тут было таксама, як і на першым месцы: валяліся розныя рэчы і забітыя людзі. Прабылі мы тут нядоўга. Адсюль нас павезлі далей на машынах. Нідзе не відаць было ні жыхароў, ні вёсак.

Нам загадалі злазіць. Каця ўжо зусім не магла ісці. У яе быў вялікі жар. Яна гаварыла абы-што. Разам з другімі хворымі немцы пакінулі яе з дзецьмі, а нас пагналі далей пешшу.

Дваццаць пяць кіламетраў брылі мы галодныя і халодныя. Многія падалі і не ўставалі. Ноччу прыгналі ў лес. Мы паселі на зямлю.

— Мы-то прыйшлі, а што сталася з Кацяй? — казала мама плачучы. Мы маўчалі — усім было шкада сястру.

Ноччу нехта падабраў і прывёз у лагер Кацю з дзеткамі. Мы вельмі ўзрадаваліся, калі ўбачылі яе. Яна ледзь трымалася на нагах — хвароба яе была ў разгары. Збудавалі маленькі буданчык і палажылі ў ім сястру з дзецьмі. Самі ляглі каля будана. Мы так стаміліся, што, нягледзячы на холад, хутка заснулі.

Раніцой я прачнуўся і не мог узняцца: нас прысыпаў снег. Сяк-так выбраўся. Вылезлі і астатнія.

— Збегай, сынок, пашукай сухога галля. Распалім агонь і пагрэемся,— сказала мама.

Я пусціўся ў пошукі. Іду і бачу — там ляжаць двое адубянелых людзей, там чацвёра. Як ляглі адпачыць, так і не падняліся. Шмат людзей замерзла ў гэтую сцюдзёную ноч.

Але пагрэцца нам не давялося. Немцы не дазволілі распальваць вогнішчы. Адну цётку, якая расклала агеньчык, немец закалоў штыком. Па другіх «самавольшчыках» стралялі з аўтаматаў. У многіх не было цёплай вопраткі, стаптаўся абутак. У іх адмярзалі рукі, ногі, вушы.

Пацягнуліся дні цяжкай няволі. Нечуваныя пакуты і здзекі прыйшлося перажыць нам.

Іншы раз немцы строілі нас у шарэнгу і праз агарожу кідалі хлеб. Людзі хапалі яго. Каму ўдавалася, у таго стралялі. Часта рабілі і так. Калі людзі ўлягуцца спаць, немцы наставяць мін, а на міны накладуць хлеба. Як толькі хто падыходзіў да хлеба і хацеў узяць, міна ўзрывалася, і чалавек узлятаў угору.

Людзі мерлі як мухі. Іх выкідвалі ў канавы ці ямы.

Аднойчы пад вечар немцы забегалі каля дротавай загарадкі. У іх быў спалоханы выгляд. Потым па лагеры прайшлі нямецкія сувязісты, якія зматвалі кабель. Па ўсім відаць было, што яны збіраюцца адступаць.

Ноччу мы заснулі, а ўранні глядзім — нідзе ніводнага немца. Усе адразу кінуліся на другі бок набраць дроў. Але дарога была замініравана. Некалькі чалавек узарвалася на мінах.

У поўдзень у лагер прыйшлі пяць нашых разведчыкаў. Колькі было радасці, калі мы ўбачылі сваіх воінаў-вызваліцеляў! Людзі абдымалі іх і цалавалі.

Разведчыкі агледзелі агарожу і сказалі: нікому не выходзіць, таму што ўсё наўкола замініравана.

Праз некаторы час прыйшоў узвод мінёраў і размініраваў дарогі і лагер. Мінёры сказалі таксама, што павінны прыйсці машыны. Але людзі не чакалі машын і разыходзіліся хто куды. Кожнаму хацелася хутчэй дабрацца да сваіх. Тыя, што не маглі ісці, засталіся. Такіх набралася вельмі шмат. У азарыцкім лагеры смерці знаходзілася некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Тых, хто застаўся, размеркавалі па вёсках. Нам выдалі ваенны паёк: сухары, кансервы, цукар, тлушчы. Праз некалькі дзён адправілі па сваіх раёнах, і мы зноў вярнуліся дадому — толькі не ўсе.